ПАДЗЕВІЦКІ КАМЕНЬ-ЛЕКАР

Знаходзіцца камень-лекар паблізу бялыніцкай вёскі Падзевічы. Валун прыхаваўся на палянцы побач з дзвюма магіламі. Тут пахаваны святары, што служылі ў царкве, руіны якой выступаюць з зямлі (будавалася ў XVII стагоддзі).
Акурат на гэтым месцы да 1935 года стаяла драўляная царква. Але ў той год свайго эпагею дасягнула барацьба атэістаў супраць рэлігіі, і мясцовыя бязбожнікі са скуры вылузваліся, каб даказаць уласную адданасць “разнарадкам”, якія даводзілі з райцэнтра.
– У Велікодную ўсяночную службу, – успамінае васьмідзесяціпяцігадовая Наталля Ямбаева, - вяскоўцы быццам адчувалі нядобрае. Раней заўсёды пад час службаў у нашай царкве мужчыны знаходзіліся з правага боку ад алтару, а тут чамусьці ўсе сталі разам, хоць ніхто яшчэ не ведаў, што нашу царкву будуць ліквідоўваць. Службу вёў акурат святар Далгаполаў, а яго дочкі, Тася, Люда і Ніна, спявалі. Дзяўчаты валодалі прыгожымі, моцнымі галасамі...

Аднак тады яны ў царкве спявалі ў апошні раз. У час усяночнай на Божы храм у Падзевічах напалі камсамольцы. Яны шпурлялі ў вокны каменнем, пабітае шкло пакалечыла некалькіх вернікаў.
Традыцыйнага хрэснага ходу святар не праводзіў, бо яму паведамілі, што ў хмызняку іх з коллем у руках чакаюць усё тыя ж камсамольцы-актывісты. Так і прастаялі людзі ўсю ноч у царкве.
Што ж да валуна, то вяскоўцы нават і не памятаюць, калі ён тут з’явіўся.
– Дзяды нашы, – кажуць старыя, – бацькі, прадзеды пры дапамозе яго пазбаўляліся ад барадавак і нашчадкам сваім пра гэта паведамілі. Каб вылечыцца, трэба мезенцам левай рукі, памакнуўшы яго ў ваду, што збіраецца ў адтуліне валуна, тройчы памазаць барадаўку. Пры гэтым таксама тройчы неабходна сказаць:  “Як гэта  чыстая  вада,  няхай  будзе  чыстай мая рука (спіна, нага, жывот...)”. Але вылечыцца можна толькі пасля трохразовага наведвання каменя-лекара.
Вяскоўцы засцерагаюць, кажучы, што валун нельга скранаць з месца. Тады ён нібыта адразу ж пазбавіцца сваёй гаючай уласцівасці.
Паданне сведчыць, што ў пракаветныя часы жыла тут вельмі прыгожая і добрая душой дзяўчына Рагнеда. Многія хлопцы былі ў яе закаханыя. А яна кахала хлебароба Светлавіда.
Аднойчы дачуўся пра Рагнеду багацей Дулеба. Як убачыў дзяўчыну, так і сказаў сабе: “Будзе яна маёй жонкай!”
Рагнеда адмовіла Дулебу, і той, каб яна не дасталася ў жонкі Светлавіду, рашыў звесці дзяўчыну са свету.
Рагнеда валодала рэдкім дарам – яна ўмела лячыць людзей і жывёлу. Зёлкамі, шэптам, сваімі слязамі. Гэту здольнасць пераняла яна ад сваёй маці, якая даўно памерла.
І вось Дулеба намаўляе на Рагнеду, нібыта яна ператварылася ў нядобрую чараўніцу, стала ведзьмай. Зразумела, багатаму заўсёды лёгка за грошы знайсці патрэбных сведкаў. І на людзей быццам найшло нейкае насланнё.
Спалілі Рагнеду, як ведзьму, на вогнішчы.
Аднак неўзабаве людзі сталі знаходзіць цудадзейныя валуны. Гаючай была вада, якая збіралася ў іх адтуліне. Яна ніколі не замярзала – нават у самыя траскучыя маразы, і ніколі не высыхала. І гэта, сцвярджае легенда, не раса і не вада, а слёзы Рагнеды.
Гавораць, што такіх камянёў з адтулінамі, якія лячылі, у наваколлі было дзевяць. Аднак знайшлі, пакуль што, адзін вось тут, пад Падзевічамі.
Магчыма, што з цягам часу адшукаюцца і іншыя...