На рубяжы стагоддзяў ранняя творчасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі адзначана шэрагам знакавых падзей: прэмія В.П.Боткіна (1899) за карціну “Вясна ідзе”, залаты медаль за карціну “Вечныя снягі” на Каўказскай юбілейнай выставе (1901), у 1904 годзе малады творца выбіраецца членам таварыства перасоўных мастацкіх выстаў, у 1908 годзе – акадэмікам жывапісу.
Творчасць Вітольда Каятанавіча атрымала прызнанне і за мяжой: у 1911 годзе ён узнагароджваецца двума медалямі міжнародных выстаў – залатым за карціну “Час цішыні. Возера Удомля” (Мюнхен) і бронзавым адзначана карціна “Зімовы сон” (Барселона).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мастак імкнецца звязаць сваю працу з грамадска-значнымі падзеямі, што адбываліся ў жыцці краіны: засноўвае Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні ў сваім лецішчы “Чайка”, удзельнічае ў рабоце аб’яднання мастакоў “Ізограф”, уваходзіць у Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыйнай Расіі.
В.К.Бялыніцкі-Біруля па праву з’яўляецца стваральнікам савецкага мемарыяльнага пейзажу “Горкі Ленінскія”, “Пушкінскія мясціны”, “Дом Чайкоўскага ў Кліну”, краявіды Яснай паляны ствараліся на працягу ўсяго яго творчага жыцця.
Адметная старонка біяграфіі нашага знакамітага земляка – шматлікія падарожжы (1930-я гады) па краіне: саўгас “Гігант”, Запаляр’е, Данбас... У час іх жывапісец стварае цыклы пейзажаў “Данбас” і “Поўнач”, якія экспануюцца на яго юбілейнай выставе і Усесаюзнай выстаўцы “Індустрыя сацыялізма”. Серыя індустрыяльных пейзажаў карыстаецца поспехам гледача, і В.К.Бялыніцкі-Біруля атрымлівае званне Заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Вітольд Каятанавіч працуе з групай мастакоў над стварэннем патрыятычнай панарамы “Абарона Царыцына”, з’яўляецца кіраўніком “Салона” мастацкага фонду, прымае ўдзел у дзвюх значных выставах: “Сямі старэйшых савецкіх мастакоў” і “Вялікая Айчынная вайна”. Яго грамадская і творчая дзейнасць адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ганаровым званнем Народны мастак БССР.
Знамянальным для мастака стаў і 1947 год. Яго 75-гадовы юбілей шырока адзначаўся грамадскасцю краіны. У Маскве з гэтае нагоды прайшла выстава, на якой быў шырока прадстаўлены ўвесь шлях майстра лірычнага пейзажа. Вітольду Каятанавічу прысвоена званне Народнага мастака Расіі, ён быў выбраны правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР, узнагароджаны другім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Значнай падзеяй для яго была паездка на радзіму, што ажыццявілася ў тым жа 1947 годзе. З вялікім творчым натхненнем ён стварае цыкл кранальных пейзажаў “Беларусь”.
Зрэшты, менавіта Бялыніччына, Беларусь зрабілі Вітольда Каятанавіча пранікнёным песняром прыроды, якіх у сусветным мастацтве не так ўжо і шмат. “Я – беларус, - казаў ён. – Я нарадзіўся ў маёнтку каля Бялынічаў, на Магілёўшчыне. Там прайшлі мае дзіцячыя гады”.
У 1950-ыя гады, ужо цяжка хворы, Вітольд Каятанавіч піша поўныя аптымізму, паэзіі і хараства пейзажы-роздумы, пейзажы-ўспаміны “Дні юнага мая”, “Дні майскіх навальніц”, “Поўдзень палярнай восені”...
Памёр В.К.Бялыніцкі-Біруля 18 чэрвеня 1957 года, на 86 годзе жыцця.
Ён вельмі любіў жыццё і даў людзям вялікае шчасце глядзець на прыроду яго вачыма, бачыць у ёй тое непаўторна-зменлівае, запаведнае і запаветнае, што хвалюе і прымушае мацней любіць Радзіму. Ён да апошніх дзён сваіх спавядаў праўду жыцця ў мастацтве, збярог любоў да роднай прыроды і народа, захаваў вернасць тым прынцыпам, якія дазваляюць выказваць у мастацкіх творах глыбокія думкі.
Памяць выдатнага мастака XIX-XX стагоддзяў ушанавана ў назвах – раённага мастацкага музея, дзіцячай школы мастацтваў, Цяхцінскага ВПК ДССШ, вуліц аграгарадка Цяхцін, Бялынічаў і Магілёва. У абласным цэнтры дзейнічае музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі, як філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у экспазіцыях якога найбольш шырока і поўна прадстаўлена жыццё і творчая спадчына нашага суайчынніка і земляка. У Нацыянальным мастацкім музеі працуюць дзве залы з лепшымі творамі жывапісца. У цяхцінскіх Крынках на стромкім беразе Друці ўстаноўлены мемарыяльны знак. Пачынаючы з 1996 года на Магілёўшчыне праводзяцца рэгулярныя Міжнародныя пленэры “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”.
Бялыніцкі райвыканкам у 2011 годзе заснаваў спецыяльную прэмію імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, якая прысуджаецца за значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва, актыўную асветніцкую дзейнасць.