<<< НАЗАД  

“Мастак з ласкі Божай”

Чарговы выпуск праекта прысвячаецца нашаму земляку, Віктару Альшэўскаму, як кажуць, мастаку з ласкі Божай.
Нарадзіўся ён 21 верасня 1953 года ў вёсцы Вугольшчына, якая маляўніча раскінулася на высокім беразе ракі Друць. Мясціны гэтыя прыгожыя і славутыя, і найперш тым, што адзін кіламетр ўверх па рацэ ў фальварку Крынкі на восемдзесят гадоў раней за Віктара нарадзіўся наш цудоўны жывапісец Вітольд Бялыніцкі-Біруля.
Хто ведае, магчыма іх жыццевы шлях прывеціла адна і тая ж зорка, бо Віктара Альшэўскага і надалей падпітвала вясковая мудрасць і тая павага да прыроды і створанага чалавекам, якую змагла перадаць яму маці.
Вясной 1966 года Віктар вычытаў у газеце аб’яву аб наборы ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, і са згоды бацькоў выправіўся ў сталіцу. Пасля іспытаў быў залічаны ў мастацкую школу.
Сення, калі мастак бярэцца за аловак, і ў тоўстай, у скураным абкладзе запісной кніжцы, нібы разлічанай на стагоддзі, занатоўвае свае успаміны і развагі, ен згадвае спачувальнасць і цеплыню чалавечых узаемаадносін у дзяцінстве. Гэта тая аснова, на якой грунтаваліся ўпартасць і ўпэўненасць яго кожнага жыццевага кроку. Упартасць, калі давялося чатыры разы паступаць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, менавіта на манументальнае аддзяленне. Упэўненасць у гэтым жаданні і настойлівасць, нечаканая для маладога вясковага хлопца.
А найбольш яркім успамінам Віктар лічыць “чорнага каня”, запрэжанага ў святочны вазок для маладых. Сам ен не памятае, але яму распавядала маці, як чорны жарабец уздыбіўся і яго, зусім малога, ледзь паспела выхапіць з-пад капытоў нейкая невядомая жанчына. У весцы і па сення, успамінаючы гэтае здарэнне, гавораць: была нябесная сіла. Пасля таго, Віктар заўседы звяртае увагу на постаці коней. У семым класе, калі быў навучэнцам мастацкай школы, на канікулах намаляваў на ўсю сцяну бацькоўскай хаты сюжэт с рыцарам і ўздыбленым канем. Гэта была  практычна яго першая вялікая манументальная работа.
Жаданне стварыць вялікую карціну фарміравалася з дзяцінства. Гартаў кніжкі, шукаў адказы на пытанні. Рыцарская тэма была ў той час самай значнай для фантазіі. Зрабіў эскіз, пасля падзяліў на клетачкі, перанес на сцяну, старанна ляпіў форму акварэльнымі фарбамі… Праз пэўны час па краях карціну заклейвалі новымі шпалерамі, а праз дзесяць год ад яе застаўся кавалачак памерам з разгорнутую кніжку – галава рыцара і вуха каня.
Віктару Альшэўскаму заўседы былі да спадобы вялікія палотны, манументальныя вобразы. Акрамя дамінуючых вобразаў дачкі і жонкі праз усю творчасць жывапісца Віктара Альшэўскага праходзіць выява рыцара ў латах, якая выдатна адпавядае пашыранай не толькі ў нашай краіне модзе на рэканструкцыі рыцарскіх турніраў эпохі Сярэдневечча. Кожная яго карціна – загадка, пры гэтым мастак прымушае гледача зразумець, што прачытанне зместу яго карцін у многім залежыць ад уяўленняў самога гледача.
У 1994 годзе ва ўзросце сорак адзін год наш земляк  выбіраецца акадэмікам жывапісу, прызначаецца вучоным сакратаром Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.
Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1980 года.
Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, галерэях Германіі, Нарвегіі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Будзе справядліва адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе Віктар Альшэўскі стаў адным з найбольш вядомых у Беларусі мастакоў, аб чым яскрава сведчыць Дзяржаўная прэмія Беларусі, прысуджаная мастаку за серыю жывапісных твораў для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
У 2013 годзе Бялыніцкі раенны мастацкі музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі прадстаўляў творы земляка, аб’яднаныя пад назвай “Калона славы”.
- Бялынічы і мая радзіма заўседы знаходзяцца на калоне славы: яны натхняюць мяне і даюць магчымасць для стварэння новых твораў, – сказаў тады мастак. – А ўвогуле, кожны з нас павінен на гэтую калону славы ствараць нешта новае, свае адметнае, што будзе з’яўляцца часткай нашай культуры. А яшчэ Віктар Альшэўскі рассказаў усім пра свае вялікае жаданне:
- Я загадаў, каб у Бялынічах стварылі вялікі музей, якім ен і павінен быць на радзіме такога мастака, як Бялыніцкі-Біруля, і каб сабралі там самыя лепшыя творы мастакоў, якія нарадзіліся на Бялыніччыне.
Няхай спраўдзіцца такое добрае жаданне!

   
   
Прызентацыя, прысвечаная В. Альшэўскаму

Уверх >>>
 
 
ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» © 2016
Design and development Nataliya Chernyshenko
http://www.lib-belynichi.mogilev.by