ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Жыў у старажытныя часы ў гэтых мясцінах дзед Ілька. Усё жыццё пасвіў кароў. Памочнікаў сабе шмат вырасціў. Каб не было сумна, рознымі гісторыямі іх забаўляў. А тыя, разінуўшы раты, слухалі.
Асабліва падабаўся малым сказ аб дамавых. Яны, як людзі, але толькі чорныя, валасатыя. Жыць дамавічок мог у печцы, пад печкай, пад падлогай, у хляву, свіране – у любым месцы. Хлеўнікам яшчэ звалі, бо любіў месцы, дзе жывёла стаяла. Гаспадары паважалі дамавічка, не крыўдзілі, бо ён мог к іншым перайсці, забраўшы з сабою шчасце. Ды і помсціў потым крыўдзіцелю – насылаў пажар, біў посуд. А чалавеку – хоць кладзіся і памірай.
Гаспадарыў госць у асноўным ноччу. Днём адсыпаўся. У цёмны час сачыў за гаспадарамі і іх дзецьмі, за характарамі гаспадароў.
Калі жонка сварлівая, то мужу – гора. Днём працаваў, выслухваў папрокі, а ноччу то спаць не давала, крычала не сваім голасам, вісчала, на дапамогу клікала, бо дамавічок помсціў ёй: навальваўся на грудзі, жанчына задыхалася, а хто гэта рабіў – не бачыла.
I аб радасці ў доме паведамляў дамавічок ноччу: радасна крычаў, скакаў па лаўках і паліцах, гаспадар здагадваўся, што наперадзе яго чакае штосьці прыемнае. Таму з дамавічком патрэбна было жыць абавязкова ў згодзе, бо калі не зробіш тое, што рабілі продкі, ён стане рабіць наадварот – і шчасцю не бываць.
Вось такі расказ дзеда Ількі дайшоў да нас. Калі ён памёр, засталіся сыны і ўнукі – Ількавічы, а тое месца, дзе яны жыць сталі, так і назвалі – Ількавічы.