<<< НАЗАД  

“Рэха, спрасаванае ў фарбах”

Наступны выпуск творчага праекта прысвячаецца цудоўнаму мастаку, Паўлу Іванавічу Дзімітрыядзі.
Нарадзіўся Павел Іванавіч 29 кастрычніка 1961 года ў Краснаярску, куды былі пераселены з Туапсэ яго дзядуля і бабуля з боку бацькі.  Неўзабаве,  ў 1962 годзе,  сям’я пераехала на радзіму маці – у вёску Гняздзін Бялыніцкага раена.
Маляванне Павел Дзімітрыядзі палюбіў яшчэ з дзяцінства, пачаў маляваць гадоў у сем.
Першым малюнкам стала мора, яно было змалявана з паштоўкі, падоранай бацькам мастака. Тады ён вельмі часта ў сваіх першых работах паказваў мора. Хлопец нават марыў стаць мараком.
– Здарылася так, – расказваў мастак, – што я захварэў на Боткіна. А на мора пасля гэтага не бяруць, вось я для сябе і вырашыў: раз не стану мараком, то буду мастаком.
Пасля першага «шэдэўра» з'явіліся фарбы, маленькі альбомчык, алоўкі. Гэтыя матэрыялы ў 70-я былі цяжкадаступныя.
У 1977 годзе Павел закончыў Вішоўскую сярэднюю школу.
19-гадовы юнак, цверда вырашыў звязаць свой лёс з жывапісам і паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава.
Пасля службы ў арміі вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы.
Цяпер Павел Дзімітрыядзі жыве ў Магілёве і працуе выкладчыкам ў мастацкай школе.  Незвычайным для нашага вуха прозвішчам Павел Іванавіч абавязаны сваім грэчаскім караням.
“Сегодня мои родственники живут в Могилеве, где греческая диаспора довольно велика. Мы постоянно встречаемся, участвуем в Днях греческой культуры, Всебелорусском фестивале национальных культур. Раньше казалось, что кроме фамилии в семье ничего не осталось. Но чем глубже интересуюсь историей, жизнью современной Греции, тем больше ощущаю влияние генов” – расказвае пра сябе мастак.
Ен цікавіцца сваімі каранямі, гісторыяй свайго роду. Бацька яго бабулі –  Іван Фёдаравіч Варапаеў, удзельнічаў у Руска-японскай, Першай сусветнай вайне, быў няпоўным Георгіеўскі кавалерам. Яго срэбныя крыжы скралі. Прадзед здагадваўся, чыіх рук гэта справа, і сказаў: “Хто звёў ўзнагароды, у таго звядзецца род”, – дзеліцца патаемным мастак.  – А прапрадзед Майсей Боўдзілаў ў Каўказскую вайну у 1859 годзе браў у палон правадыра горцаў імама Шаміля, які абаснаваўся на гары. Рускія добраахвотнікі, як скалалазы, падымаліся па вяроўках.
Павел Дзімітрыядзі лічыць сябе чалавекам з неспакойнай натурай, якому хочацца паспрабаваць усё. Таму ён праяўляе сваю творчасць ў розных накірунках – стварае розныя каваныя рашоткі, займаецца станковым і манументальным жывапісам. Шмат ён піша ікон.
Але, як кажа, для такой працы ў яго няма спецыяльнай адукацыі, таму шмат чаго прыходзіцца вывучаць самому.
Давялося паспрабаваць свае сілы і ў геральдыцы: Павел Дзімітрыядзі распрацаваў герб Магілёўскай вобласці.
Большасць з яго карцін – пейзажы. Прыроду Павел Дзімітрыядзі піша пераважна, калі выязджае на пленэры па Магілёўскай вобласці і ў Расію.
У апошні час, як кажа, выкарыстоўвае акрыл, а потым па тэхналогіі дапрацоўвае сваю працу алеем.
 Тэматычныя карціны пісаць вельмі складана, – гаворыць мастак, – а вось з пейзажам атрымліваецца прасцей. Эцюды ствараюцца на адным дыханні, і тут можна праявіць волю. Калі ты зліваешся з прыродай, ты адпачываеш.
А калі пішаш партрэт, па словах  мастака,  галоўнае - перадаць духоўны свет чалавека: не толькі яго знешнія рысы характару, але і ўнутраныя пачуцці.
Мастацтва – гэта пастаянная праца Паўла Іванавіча. І тут, па словах творцы, натхненне яму б не зашкодзіла.
– На жаль, кожны дзень яно не прыходзіць, – дзеліцца Павел Іванавіч. – Акрыленыя моманты, бывае, з'яўляюцца падчас працы, на розных выставах. Было і такое, што я выкарыстоўваў метады Сальвадора Далі.
Я садзіўся ў крэсла, пад ногі ставіў тазік, а ў рукі браў лыжку. Вось так, седзячы і засынаў. Лыжка падала і бразгала аб тазік. Калі рэзка  прачынаешся, яскрава запамінаюцца некаторыя сімвалічныя моманты ад убачанага сну. У выніку такога метаду ў мяне з'явілася карціна “Ікар”.
- Гэты вобраз я ўзяў з міфалагічных легендаў грэчаскага народа, – расказвае Павел Іванавіч. – Ікар шмат гадоў таму змог узляцець пад нябёсы, але потым ён упаў у “мора жыцейскае”. Гэта праца выражае шмат момантаў з жыцця людзей. Тут ёсць дасягненні народа і яго страты, радасць людская і горыч… “Ікар” – сімвалічная карціна, яна паказвае змаганне народа за волю і незалежнасць.
Павел Дзімітрыядзі ўдзельнічае ў мастацкіх выставах з 1988 года. У гэтым жа годзе узнагароджаны Дыпломам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі «Прырода – невычэрпная крыніца натхнення».
Удзельнік ХІІ пленэру па жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння В. К. Бялыніцкага- Бірулі.
СВК “Калгас “Радзіма” Бялыніцкага раена, двойчы запрашаў беларускіх, расійскіх і украінскіх мастакоў, арганізаваўшы для майстроў пэндзля пленэр. Умова толькі адна – жывапісцы павінны пакінуць ў сельгаспрадпрыемстве па  адной рабоце, якія стануць экспанатамі мясцовай мастацкай галерэі, дзе назаўседы застануцца ўвасобленыя на палатне маляўнічыя наваколлі, каларытныя твары мясцовых жыхароў.
Павел Дзімітрыядзі з задавальненням прыязджае ў Вішоў, свае родныя мясціны,  кажа, што сярод мастакоў нават стыхійна  склалася свайго роду таварыства сучасных перадзвіжнікаў: веска заўжды насычала горад.
Не толькі прадуктамі, але і людзьмі. Адна з галоўных задач, на яго думку, даць штуршок талентам, якія тут жывуць, але саромеюцца заявіць пра сябе.
Мастакі пад час пленэра заўседы сярод гледачоў. То хто-небудзь з мясцовых збан малака з блінамі прынясе. То малышня збярэцца і гадзінамі назірае, як ствараюцца карціны. Асабліва адчайныя просяць пэндзлік. Аднойчы дзятве раздалі пэндзлікі і загадалі: вось тут стаўце белыя кропкі. Так на палатне атрымалася чуллівае рамонкавае поле.
А экспанаты з Вішоўскай карціннай галерэі ўжо “працуюць”.
Музеі Мінска і Магілева папрасілі ў сельхозпрадпрыемства жывапісныя палотны для экспазіцыі…
Па словах Паўла Дзімітрыядзі, за час сваёй дзейнасці ён стварыў тысячы работ. Творы захоўваюцца ў зборах Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава. Яго карціны знаходзяцца ў Германіі, Францыі, Грэцыі, Англіі, Фінляндыі, Польшчы, Балгарыі, Іспаніі, Ізраілі, Канадзе, ЗША, у краінах СНД.
Павел лічыць, што мастаку падчас стварэння сваіх прац не трэба шукаць і выдумваць нейкі почырк, не падобны да работ іншых творцаў. “Твар карціны маюць заўсёды, – кажа ён, – але мастаку  гэты твар неабходна выпрацаваць”.
А яшчэ, як гэта не дзіўна, мастак захапляецца кулінарыяй. Зрэшты рэшт, гэта таксама творчы працэс. Мне падабаецца эксперыментаваць, – прызнаецца Павел Іванавіч, – Мае родныя перакананы, што я кожны раз знаходжу новы рэцэпт. Але гэта не так, ў аснове маіх спроб заўседы ляжаць бабуліны сакрэты. І па сення памятаю водар хлеба, які яна выпякала ў печы на капусным да кляновым лісце. Зразумела, рассказаць падрабязна пра гэты працэс зараз не змагу. Тады я быў вельмі маленькі, і ў мае абавязкі ўваходзіла толькі апырскваць падрумяненыя скарынкі вадой. Потым гатовыя хлябы радочкам раскладвалі на лаўцы і накрывалі белым ручніком. Так яны маглі заставацца свежымі цэлы тыдзень.
“Спалучэнне ліній, узораў, фарб і цяней” – гэтымі словамі тлумачальны слоўнік азначае малюнак.
Сам жывапіс навучае кожнага чалавека чамусьці далікатнаму, неабсяжнаму. Для таго, каб навучыцца ўсяму гэтаму і існуюць розныя мастацкія школы. У адной з такіх устаноў і працуе Павел Іванавіч Дзімітрыядзі. Ен выпусціў вялікую колькасць вучняў, і ў кожным з іх есць яго часцінка. Вельмі хочацца, каб такіх людзей было больш.
Нагадаю вам, шаноўныя прысутныя, што пазнаеміцца з работамі нашага земляка можна не толькі ў Бялыніцкім раённым мастацкім  музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, але і ў Вішоўскай карціннай галерэі.

   
   
Прызентацыя, прысвечаная П. Дзімітрыядзі

Уверх >>>
 
 
ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» © 2016
Design and development Nataliya Chernyshenko
http://www.lib-belynichi.mogilev.by