<<< НАЗАД  

“Бялынічанін з Сердалікавай бухты”

Чарговы выпуск у рамках творчага праекта “Пісьменнікі і дзеячы культуры Бялыніччыны” прысвячаецца Шарахоўскаму Івану Захаравічу, больш вядомаму ў літаратурным свеце, як Янка Шарахоўскі.
Будучы пісьменнік і літаратуразнавец нарадзіўся 4 сакавіка 1908 года ў мястэчку Бялынічы ў сялянскай сям’і. Дзяцінства яго было такім жа, як і ва ўсіх сялянскіх дзяцей, што прыпала на гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.
Пасля заканчэння сямігодкі ў 1925 годзе паступіў вучыцца ў Магілёўскі педтэхнікум, а пасля заканчэння яго ў 1927 годзе накіраваўся ў Ленінградскі  гісторыка-лінгвістычны інстытут.
З 1931 года пачаў працаваць у беларускім друку, спачатку ў часопісе “Чырвоная Беларусь”, у газеце “Літаратура і мастацтва”, і пасля ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”.
У 1938-1941 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім інстытуце імя М. М. Горкага. У гэты час і стаў актыўна друкавацца як крытык, хоць першыя рэцэнзіі былі змешчаны ў пачатку трыццатых гадоў.
У час Вялікай Айчыннай вайны Янка Шарахоўскі спачатку быў камандзірам узвода, ваяваў пад Масквой, на Ленінградскім фронце, а з 1943 года з’яўляўся інструктарам франтавой газеты. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе займаў у асноўным кіруючыя пасады: працаваў сакратаром часопіса “Полымя”, галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намеснікам міністра культуры БССР, галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”, дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Вельмі цікава, што яшчэ ў 1939 годзе Янка Шарахоўскі надрукаваў першыя артыкулы пра творчасць Янкі Купалы, і з таго часу гэта стала галоўнай яго задачай, хоць як літаратуразнавец, Шарахоўскі пільна назіраў за сучасным яму літаратурным жыццем.
Прыняў актыўны ўдзел у дыскусіі па беларускай паэзіі на пачатку 1941 года. Як крытык спрабаваў не проста пагаварыць пра вартасці і недахопы пэўных твораў, а разгледзець творчасць таго ці іншага пісьменніка ў цэлым, імкнуўся адступіць ад устанавіўшыхся норм.
Аб глыбіні таленту Янкі Шарахоўскага, яго шматграннасці, зайздросным уменні спалучаць у адной асобе крытыка, даследчыка, публіцыста і эсэіста, бібліёграфа і літаратуразнаўцу сведчыць манаграфія "Пясняр народных дум", выдадзеная ў 2-х частках (1970, 1976 гадах ) пра жыцце і творчасць дакастрычніцкага перыяду, другая – пра савецкі час.
Гэта першая грунтоўная навуковая біяграфія Я. Купалы, якая адрозніваецца ад папярэдніх біяграфічных прац больш строгай навуковай дакументаванасцю.
Янка Шарахоўскі апублікаваў новыя дакументы, знойдзеныя ў архівах, узнавіў многія  невядомыя старонкі з жыцця песняра. Шкада, вядома, што і ў гэтых манаграфіях даследчык вымушаны быў недагаворваць, некаторыя факты проста не заўважаць, замоўчваць некаторыя літаратурныя творы. Але, ці можна ў гэтым катэгарычна вінаваціць толькі Янку Шарахоўскага? Відаць, не. Ісці на кампрамісы часам проста прымушалі.
Акрамя гэтага, Шарахоўскі даследаваў жыццёвы і творчы шлях В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, В. Таўлая,  і інш.
Янка Шарахоўскі – пісьменнік яркай творчай індывідуальнасці, які ўвасабляў высокую эрудыраванасць, прынцыповасць, ідэйную перакананасць. Як празаік ен дэбютаваў у 1946 годзе.
Літаратурная спадчына нашага земляка прадстаўлена зборнікамі апавяданняў "Срэбраная раніца" (1951), "Сплочаны доўг" (1978), большасць апавяданняў з якіх пабудавана на сюжэтах з перажытай вайны,  кнігай для дзяцей "Сердалікавая бухта" (1955), а таксама публікацыямі асобных твораў аўтара, змешчаных у калектыўных зборніках і часопісах.
Асобным раздзелам прадстаўлены пераклады на беларускую мову, зробленыя Я. Шарахоўскім з рускай і ўкраінскай моў: раманаў І. Тургенева "Рудзін" і "Напярэдадні", М. Бубянова "Белая бяроза", А. Первенцава "Чэсць змоладу", П. Фёдарава "Генерал Даватар", апавяданне М. Шолахава "Лёс чалавека", Салтыкова-Шчадрына "Казкі", Ф. Гладкова "Аповесць пра дзяцінства" і іншыя.
Творы нашага земляка зараз з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, напрыклад, у фондзе нашай бібліятэкі толькі адзін экзэмпляр – гэта кніга апавяданняў "Сплочаны доўг".
Уявіце сабе нашу радасць, калі зусім выпадкова, на палічках “Буккросінга”, дзе чытачы абменьваюцца меж сабой кнігамі, мы заўважылі сапраўдную каштоўнасць – кнігу для дзяцей Я. Шарахоўскага "Сердалікавая бухта". На тытульным лісце захаваўся надпіс, які сведчыць аб тым, што калісь кніга належыла стрыечнаму брату пісьменніка. Дарэчы, зараз ў Бялынічах пражывае яго стрыечная пляменніца.
Па яе ўспамінах бацька вельмі ганарыўся сваім таленавітым братам і заўжды, калі чуў імя Я. Шарахоўскага па радые ці тэлебачанню, з гордасцю казаў сваім дзецям: ” – Вось, гэта мой брат!”
Памер Іван Захаравіч Шарахоўскі 6 красавіка 1973 года.
Набытак Янкі Шарахоўскага ў прозе даволі сціплы, аднак можна з упэўненнасцю сказаць, што свайго чытача яго творы мелі і маюць на сенняшні дзень, садзейнічалі выхаванню станоўчых якасцей, і тым яны карысны. І, зразумела, трэба памятаць яго уклад у літаратуразнаўства.

   
   
Прэзентацыя, прысвечаная Я. Шарахоўскаму

Уверх >>>
 
 
ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» © 2016
Design and development Nataliya Chernyshenko
http://www.lib-belynichi.mogilev.by