ГАЮЧАЯ ВАДА ФЯДОРЫ

Вядомая лекарка Фядора Данілаўна Конюхава жыве ў вёсцы Пільшычы. Вестка аб тым, што яна валодае здольнасцю лячыць людзей з дапамогай мясцовай вады і гліны, разнеслася далёка за межы Бялыніцкага раёна. На­родная лекарка дапамагла пазбавіцца ад некаторых хвароб многім сваім землякам, жыхарам Расіі, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі, Польшчы.
Фядора Данілаўна гаворыць, што атрымала свае веды і здольнасці ад Бога і прыроды. “Мой радавод асаблівы, і ў нас асаблівая энергія”, - тлумачыць лекарка.
Нарадзілася Фядора ў вёсцы Пільшычы ў Бялыніцкім раёне. У гэтых мясцінах,  як яна сцвярджае, было шмат цэркваў, якія цяпер “ззяюць з-пад зямлі”.
Тут здаўна жылі яе продкі, прашчуры. І ад іх, верыць лекарка, ёй дасталася сіла.

У сям’і Конюхавай былі людзі з незвычайнымі здольнасцямі: дзед, які быў ваенным хірургам, і бабуля, якая таксама была доктаркай і лячыла людзей пад гіпнозам.
Бацька Фядоры Данілаўны пасля рэвалюцыі кіраваў калгасам у Пільшычах. Аднойчы, калі ў калгасе наразалі зямлю пад агароды, нехта кальнуў яго шылам пад лапатку. Вось тады ён і заўважыў незвычайныя здольнасці сваёй 3-гадовай дачкі Фядоры: калі малая прыязджала да яго ў бальніцу, яму станавілася нашмат лягчэй, сціхала боль. Бацька ўпэўніўся, што яго дачцэ абавязкова патрэбна медыцынская адукацыя. Аднак вайна перакрэсліла гэтыя планы.
Пасля вайны Фядора пайшла працаваць, стала майстрам-нікеліроўшчыкам. У жанчыны нарадзілася чацвёра дзяцей, з Беларусі яна з сям’ёй пераехала ў Казахстан.
Нечакана зразумець сваё прызначэнне Фядоры Данілаўне дапамагла аўтааварыя, у якую яна трапіла. Ёй ледзь не паралізавала левую руку, і ўрач настойліва параіў ёй асвоіць навыкі масажысткі, каб пастаянна рухаць рукой, ганяць кроў і развіваць   мышцы.   Яна   пачала   прымаць   пацыентаў  дома,  і неўзабаве людзі сталі казаць, што пад пальцамі Фядоры адступаюць хваробы. Ёю зацікавіліся навукоўцы з Алматы і нарэшце прызналі, што Конюхава выяўляе пры доследах вялікую энергетычную сілу. І тут, у сялянкі з беларускай вёскі Пільшычы, пачалося новае жыццё.
Фядора Данілаўна апынулася ў Маскве, дзе працавала разам з навукоўцамі. Дакладней – спецыялісты вывучалі яе. Яны выявілі, і пра гэта шмат пісалі ў прэсе, што жанчына валодае магутным біяполем. У інфрачырвоным святле фатаграфавалі яе рукі, і на здымках бачны ўсплёскі энергіі. З’явілася нават інфармацыя, што рукі Конюхавай выклікаюць актывізацыю абменных працэсаў у арганізме чалавека і стымулююць імунітэт.
Дарэчы, у Маскве яна паспрабавала лячыць людзей на адлегласці, пры тэлефоннай размове. І выявілася, што яна прыносіла людзям палёгку, асабліва хворым на астму.
Яна працавала і з фотаздымкамі: вызначала, напрыклад, мёртвы чалавек ці жывы. Потым з сотні фотакартак выбірала выяву чалавека, які мог мець дачыненне да злачынства. Але пасля гэтага сутыкнулася з ананімнымі пагрозамі, і больш з праваахоўнымі органамі не супрацоўнічала, а займалася толькі лекарствам.
Але ў Маскве Фядора Конюхава не прыжылася, нягледзячы на абяцанкі ўплывовых людзей уладкаваць яе і даць добрае жытло. Неўзабаве лекарка вырашыла вярнуцца на радзіму, у Беларусь, і растлумачыла гэта поклічам продкаў.
У роднай вёсцы Пільшычы яна пачала ўсё наноў – працаваць і будаваць сваю сядзібу. Там ёсць цяпер дом, гатэль для пацыентаў, гаспадарчыя пабудовы і яшчэ калодзежы.
Фядорыны крыніцы – гэта мясцовая славутасць. Яна гаворыць, што ў яе бачаннях ёй адкрываецца, дзе і як капаць. Першы свой калодзеж яна выкапала яшчэ ў 1945 годзе, каля матчынай хаты. Цяпер жа ў лекаркі шэсць крыніц.
- Вада, як і іншыя рэчы, мае сваю энергію, сваю памяць, -  тлумачыць асаблівасці сваёй вады Фядора Данілаўна. – Вучоныя растлумачылі мне, што гэта вымяраецца ў адзінках. Дык вось у звычайнай вадзе ёсць недзе 4 адзінкі, а ў маёй – 30 тысяч. Так што мая вада – сапраўды жывая.
Выдатная пітная вада, пісалі пра крыніцы Фядоры Данілаўны, таксама мяняецца пасля апраменьвання яе біяполем і яна атрымлівае ледзь не процівірусныя ўласцівасці.
І сама яна ўпэўнена, што яе вада – панацэя. Асабліва, гаворыць жанчына, яна дапамагае ад хвароб страўніка і пячонкі, ад галаўных боляў.
Фядора Данілаўна лічыць, што выглядае маладзей за свае гады менавіта таму, што сваёй вадой умываецца штораніцы і таму, мае зусім іншае самаадчуванне. Яна таксама лічыць, што на гэтай вадзе карысна гатаваць ежу. І нават калі папырскаць вадой на ложак, то і сон, адпачынак будуць іншымі, лепшымі. “Каму трэба мая вада, той прыедзе і возьме”, - гаворыць лекарка.
Таксама Фядора Данілаўна лечыць глінай. Яна кажа, што зямля яе продкаў мае гаючыя ўласцівасці, а пасля накладання рук, як яна кажа, атрымлівае “энергетычную моц”.
Фядора Данілаўна заяўляе, што яна – чыстакроўная беларуска і шчырая праваслаўная хрысціянка. Яна і пры лячэнні можа прымяніць малітву.
Конюхава ніколі не была атэісткай і верыла ў Бога з дзяцінства. Аказваецца, яе бацька вучыўся ў духоўнай семінарыі, і хоць не давучыўся, а потым яшчэ і партыйным стаў, усё ж заўсёды казаў сваім дзецям пра Бога і тайна пахрысціў іх.
Рэлігійныя перакананні лекаркі не абмяжоўваюць яе справы. Яна лічыць, што прызначана дапамагаць людзям усіх канфесій і нацыянальнасцяў.
Я павінна лячыць усіх, таму і атрымала ад Бога такую моц, - тлумачыць Фядора Данілаўна. – Усе людзі роўныя – і хрышчоныя, і нехрышчоныя. У кожным чалавеку ёсць свае сіла і энергія, і кожны нясе сваю годнасць. Я рада ўсім пацыентам.