<<< НАЗАД  

“Гатовы ўсё аддаць – і тым багаты…”

“Артыст – слуга народа”, - гаварыў Канстанцін Станіслаўскі. Як гэта справядліва сказана. Менавіта, такім артыстам, з’яўляецца Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў, Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь і па званню і па сутнасці, якому прысвячаецца чарговы выпуск творчага  праекта  “Пісьменнікі і дзеячы культуры Бялыніччыны”.
Зусім нядаўна, 3 красавіка, нашаму славутаму земляку  споўнілася 73 гады. А нарадзіўся будучы Заслужаны артыст ў 1943 годзе у вёсцы Гута Лебедзянкаўскага сельсавета. Пасля заканчэння Бялыніцкай сярэдняй школы №2, паступіў ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ школьнікам актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці Бялынічаў, студэнтам-першакурснікам разам з артыстамі бялыніцкага ТЮГа паставіў у 1961 годзе спектакль “Адна ноч”.
Пасля заканчэння інстытута у 1964 годзе пачынае працаваць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы, які па праву лічыцца першай сцэнай краіны.  
…Якога б веку мы не былі і якога б грамадскага становішча не дасягнулі, кожны з нас з нейкай асаблівай пяшчотай згадвае месца першай сваёй працы і людзей, што працавалі побач з намі.
Для Уладзіміра Мітрафанавіча першае месца працы, так і засталося першым. Ёсць такі старамодны, напаўзабыты выраз – служэнне тэатру. Але як дакладна ён перадае сапраўдную сутнасць акцерскай прафесіі, якая не супадае з простым наведваннем свайго рабочага месца. Усё жыцце Уладзіміра Рагаўцова – гэта служэнне Купалаўскаму тэатру. У адным з сваіх інтэрв’ю, выказвая свае думкі аб сучасным становішчы тэатра, ен з сумам кажа: “Тэатр вяртаецца хоць трохі да псіхалогіі.
Сцэну апанавалі папсовыя спектаклі. Гэта не вельмі прыемна. Вядома, людзі хочуць смяяцца, мы ідзем ім у гэтым насустрач. Баімся лішні раз іх напружыць, прымусіць падумаць. Але тэатр не можа заставацца толькі забавай. Для гэтага ёсць цырк альбо «Аншлаг» Рэгіны Дубавіцкай. Напэўна, наша пасляваеннае пакаленне проста па-іншаму ўспрымала і жыццё, і тэатр. Мы заспелі пакуты, разруху, голад. У нас была нейкая свая адмысловая нервовая арганізацыя.
Людзі любілі паплакаць на спектаклі, атрымаць адчуванне катарсісу. А цяперашнія – на ўсім гатовым. Зрэшты, я кажу гэта не ў асуджэнне.”
На працягу доўгіх гадоў, аддадзеных Мельпамене,  ім сыграна больш за сотню драматычных роляў.
Уладзімір Мітрафанавіч стварыў цэлы шэраг яскравых вобразаў, – шчырых, эмацыянальных, апантаных ідэяй дабра, са складанымі характарамі.
Арганічна і нязмушана ў камедыйнай стыхіі існуе У. Рагаўцоў у ролі Брыгела, спектакль “Слуга двух гаспадароў”. Асобнай размовы заслугоўвае роля купца Бальшова у любімым яго  спектаклі “Свае людзі – паладзім”. Без традыцыйнай купецкай барады, у дарагім хатнім шлафроку, ен нагадвае сучаснага прадпрыймальніка-хітруна, які наважыўся несумленна памножыць свае багацце. А ў спектаклі “Лес”, наш земляк прэдстае пустым балбатуном Мілонавым. Рагаўцоў выступае з літаратурнымі праграмамі на радыё и тэлебачанні. Зняўся ў тэле- і кінафільмах: “Людзі на балоце”, “Трывожнае шчасце”, “Плач перапелкі”, “Крыло цішыні”, “Чужая бацькаўшчына”, “Парашуты на дрэвах”, “Помні імя свае”.
У работах Рагаўцова адчуваецца здольнасць выканаўцы да аналізу, абгрунтавання сцэнічнага існавання герояў. У адным з інтэрв’ю Уладзімір Мітрафанавіч адзначыў, што да ўсіх сваіх роляў адносіцца добра, але лепшая з іх – яшчэ наперадзе. А вось дачка артыста заўжды кажа: “Тата, твая самая лепшая роля – гэта я”, і яму гэта падабаецца.
І зараз, у свае 73, Уладзімір Мітрафанавіч выкладае курс “Сцэнічная мова” ў БДУ культуры і мастацтваў, працягвае выходзіць на родную сцэну Купалаўскага тэатра і праз свае спектаклі нясе гледачу энэргію дабрыні, справядлівасці, аптымізму, бо памятае, што той багаты, хто гатоў усе аддаць.

   
   
 

Уверх >>>
 
 
ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» © 2016
Design and development Nataliya Chernyshenko
http://www.lib-belynichi.mogilev.by