ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Даўным-даўно гэта ўсё адбылося, хто яго ведае, колькі стагоддзяў назад. Некалі жыў тут вельмі багаты пан. Чаго ў яго толькі не хапала – усё было. Але жорсткі быў надзіва. Катаваў без дай прычыны і кідаў у камяніцу.
Ад аднаго згадвання пра тую камяніцу нават самых лютых панскіх служак трэсла. Справа ў тым, што гэта была даволі вялікая высокая каменная будыніна з аднымі толькі дзвярмі – шырачэзнымі, таўшчэразнымі, дубовымі. Кідалі туды людзей, якія нечым правініліся перад лютым панам. І што самае галоўнае – кідалі і мёртвых, і жывых. І ляжалі там і шкілеты, і жывыя ўперамежку. А колькі чалавек без хлеба, без вады мог вытрымаць, ды яшчэ ў такім смуродзе? Вось і атрымлівалася, што селяніна ці сялянку хавалі жывымі. Іх не закопвалі, не забівалі, а запіхвалі похапкам за тыя дзверы і ўсё, на гэтам жыццё няшчаснай ахвяры заканчвалася, далей ішлі дзікія пакуты. Казалі, што калі нехта асмельваўся прайсці непадёку ад той камяніцы, то адразу ж станавіўся белым, нібыты ягоную галаву хто мукой абсыпаў.
А той люты пан меў у сваім падпарадкаванні не адну вёску, а дзесяткі, таму крыкі з той жахлівай будыніны не заціхалі не на хвіліну.
Аднаго разу прачнуўся памешчык у дурным настроі. Слугі гэта ведалі, таму і стараліся быць непадалёку, каб паспець на крык, і разам з тым хаваліся, каб не трапіць часам на вочы. Памешчык жа спачатку злосць зганяў на сабаках, якіх трымаў у пакоях з добры дзесятак, а потым чапляўся да пародзістых катоў. Неўзабаве чулася:
— Слугі! У камяніцу яго!
Тыя паляцелі да гаспадара і ўбачылі, што той трымае на выцянутай руцэ здаравеннага пушыстага ката. Слугі нічога не зразумелі.
— Я яго за хвост пацянуў, а ён мяне за руку! – зароў яшчэ грамчэй памешчык. – Няма яму месца ў пакоях! У камяніцу яго!
Паперлі таго ката, радуючыся, што ўсё так добра абышлося і ніхто кухтыля не атрымаў.
У той жа дзень стварыўся яшчэ адзін трагічны выпадак. Здавалася, і пан ужо супакоіўся, нічога бяды не прадвяшчала, але ўсё ж знайшоў, да каго прычапіцца.
З нейкай вёскі, якраз праз гэтую мясцовасць, ішоў стары жабрак з хлопчыкам-павадыром. Не спяшаліся, бо не было куды. Сваёй хаціны не мелі, а добрыя людзі ў любы момант пускалі пагрэцца ды пераначаваць. Быў у іх кавалачак хлеба ў торбачцы, і за той яны дзякавалі Усявышняму: не прызвычаліся да багацця ды прысмакаў.
— Мясцовасць як мясцовасць – такі ж лес, такая ж зямля…
— І зямля, і лес такія, як усюды, але нешта ўсё роўна тут не так.
— Чаму?
— Колькі дзён мы ўжо ідзём, а ніводнай песні не пачулі…
— Сапраўды, – ускінуўся і стары, – я гэта не заўважыў, а ты прыкмеціў…
— Бо дзіўна…
— Прайдзём далей. Калі сустрэнем людзей, то і распытаем, а можа, і самі здагадаемся.
Ідуць яны далей. Наткнуліся на нейкага селяніна – такога змарнелага, страшнага, што і глядзець на яго боязна. Тут дзедка не ўтрываў і пытаецца:
— Што гэта ў вас робіцца? Ні песень не чуваць, ні музыкі…
— Цішэй, цішэй, – замахаў той рукамі. – Якія тут песні, родненькія, якая музыка? Тут каб да вечара дажыць, каб не прычапіўся ніхто, а то завалакуць у камяніцу, а адтуль ужо нікому дарогі назад няма…
— У камяніцу? – перапытаў хлопчык. – А што гэта такое?
— Не дай божа табе, малы, гэта ведаць. Будзеце ісці, то самі пачуеце. Але лепей абыдзіце наўвокал нашы мясціны, мала што можа здарыцца…
— Ды жабруем жа мы, а не рабуем, – запярэчыў стары.
Толькі і селянін не паддаўся:
— Нашаму пану няма розніцы, абы прычапіцца.
— Што ён з нас возьме?
— Ну, глядзіце, я вас папярэдзіў…
Разышліся яны ў розныя бакі. Жабрак з хлапчуком не паслухаліся добрай парады і пакіравалі напрасткі, што іх і згубіла. Недзе праз вярсту выскачылі перад імі два здаравенныя панскія паслугачы і загарланілі:
— Чаго па панскай зямлі ходзіце?
Хлапчук прытуліўся да дзедавага плечука.
— Мы ж толькі ідзем, болей нічога не робім, пясок нагамі месім… Што, і гэта не дазваляецца?
— Не!
Падарожныя збіраліся павярнуць назад, але слугі заламалі ім рукі:
— То хоць хлопчыка адпусціце…
Злітаваліся слугі, адпусцілі павадыра, і пабег той, паслухаўшыся дзедавай парады, далей ад гэтага месца. Старога ж прывялі ў палац, і гаспадар загадаў спачатку катаваць яго, а потым кінуць у камяніцу. Слугі так і зрабілі. Але ноччу, калі прапелі трэція пеўні, развярнулася зямля і паглынула ўсё навокал: і палац багаты, і камяніцу, дзе пакутвалі людзі. Да нашага часу толькі адна назва і дайшла – Камяніца.