ЗабалоццеСвяцілавічыЦяхцінЯсная ПалянаСеверПражэктарЧырвоны Бор Старая Клёўка Барок Забалоцце Мокравічы Галоўчын Запакулле Камяніца Нежкаў Макаўка Ключыкі Васількі Заазер'е Бялынічы
Галоўная

 

Персанальны паказальнік
Геаграфічны паказальнік
Літаратурныя аб'яднанні і гурткі
Біяграфічная даведка

 

Магілеўчык Святлана Іванаўна

Магілеўчык Святлана Іванаўна нарадзілася ў 1980 годзе ў вёсцы Васількі.
Скончыла Галоўчынскую сярэднюю школу Бялыніцкага раёна, Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна.
Працуе ў бібліятэцы ПМК-83.
Творы друкаваліся ў газеце «Зара над Друццю»
 
Да вашай увагі некалькі вершаў і апавяданняў Святланы Магілеўчык.
   
 
  * * *
Бабулечка любімая мая!
Абсыпаныя снегам твае скроні.
Хачу я патрымаць у сваіх руках
Твае цяжкія, агрубелыя далоні.
Ты імі з печы вынімала чыгуны,
І сажа моцна ўелася ў скуру.
Не буду выціраць твае рукі,
А так, як ёсць, пяшчотна пацалую.
Я дзякую за ўсё тваім рукам!
За тое, што малую гадавалі,
Асцерагалі ад жыццёвых ям,
А дзе-нідзе і пальцам пагражалі.


* * *
Як мы здружыліся – не ведаю сама…
Якія нас з табой з’ядналі хвалі?
Ты – сонца, я – халодная зіма,
Але з табой мы ўсё ж пасябравалі.
І мой пыхлівы гонар абляцеў,
Як лістапад па восені, нялоўкі…
А, можа, гэта Бог так захацеў –
Паслаў анёла ў вобразе сяброўкі?
   
   
 
Віражы лёсу
(Апавяданне)

Я пражыў шмат жыццяў... Не лічыце мяне за вар’ята, бо гэта і сапраўды так. А яшчэ я вельмі рады таму, што пражыў свой век не дарма, што не змарнаваў той час, які быў адпушчаны мне пажыць на гэтай зямлі…
Я не адзінокі, не… У мяне ёсць любімая справа, мая галава светлая, як ніколі. А яшчэ я ўмею размаўляць з Богам. Шмат гадоў я адпрацаваў на маяку, сігналіў караблям і лодкам у шторм і ў непагадзь. Каб хто раней сказаў мне, што я, дыпламаваны доктар, буду звычайным даглядчыкам, што мае рукі, якія не трымалі нічога цяжэй за стэтаскоп, будуць перапэцканыя сажай, то, напэўна, я засмяяўся б таму чалавеку ў твар. Ніхто не ведаў, што мой лёс павернецца менавіта так.
– Вы звар’яцелі, таварыш доктар, – памочнік капітана трымаў мяне за рукаў. – Наш карабель займаецца навуковай дзейнасцю, а не поўзаннем па маяках…
– Там чалавек падае сігналы SOS, – палка гаварыў я. – Я ведаю марскія законы і не змагу жыць, калі на маім рахунку будзе нявыратаванае жыццё! Я даваў клятву Гіпакрата!
– Вы разумееце, што вы робіце, таварыш Навуменкаў? – з другога боку выгаворваў мне кіраўнік нашай экспедыцыі. – Я таксама адказны за людзей на нашым судне. У гэткае надвор’е вы разаб’яцеся не праплыўшы і сотні метраў! Я сам не адпушчу вас! 
– Я ўсе роўна рушу туды! Хочаце вы таго, ці не… – са злосцю адмахнуўся я і ліхаманкава пабег збірацца. Часу амаль не заставалася. 
У гэтых водах мы былі ўжо не аднойчы, святло маяка заўсёды выручала нас. А зараз на маленькім востраве нешта здарылася, калі даглядчык падаваў сігналы аб дапамозе. Я бачыў, што наша каманда баіцца нават лішні раз высунуцца на палубу. Надвор’е было яшчэ тое! Таму і вырашыў даплысці туды сам.  Недзе праз тыдзень наш карабель павінен ісці назад, і я меркаваў паспяхова вярнуцца на борт.
– Вы вялікі дурань! Але я жадаю вам удачы, – сказаў мне напаследак памочнік капітана. – Няхай дапаможа вам Бог!
Я здрыгануўся ад яго слоў. Неяк не вязалася гэта з вобразам суровага камуніста.
– Дзе ён быў, калі стваралі Сусвет? – запытаўся я.
Мы выйшлі пад пранізлівую імжу і вецер.
– Можа вы, таварыш доктар, перадумаеце? – зноў  спытаў ён. Я адмоўна пакруціў галавой, мы абняліся і я рушыў.
Дождж вымачыў мяне за лічаныя хвіліны. Было вельмі цёмна, толькі маяк зрэдку ўспыхваў, і ад гэтага свету мне рабілася вельмі няёмка. Вецер пачаў мацнець, і я  ўжо разоў са дваццаць пашкадаваў, што выправіўся ў такое небяспечнае падарожжа.  Мой карабель знік, а я ўсё веславаў і веславаў, пакуль зусім не пазбавіўся сіл. Вецер узмацніўся. Вёслы згубіў. Цяпер я проста ляжаў на дне шлюпкі і думаў толькі аб тым, каб мяне хутчэй вынесла куды-небудзь, каб толькі не патануць. За гэты час усё жыццё праляцела прад маімі вачамі, і, не паверыце, я нават пачаў маліцца. Хоць я цярпець не мог гэтых ліслівых рэлігійных размоў. Зараз я шчыра і голасна маліўся таму невядомаму Богу, ва ўладзе якога было зараз маё непатрэбнае жыццё. 
Халодны вецер так выстудзіў мяне, што я не адчуваў ні рук ні ног. Апошняе, што запомніў, гэта быў грукат раструшчанага аб камень дрэва.
…Я прачнуўся ў невялікім  пакойчыку, застаўленым рознымі скрынкамі. Крыху паварушыўся, бо адчуў, як зацяклі ногі.
– Табе лепш паляжаць, – пачуў я за сабой ціхі голас. – Ты яшчэ не паправіўся.
Голас гучаў на чысцейшай нямецкай мове і належаў сівавусаму старому з доўгімі валасамі. 
– Я даглядчык маяка.
– Што са мной? – прахрыпеў я.
Стары адхінуў коўдру з маіх ног. Крыху ніжэй каленяў ногі былі перахоплены анучамі, чырвонымі ад крыві… Маёй крыві. Я крыху спужаўся.
–Табе давядзецца крыху пацярпець, – сказаў мне стары. – Борт шлюпкі табе пашкодзіў ногі. Я зрабіў усё, што змог, але ты будзеш крыху кульгаць, левая нага твая зусім дрэнная.
– Значыць, я – хворы, – паспрабаваў пажартаваць. – А як жа вы?  Чаму вы прасілі аб дапамозе?
–Твой карабель разбіўся. Аб скалы… – стары ўздыхнуў. – Я сігналіў не вам, а наконт вас. На жаль, капітаны іншых суднаў пабаяліся ісці на дапамогу вашай камандзе ў такое надвор’е. Усе загінулі, акрамя цябе.
Мужчына накрыў мяне коўдрай. 
Вось так. Я закрыў вочы і думкі накінуліся на мяне з усіх бакоў. Там былі мае сябры, людзі, з якімі я працаваў. А зараз я знаходжуся невядома дзе… Хворы! Не ведаю, што са мной будзе. Самае горкае, што на малюпасенькім астраўку толькі я і гэты нешматслоўны суровы стары.
Юнаком я перажыў вайну. Гэта быў цяжкі для ўсіх час. Мае  бацькі працавалі ў ваенна-палявым шпіталі. З самага першага дня вайны я быў з імі, бачыў кроў і людскія пакуты... Тады я марыў таксама быць урачом. У апошнія дні вайны ў будынак, дзе быў размешчаны наш шпіталь, патрапіла бомба.
Маіх бацькоў не знайшлі нават целы…
Вы можаце не паверыць мне, але, хаця і пасля вайны прайшло шмат часу, я ненавідзеў прадстаўнікоў арыйскай расы – жанчын, дзяцей, ненавідзеў нямецкую мову, а зараз вымушаны быў ненавідзець і гэтага чалавека. Толькі таму, што ён немец, што яго завуць Гюнтэр. Ён карміў мяне, перавязваў мае раны, сапраўды, страшэнныя, ён выратаваў мне жыццё, ён нічога не патрабаваў ад мяне. Я ляжаў і згараў ад сораму, ад  сваёй бездапаможнасці… Аднойчы не вытрымаў і прызнаўся.
Аказалася, што мой стары больш за дваццаць гадоў не меў аніякіх стасункаў са знешнім светам, што ён жыве тут адзін.  Ён загадзя ведаў пра мяне, як лячыць мяне, пра тое, якім караблям падаваць сігналы, ведаў ён і шмат чаго іншага…
– Я не адзінокі, – гаварыў мне Гюнтэр. – У мяне ёсць любімая і карысная справа, жыццё я пражыў не дарэмна. Да таго ж са мной часта размаўляе Бог, таму я здзіўляю цябе сваімі ведамі.
– А сям’я? Дзеці? – дапытваўся я. – Няўжо вы замкнуліся на гэтым востраве і зусім не адчулі ніякай радасці да людзей, да жыцця?
– Чаму ж? – стары ўважліва паглядзеў на мяне. – Я прыйшоў на маяк у 72 гады. Дзеці і ўнукі мае выраслі, а я проста захацеў зрабіць сваё жыццё карысным.
– Няўжо вам зараз 92? – не паверыў я. – Так не бывае! У такім узросце людзі нічога не могуць.
– Людзі многае не могуць, – усміхнуўся Гюнтэр. – Мне зараз 102, ты крыху памыліўся. Я ўсё жыццё прарабіў швейцарам у гатэлі – адкрываў і закрываў для наведвальнікаў дзверы. Я бачыў столькі знакамітых людзей, але ніколі не заходзіў далей за вестыбюль. Я лічыў сваю справу самай неабходнай, стаяў і ў снег, і ў дождж. Аднойчы ў наш гатэль зайшоў чалавек. Ён быў зусім не падобны на іншых, ён быў незвычайна светлы.
– Ты адчыняеш дзверы ў  пекла, – сказаў мне ён. – Пекла там і пекла тут.
– А дзе тады свет? – запытаўся я.
– Вось тут, – ён паказаў на маё сэрца. Гэтыя словы я запомніў назаўсёды. Не вельмі хацелася жыць проста так, бессэнсоўна. 
– А як вы знайшлі гэты маяк?
– Гэты чалавек быў даглядчыкам да мяне. Ён шукаў сабе замену. Тады судны хадзілі часцей, і працы было вельмі многа. – Гюнтэр расказваў гэта так, нібыта ўсе падзеі адбыліся ўчора. – Ён многаму мяне навучыў, а яшчэ перадаў мне адну вельмі важную кнігу, якую я перадам табе, так з яе будзе больш карысці.
Стары працягнуў мне даволі вялікі фаліянт. Гэта была Біблія. Я не асмеліўся нават да яе дакрануцца, я быў зацятым атэістам.
…Мы пражылі разам усю зіму, хаця зімой яе было цяжка назваць, дождж ішоў бясконца. Я даволі хутка ўстаў на ногі, толькі злёгку накульгваў. Стары навучыў мяне, як працаваць з ліхтаром. Ён сам рабіў для яго алей на нейкім мудрагелістым прыстасаванні накшалт прэса. Стары ніколі не сумаваў. Калі ён не рухаўся, то шмат чытаў сваю кнігу, многае мне расказваў. Гэта жыццё, якім ён жыў ад аднаго шторма да другога, было для яго найлепшым і важным. Але я быў дзіцём цывілізацыі і вельмі сумаваў па людзях. Зразумела, што і старога было вельмі шкада, не хацелася пакідаць яго аднаго, толькі мара быць на цвёрдай зямлі была мацнейшай.
Лодкі ў старога не было, таму я вырашыў тайна пабудаваць нешта накшталт плыта і збегчы з вострава. Я непакоіўся, што Гюнтэр не адпусціць мяне. 
Праз некаторы час мой плыт быў амаль гатовы, заставалася толькі спусціць яго на ваду. Я выбраў час, калі стары пачынаў чытаць сваю кнігу, гэта быў мой час. Плыт аказаўся вельмі цяжкім. Я з усіх сіл пачаў піхаць непаслухмяную канструкцыю. Напрыканцы мне падалося, што плыт палягчэў. Я азірнуўся. Побач са мной стаяў Гюнтэр. Гэта ён дапамог мне кульнуць плыт  на ваду. Я зніякавеў.
Апусціўся на пясок і пачаў шпурляць у плыт каменьчыкі. Слоў не было, дый стары не спяшаўся са мной размаўляць.
– Мне трэба плысці, – ціха сказаў я. – Гюнтэр усміхнуўся і паглядзеў на мяне. У яго вачах не было ні кроплі злосці, ні гронкі крыўды.
– Вазьмі сабе полудзень, – працягнуў мне пакунак. – Першая лодка, якая зможа падабраць цябе, з’явіцца толькі пад вечар. Я жадаю табе ўдачы. На зямлі цябе будзе чакаць многа цяжкасцяў, але, калі ты застанешся з верай, у цябе ўсё будзе добра.
Мы абняліся. Я заплакаў. Стары і маяк усё аддаляліся, а мае вочы былі вільготныя, хаця, гэта, можа, была толькі вада.
…Запіс у дзённіку лейтэнанта Вонселева, члена каманды патрульнага судна “Палярная Зорка” ад 12. 07. 1991 года.
“У квадраце 12 у нейтральных водах мы падабралі на самаробным плыце чалавека гадоў 30-35, злёгку кульгае на левую нагу. Пры сабе меў савецкі пашпарт узору 1960 года на імя Навуменкава Аляксея Іванавіча. Быў зроблены запыт на бераг наконт гэтага чалавека, а яго ўзялі пад варту да канца рэйда“.
Запіс ад 23.07.1991 г.
“Чалавек, якога  мы падабралі, сцвярджае, што ён доктар і прапанаваў свае паслугі. Нейкі вельмі дзіўны ён доктар. У нашага кухара адным дотыкам вылечыў застарэлы радыкуліт, а мне параіў вучыць англійскую мову, сказаў, што я буду працаваць за мяжой“.
Запіс ад 25. 07.1991 г.
“З берага нарэшце прыйшоў  адказ на наш запыт. Паведамлялася, што Навуменкаў Аляксей Іванавіч, карабельны доктар, быў у складзе экіпажа навукова-даследчага судна “Советский”, якое затанула паблізу квадрата 12 у 1963 годзе. З экіпажа судна не выратаваўся ніхто. Гэта інфармацыя была пад грыфам “строга сакрэтна”. Наш капітан, замест таго, кааб здаць чалавека ўладам, проста адпусціў яго“.
2010 год. Квадрат №12. На борце амерыканскага танкера “Лэдзі Маргарэт”.
– Вы так добра ведаеце англійскую мову, капітан Вон! Ніколі не падумаеш, што раней вы жылі ў Саюзе, – зацягнуўшыся цыгараю, прамаўляе яго памочнік і сябра Боб Закеры.
– Вы так добра ведаеце англійскую мову, капітан Вон! Ніколі не падумаеш, што раней вы жылі ў Саюзе, – зацягнуўшыся цыгараю, прамаўляе яго памочнік і сябра Боб Закеры.
– Я проста добры вучань, – адказвае капітан.
Пасля таго, як цыгары былі выкураныя, капітан запытаў у свайго падначаленага:
– Адкажы мне, Боб, чаму ў цябе забралі лодку? Ты – выдатны капітан, адмысловы мараход, наша фірма ставіла цябе ў прыклад…
– Ат, – махнуў рукой Закеры. – Дрэнная гісторыя. Некалькі месяцаў назад да мяне на лодку папрасіўся нелегальны пасажыр. Звычайна я не рызыкую браць да сябе нелегалаў, а гэты… Карацей, я зарэгістраваў яго як члена экіпажа. Ён быў рускі, але так добра размаўляў па-англійску, нават лепш за вас. Самае цікавае, што ён сказаў мне перад адплыццём, што праз некалькі гадзін пачнецца шторм, каб я крыху паспяшыў. Я надоечы глядзеў у Інтэрнэце надвор’е, нішто не прадказвала буры. І вось праз 5 гадзін пачаўся шторм.
– Гэты чалавек кульгаў на левую нагу? – запытаўся капітан.
– Так, – адказаў яму Боб. – Ён выглядаў гадоў на 30-35… Невысокі брунет.
– Дзе гэты чалавек? 
– Яго няма, – развёў рукамі Закеры. – Мне давялося яго адпусціць. Ён высадзіўся на маяк, тут, непадалёку. Я даў яму лепшую шлюпку. Вы не паверыце, капітан, такі шторм, а ён – паплыў. З усяе каманды на палубе, акрамя нас, не было нікога. Ён сказаў мне напаследак, каб не марудзіў, а хутчэй ажаніўся. Дзіўны быў, гэта праўда. Усю дарогу размаўляў сам з сабой. Канечне, я атрымаў ад нашай фірмы добрае ўліванне, але і па-іншаму паступіць не мог.  Можа, дарэмна адпусціў яго?
– Ты ўсё правільна зрабіў, Боб, – сказаў капітан і паклаў яму на плячо руку. – Магчыма, я мала ведаю, не буду казаць… Але мне здаецца, што ты ўсё зрабіў правільна. Я знаёмы з гэтым чалавекам. Дзякуючы яму маё жыццё змянілася… Я вельмі рады. Цяпер табе толькі засталося зрабіць адну важную рэч.
– Якую? – Ажаніцца, – засмяяўся капітан. – Канечне!
   
   
 
У апенькі

Дзед пабудзіў мяне надосвітку… Яшчэ ўчора мы дамовіліся схадзіць у апенькі, нейкім чынам мне ўдалося ўгаварыць яго ўзяць мяне з сабой.
- Шуркавы вунь ужо цэлы мех з лесу прыцягнулі…,значыць можна і нам, -  казаў дзед вечарам, папыхваючы самакруткай. Ён заўседы прыводзіў у прыклад  дзяцей калгаснага конюха, якога нават пасля 40- ка  ў вёсцы называлі Шуркам. Лес у нас любілі ўсе вяскоўцы, і не толькі як месца, якое багата на грыбы і ягады…Толькі зараз, калі з таго памятнага моманту прайшло 20 гадоў, я прыгадваю , як радаваліся людзі зялёным  лісточкам, як пяшчотна ўдыхалі водар першых ландышаў, як збіралі  восеньскія букеты ... Здавалася, што замораныя работай, панурыя калгаснікі не бачаць вакол сябе ніякай прыгажосці, ім не цікавыя краявіды роднага кутка. Тое, што я глыбока памыляюся, я адкрыла для сябе тады, калі першы раз пайшла з дзедам па грыбы. Раніца была пахмурная, таму дзед загадаў мне надзець яшчэ адну кофту і завязаць хустку, якую я не магла цярпець з самага маленства. У халодны зімні час бабуля нанач адзявала нас з сястрой цяплей, бо за ноч хата добра настывала. Пракляты кавалак тканіны за ноч меў звычку залезці на твар, асабліва на нос, дыхаць станавілася цяжка і мы цішком здымалі хусткі з сябе і хавалі іх за ложкам, каб у наступны раз спаць з адкрытай галавой. Але ў наступны раз усё паўтаралася… Недзе праз тыдзень , бабуля выграбала з – пад ложка цэлы ворах хустак.
І вось мы  з дзедам гатовы. Гумовыя боты, камізэлька, кошык, дзед адзяе “ленінскую” кепку, дае мне  навостраны ножык, мы выпраўляемся. Да лесу ісці далекавата, але я ніколечкі не баюся адлегласцей. 3 кіламетры ў школу кожны дзень прывучылі мяне хадзіць хутка, таму я не адстаю ад дзедавых шырокіх крокаў, недзе нават абганяю яго. Перад лесам мы прыпыняемся, абыходзім невялікае балота. Дзед паказвае мне дзікіх качак, якія сабраліся  гуртом каля вады, папярэджвае, што не трэба шумець, каб не напужаць птушак, і мы ціхенька ідзем міма… Лес сустракае нас  сваім своеасаблівым шумам, пахам прэлай лістоты, грыбным духам . Я з першых жа крокаў знаходжу некалькі сыраежак, малады падасінавік з прыгожай аранжавай шапачкай. Дзед забараніў мне вырываць грыб, ён асцярожна зрэзаў яго ножку і паклаў у мой кошык. Мы ідзём далей, усе глыбей у лес. Змрочныя елкі змяняюцца маладым асіннікам, рэдкімі бярозамі.
- Там , далей, - паказвае дзед рукой, - будуць маладыя дубкі, пасля іх – прасека,і ўжо там наша месца.Мы сыходзім з дарогі і робім невялікі прыпынак. Дзед вынімае з кішэні лусту хлеба, кавалак сала, абгорнуты ў газету,яблык… Пакуль ішлі ў лес, я не заўважыла, як паспела прагаладацца, таму незамыславаты сняданак прыйшоўся нам як раз. Пакуль елі, я агледзелася навокал і, вось яно – шчасце, непадалеку ўбачыла пень увесь, няма свабоднага месца, аблеплены маладымі апенькамі.  Мы хуценька пачалі абіраць іх у кошыкі. Затым прайшлі крыху далей,дзед адгарнуў вецце арэшніка …і мы ахнулі: навокал, колькі хапала вачэй, былі грыбы!Апенькі раслі, здаецца ,паўсюль, на пнях, на дрэвах, проста на зямлі,  вялікія, як талеркі, і малыя, як гузікі. Мы асцярожна сталі праразаць сабе шлях у гэта грыбное царства.Кошыкі напоўнілі хутка, дзед скінуў кашулю, завязаў у ёй рукавы і шыю, я пасцяліла хустку… Праз якія паўгадзіны мы набраліся так, каб толькі было можна данесці. Але апенак , здавалася, менш не стала. – Прыгажосць якая… - задуменна прамовіў дзед, папыхваючы цыгарэтай, - шкада што ненадоўга. Але пойдзем дадому. І прыгожага павінна быць у меру...
Я ішла і мне не верылася, што мой дзед, які працаваў без памяці на прысядзібных сотках, ды што там казаць – выпіваў па святах і без, сварыўся з бабуляй ледзь не штодня, так любіць прыроду, так адчувае яе… Дзед і сам ужо засаромеўся сваіх пачуццяў і далей мы ішлі амаль  не размаўляючы.
Больш мы ў лес не пайшлі ў тую восень. Разам з бабуляй перабралі грыбы, частку зварылі, другую палову засушылі, потым прыйшла пара араць бульбянішча, потым церабілі буракі, звычайныя восеньскія сялянскія справы… У канцы верасня паліліся дажджы, неба зацягнулі хмары, пахаладала. Пасля школы, грэючыся на печы,я часта прысланялася шчакой да торбачкі з грыбамі, слухала, як яны шамацяць, успамінала сваю прыгоду…
   
   
 
Васіль ЦЫРКУНОЎ, краязнаўца: «Святлана – творчы і вельмі здольны чалавек. Яшчэ калі вучылася ў школе, яна пісала допісы ў раённую газету, захаплялася краязнаўствам. Уважліва сачу за яе творчасцю і жадаю ёй плёну».