АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ  БЯЛЫНІЦКАЙ

Наконт паходжання цудадзейнага абраза і даты яго з’яўлення ў Бялынічах існуе мноства самых разнастайных легендаў.
Паводле адной з іх, якой прытрымліваюцца праваслаўныя, з’яўленне абраза адносіцца да першай паловы XIII стагоддзя і звязана з нападам мангола-татараў на Кіеў. Калісьці, у 1240 годзе, каб зберагчы святыні Кіева-Пячэрскай лаўры ад татара-мангольскіх захопнікаў, манахі везлі іконы далей ад Кіева. Аднойчы яны спыніліся на начлег у тутэйшых мясцінах. Адзін з манахаў ноччу прачнуўся ад моцнага свячэння, якое ішло ад іконы Маці Божай. Паводле падання, назва Бялынічы звязана з цудоўным святлом сярод ночы (Белы — нібы белыя ночы).
Манахі з Кіева зразумелі, што гэта благаславенне Маці Божай і ікона павінна застацца ў гэтых мясцінах.
Там, дзе начавалі манахі, быў пабудаваны храм, дзе і стаяла ікона. 3 таго часу праваслаўныя веруючыя заўсёды ідуць да іконы Бялыніцкай Маці Божай, каб пакланіцца ёй і папрасіць дапамогі. Раней паломнікі, перад тым як наведаць Кіева-Пячэрскую лаўру, павінны былі пакланіцца Нябеснай Заступніцы з Бялынічаў.
Каталікі сцвярджаюць, што абраз напісаў анёл, які з’явіўся ў Бялыніцкім кармеліцкім кляштары неўзабаве пасля яго пабудовы (1624) пад выглядам пілігрыма.
У 1660 годзе, калі чарговая пагроза вайны наблізілася да Бялыніччыны, абраз перадаецца на захаванне Ў Ляхавічы. Сцвярджаецца, што ён цудатворна выратоўвае Ляхавіцкую крэпасць ад захопу вайсковымі аддзеламі маскоўскага ваяводы Хаванскага і шведскімі атрадамі. Гэта дазволіла сучаснікам  правесці параўнанне з вядомым заступніцтвам Чанстахоўскага абраза. Менавіта таму Бялынічы ў XVIII-XIX стагоддзях называлі беларускай Чанстаховай. Цудатворны абраз, вернуты ў Бялынічы намаганнямі Алены і Ігнацыя Агінскіх, прыцягваў да сябе незлічоную колькасць паломнікаў усіх хрысціянскіх канфесій.
21 верасня 1761 года ў Бялынічах адбылася каранацыя абраза Маці Боскай. Спонсарамі ўрачыстасцяў у асноўным выступілі тагачасныя ўладальнікі мястэчка — вялікі літоўскі маршалак Ігнацы Агінскі, яго жонка Алена, прадстаўнікі роду Радзівілаў.
Уноч з 11 на 12 красавіка 1876 года (па старым календары) адбылося перахрышчэнне касцёла ў Раства-Багародзіцкую царкву. Цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай, які перайшоў да праваслаўных вернікаў, па-ранейшаму працягваў рабіць цуды, дапамагаючы людзям у бядзе і ў просьбах іхніх.
Польскі даследчык  касцельнай гісторыі Вацлаў Навакоўскі ў свой час выказаў гіпотэзу, што настаяцель Бялыніцкага кармеліцкага кляштара Люцыян Гадлеўскі перад сваёй смерцю (10 лютага 1876), прадбачачы хуткае закрыццё касцёла, нібыта схаваў цудадзейны абраз у адным з памяшканняў падземнага ходу, а ў алтары змясціў копію.
Напрыканцы снежня 1930 года Бялыніцкі райкам партыі ліквідоўвае Раства-Багародзіцкую царкву, цудатворны абраз адсылаецца ў Магілёў, дзе знаходзіцца з крыжам Еўфрасінні Полацкай. Знік разам з ім у пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Шматлікія спробы адшукаць гэтыя рэліквіі, у тым ліку і ў краінах далёкага замежжа, пакуль поспеху не прынеслі.
Цудатворны Бялыніцкі абраз для ўсходняй Беларусі вякамі быў такой жа вялікай святыняй, як і ікона Жыровіцкай Маці Божай для заходняга краю.