<<< НАЗАД  

“Паэт з Васількоў”

Бялыніччына…Незвычайна прыгожы куточак роднай беларускай зямлі. Узгорыстыя яе мясціны плаўна пераходзяць у раўнінныя палі, ціхія рэчкі суседнічаюць з загадкавымі азерамі. А паабапал старажытных гасцінцаў і дарог, якімі выпраўляліся ў свет па навуку і працу нашы далекія продкі, шуміць залацістымі хвалямі збажына і міргаюць адтуль сінімі вочкамі васількі – гэтыя вечныя сімвалы роднай Беларусі.  Васількі – мілая сэрцу назва  ціхай весачкі ў Бялыніцкім раёне, дзе ўпершыню пабачыў свет герой сенняшняй публікацыі.  Бо пачаць  мы вырашылі з таленавітага паэта Аляксандра Пятровіча Мельнікава – ў студзені 2016 года творчая інтэлегенцыя Бялыніччыны будзе адзначаць 80 год з  дня яго нараджэння.   
Да вяршыняў творчасці просты хлопчык з небагатай сям’і ўзнімаўся з глыбіняў народнага жыцця. Родныя Васількі і ўся Беларусь далі яму надзейную стартавую пляцоўку, адчуванні густу і стыля. Вершы пачаў сачыняць яшчэ ў школьныя гады. Першыя з іх змяшчаліся ў рукапісным школьным часопісе «Залаты ранак», а пазней друкаваліся ў  рэспубліканскіх газетах.
Па прыкладу далекіх продкаў выправіўся ў няблізкі свет па навуку і звычайны вясковы юнак Саша Мельнікаў. Вучоба ў Ленінградзе і закaнчэнне ў 1961 годзе Ленінградскага медыцынскага інстытута далі нашаму земляку непаўторнае ўражанне далучанасці да найлепшых узораў еўрапейскай і сусветнай культуры, што адбілася на ўсіх яго пазнейшых творах. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся на Радзіму і напружаная работа ўрачом у горадзе Магілёве працягвалася да самага канца жыцця. З цягам часу з’яўляліся ўсё больш сталыя вершы. Яны друкаваліся ў часопісах «Аврора», «Неман», «Огонёк», у калектыўных зборніках, публікаваліся ў рэспубліканскім перыядычным друку. У 1981 годзе Аляксандр Пятровіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. 
Уся творчасць нашага земляка прасякнутая вялікай любоўю да сваёй краіны і радзімы − не як да абстрактнага месца, нейкай маленечкай кропкі на карце краіны, з насельніцтвам, якое састаўляе пэўную колькасць, а як да мілай і дарагой прасторы, сваіх простых людзей, усяго народа, які абустройвае і ўпрыгожвае сваю зямлю.
Аляксандр Мельнікаў з'яўляецца  аўтарам  кніг паэзіі «Спасибо, жизнь» (1977); «Три слова» (1980); «Земля надеется» (1986); «Избранное» (2000). Падрыхтаваў да друку кнігу вершаў «Чернобыльская тетрадь». Гэтая апошняя кніга з’явілася не выпадкова.
Час Мельнікава − час крутых віраванняў у гісторыі Беларусі. Гэты час пазначаны катастрофай на Чарнобыльскай станцыі, распадам Савецкага Саюза і фарміраваннем суверэннай дзяржавы.
Аляксандр Пятровіч, санітарны ўрач-радыёлаг па спецыяльнасці, самым непасрэдным чынам быў уцягнуты ў трагедыю Чарнобыля. З першых дзён катастрофы ён стаў займацца пошукам крыніц наймацнейшага радыёктыўнага выпраменьвання, што ўзніклі на яго роднай Магілёўшчыне. І знайшоў…
Вось што піша старшыня Праўлення Магілёўскага абласнога навуковага таварыства ўрачоў  А. М. Мяжэнны: «Ранкам 28 красавіка 1986 года наш лепшы беларускі ўрач-радыёлаг А. П. Мельнікаў кансультаваў супрацоўнікаў вытворчага аб’яднання «Хімвалакно» з нагоды выхаду са строя ўсіх радыёізатопных  прыбораў  вытворчага  кантролю, што адбыўся мінулае начы (з 23 гадзін 27 красавіка). І тэрмінова праверыў у сваёй лабараторыі абласной санэпідэмстанцыі і ў іншых медустановах радыяцыйны фон у горадзе. Звычайны тут фон у 10 мікрарэнген за гадзіну стаў раптам павышаным у 60-220 разоў. Ён тэрмінова паведаміў пра гэтую бяду ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі – гэта было першае у краіне паведамленне з рэгіёнаў пра радыяцыйную небяспеку. Не атрымаўшы тлумачэнняў таму, што  адбылося і паведаміўшы іншым службам вобласці, А. П. Мельнікаў разам з урачом-рэнтгенолагам Пагудай Л. В. самі пачалі пошук меркаванай аварыі ў горадзе Магілёве і яго наваколлях у паўднёвым кірунку. Да канца дня яны ўдакладнілі, што па дарозе на Быхаў на лясных ўзлесках радыяцыйны фон месцамі павышаўся у тысячу разоў і вышэй. Паведамлена было кіраўніцтву вобласці. Толькі адвячоркам 28 красавіка мы ўсе сталі здагадвацца пра прычыны таго, што адбылося пасля короткага паведамлення маскоўскага тэлебачання пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі». Урачы-радыёлагі прыкладалі ўсе намаганні, каб адвесці ці зменшыць бяду. Але не на ўсё хапае чалавечых сіл і ведаў радыяцыйнай медыцыны.
Як спецыяліст у радыяцыйнай медыцыне і, пераважна, радыяцыйнай бяспецы, − пасля Чарнобыльскай катастрофы ўрач Мельнікаў не меў ніводнага дня спакою, раз за разам выязджаў у пацярпелыя раёны, арганізоўваў усе магчымыя мерапрыемствы для абароны насельніцтва, людзей ад радыяцыйнага паражэння. Гэта, як лічыць член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Аношкін, у пэўнай меры і паскорыла ягоныя ўласныя дні. Аляксандр Пятровіч не шкадаваў сябе і выконваў свой абавязак грамадзяніна, паэта, урача. Пры гэтым, не меў і не імкнуўся атрымаць статус «ліквідатара», і ягоную смяротна-небяспечную хваробу так і не звязалі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
У асобе Аляксандра Мельнікава здзіўляе кантраст паміж прафесіяй ўрача-радыелага – складанай, адказнай, вельмі дакладнай, і летуценнасцю паэтычнага натхнення. Толькі прачытаўшы “Чернобыльскую тетрадь” можна здагадацца пра тое, што адбывалася ў душы ўрача-паэта. Жыцце падзялілася надвое – да Чарнобыля і пасля Чарнобыля. Ці варта казаць, што гэта акалічнасць абумовіла, перайначыла ўвесь характар творчасці паэта, яго светаўспрыйманне, паэтыку і ўсе астатняе, што пачынаў ён ў сваей літаратурнай баразне яшчэ да Чарнобыля, у 1970-я гады. Паэзія Мельнікава – вельмі прыкметная і арыгінальная з’ява сучаснай беларускай літаратуры, якая ў лепшай сваей частцы не парвала з нацыянальнымі традыцыямі, не кінулася ў бесшабашны авангардызм, не ўсумнілася ў чалавечай дабрыні, у высокіх маральных каштоўнасцях і духоўных ісцінах. Яна вытрымала іспыт і выпрабаванні нашага суровага часу.
Напярэдадні 20-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі нашаму земляку Аляксандру Пятровічу Мельнікаву. Па рашэнню Магілёўскага гарвыканкама яна ўстаноўлена на будынку абласнога Цэнтра аховы здароўя, з якім звязаны апошнія гады жыцця А.П.Мельнікава. На памятнай дошцы побач з партрэтам змешчаны словы: «Тут працаваў вядомы арганізатар службы радыяцыйнай бяспекі Беларусі, лекар-наватар, паэт, член Саюза пісьменнікаў».
 А таксама тут змешчаны радкі паэта,  якія вызначаюць яго жыццёвае і творчае крэда:

Мне отчизна дала
Высшее право на свете
Делать её дела,
Быть за неё в ответе.

“Талент – гэта даручэнне, – лічыў рускі паэт Яўгеній Баратынскі, – якое неабходна выканаць любой цаной”. Думаю, што Аляксандр Мельнікаў пра гэта ведаў.

На вялікі  жаль,  Аляксандра Пятровіча Мельнікава ўжо няма сярод нас. Ён памёр ад невылечнай хваробы 12 лютага 1999 года.  Але нездарма кажуць, што жыццё творчай асобы працягваецца, пакуль памятаюць, шануюць і захоўваюць яе духоўную спадчыну.

   
   
Папка-радавод аб А.П. Мельнікаву, яго сям'і, жыцці і творчасці, створаная бібліятэкарамі Галоўчынская сельскай бібліятэкі-філіяла №12

Уверх >>>
 
 
ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» © 2016
Design and development Nataliya Chernyshenko
http://www.lib-belynichi.mogilev.by