ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Некалі даўным–даўно на месцы цяперашняй вёскі быў лес. Потым гэты лес раскарчавалі, утварылася поле. За гэтым полем паставілі хату. Калі хто ішоў да гэтай хаты, то гаварыў: “Пайду за поле”. Потым сталі будаваць хаты больш людзей. Вось так і утварылася вёска Заполле. Была і крынічка з жывой вадой і каля вескі Заполле.


Вось што апавядае легенда.
Калісці вельмі даўно, недалёка ад вёскі Заполле, была прыгожая паляна, якая расцілалася між лесу. Злева ад вёскі Бахані гіганты-дубы заклікалі адпачыць у засенні сваіх кронаў. Справа – прыгажуні-рабіны ўперамешку з беластволымі бярозамі напеўна выводзілі свае мелодыі. У канцы паляны рос густы арэшнік.
Мясцовасць была надзвычай маляўнічай, і таму, менавіта тут з даўніх пор заўсёды распальвалі на Купалле вогнішча і ладзілі народныя гулянні.
Вось гэты куточак і аблюбавалі сабе качэўнікі-цыгане. Яны раскінулі свае тут шатры і прывабілі мясцовую моладзь прыгожай вопраткай, чароўнымі песнямі і танцамі ля кастра. Так сталася, што малады цыган Юстын вельмі упадабаў мясцовую дзяўчыну Марылю. Яна была беднага роду, але вельмі прыгожая. Марыля горача пакахала Юстына. Ды цыганскі звычай не дазваляў уступіць ім у шлюб.
Закаханыя мелі тайныя сустрэчы. Бацькі Марылі былі супраць іх. Яны замыкалі Марылю ў тёмнай каморы, а потым вырашылі аддаць замуж за старога ўдаўца. Ён,праўда,быў не прыгожы, ды затое вельмі багаты.
У ноч перад вяселлем Марылі, яе маці пракляла Юстына і ўвесь яго род, сказаўшы: “Каб усе вы праваліліся скрозь зямлю”.
І вось на месцы паляны ўтварылася страшэнная прорва, якая паглынула коней, кібіткі, цыган і іх шатры. А Марылю ўжо рыхтавалі да вянца. Даведаўшыся аб жахлівым няшчасці, выкліканым матчыным праклёнам, Марыля ў шлюбным уборы ўцякла з бацькоўскай хаты. Яна пабегла да паляны, але на яе месцы убачыла… багну. Доўга кругляла вакол яе, клікала свайго любага – у адказ чуўся толькі праглушаны стон. Знясіленная, у роспачы, яна села ля падножжа Ёўжынай гары і горка заплакала. Слёзы капалі ля самага краю багны. І ўтварыўся тут з іх тоненькі струменьчык празрыстай вады. Яна ўсё бруіла і бруіла – і цякла з-пад гары маленькая ручаінка, якая потым ператварылася ў крынічку.