Што такое буклук? – спытаеце вы. Буклук – гэта кніжны нацюрморт. Ці нават фотасесія для кнігі. Ну а калі быць дакладным, то гэта знятая на фота кампазіцыя, цэнтральным элементам якой з'яўляецца кніга. Пры гэтым выкарыстоўваюцца розныя выразныя сродкі, атрыбуты і элементы дэкору, якія ярка раскрываюць змест кнігі і падахвочваюць да чытання. Даслоўна ад ангельскага "book" – кніга і "look" – выява, выгляд, погляд.
На першы погляд усё проста: вось – кніга, вось – фотаапарат. Фатаграфуй… Але на справе аказалася ўсё зусім няпроста. Трэба было прадумаць фон, які б не адцягваў увагу ад ствараемай кампазіцыі, падабраць дэталі і элементы, якія былі так неабходны ў некаторых кампазіцыях, і выбраць правільна ракурс і асвятленне. Увогуле, прыйшлося паэксперыментаваць… Але гэтая праца так усіх захапіла, што шмат хто не мог спыніцца і буклукі выходзілі адзін за адным.
Займальная гэта аказалася справа – ствараць буклукі. Паспрабуйце і пераканайцеся ў гэтым самі. А ў нас вось што атрымалася! |