ЗАПОЛЬСКІ КРЫЖ

Адзін з самых старажытных крыжоў, які захаваўся на тэрыторыі Бялыніцкага раёна, – крыж у вёсцы Заполле.
Доўгі час каменны крыж прыцягвае да сябе ўвагу жыхароў Бялыніччыны.
Камень-крыж знаходзіцца на вуліцы Цэнтральнай, прама ля дарогі.
Вышынёй ён 1,75, шырынёй 0,67 і таўшчынёй 0,15-0,25 метра.
Старажылы вёскі расказваюць пра яго самыя неверагодныя гісторіі і легенды.

Версія I.
З даўніх часоў людзі ў вёсцы жылі звычайна: вырошчвалі хлеб, дабывалі мяса дзікіх звяроў, разводзілі пчол. На жаль, збажына расла дрэнна, таму ўраджай яны збіралі малы. На ўзгорку Заполля тады ляжаў вялікі камень і ніхто не ведаў, адкуль ён узяўся.
– Зямля “выштурхнула” яго са сваіх нетраў, – гаварылі продкі. – Бажаство ён, не йначай.
Неяк у адным годзе пайшлі працяглыя дажджы, ударылі моцныя маразы, і ўраджай прапаў цалкам. Тады ўсе жыхары сабраліся ля камня, пачалі прасіць у яго літасці і дапамогі. Доўга яны прасілі, і раптам пацямнела неба, заблішчэла маланка, загрымеў гром, ад вялікага ветру верхавіны дрэў схіліліся да самай зямлі. Напалохаліся людзі, абхапілі рукамі галовы і ўпалі на калені. Але стыхія супакоілася, усталявалася на дзіва добрае надвор’е. І тут усе ўбачылі, што на месцы камня з’явіўся крыж, а з неба да яго, быццам знак з нябёс, працягнуўся сонечны прамень. З тае пары лепш стала радзіць зямля, зажылі багацей.
Дарэчы, мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што на тым месцы, дзе знаходзіцца камень, раней былі могілкі. На камні высечана нешта падобнае на клінапісь, аднак расшыфраваць гэты надпіс не ўдалося.

Версія II.
Жыхары вёскі Заполле, дзе ляжыць камень, расказалі, што знаходзіўся ён у іншым месцы, ва  ўрочышчы Крыжы. Стаяў на беразе рэчкі. Паводле легенды, так у старажытнасці абазначалі мяжу паміж княствамі.
Хутчэй за ўсё гэта перароблены крыж. З’явіўся ён у тутэйшых мясцінах, калі хрысціянства пачало пашырацца на нашай зямлі. Змагаліся за сваё існаванне дзве рэлігіі, перамагло хрысціянства. Знайшліся разумныя людзі і сказалі: “Абчэшам ка­мень, будзе крыж”. Людзі хадзілі да крыжа, маліліся.
На запольскім крыжы, калі прыгледзецца, ёсць нейкія знакі, але ніхто не змог іх прачытаць. Там выбіты нібыта акенцы, краты, тры рысы, быццам вада льецца...

Версія III.
Калі добра прыгледзецца да крыжа, то на ім бачна выява трызубца: уверсе вялікая выява, унізе другая, значна меншая. Гэта класічная выява “кіеўскага трызубца”, знак князёў Рурыкавічаў.
Першай гістарычна вядомай выявай трызубца на Полаччыне з’яўляецца тая, што змешчана на пячатцы Полацкага князя Ізяслава канца X стагоддзя. Крыжы такой формы выкарыстоўваліся ў Кіеўскай Русі на працягу доўгага часу, імі адзначалі межы княстваў і накірункі мытных шляхоў уздоўж водных артэрый.
Вядома, што шлях з “варагаў у грэкі” праходзіў па Заходняй Дзвіне да Віцебска, далей па вадзе даходзіў да вярхоўя Дняпра паўночней Оршы, далей валокамі да Дняпра. Другі ішоў да Полацка, пасля да Лукомля – водным шляхам, затым валокамі па сушы да Друцка, далей па Друці да Дняпра.
Каменны крыж з’яўляецца сведчаннем барацьбы з язычніцкімі вераваннямі, бо пакланенне камяням-фетышам, захоўвалася і ў перыяд двухвер’я, якое працягвалася на Полацкай зямлі да XII стагоддзя.