окна фотограф html php памятники знакомства
img01

АЛЕШКАВІЦКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №18
ЧЫТАЦЬ

img01

ВІШОЎСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №6

АГРАГАРАДКА ВІШОЎ
ЧЫТАЦЬ

img01

ГАЛОЎЧЫНСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №12

АГРАГАРАДКА ГАЛОЎЧЫН
ЧЫТАЦЬ

img01

ІСКРАЎСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-КЛУБ №40

АГРАГАРАДКА ІСКРА
ЧЫТАЦЬ

img01

КУДЗІНСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №13
ЧЫТАЦЬ

img01

ЛАНЬКАЎСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №14

АГРАГАРАДКА ЛАНЬКАЎ
ЧЫТАЦЬ

img01

МАСЦІШЧАНСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №8
ЧЫТАЦЬ

img01

СВЯЦІЛАВІЦКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №1

АГРАГАРАДКА СВЯЦІЛАВІЧЫ
ЧЫТАЦЬ

img01

ЦЯХЦІНСКАЯ

СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №34

АГРАГАРАДКА ЦЯХЦІН
ЧЫТАЦЬ

КНІГАДРУКАВАННЕ НА БЯЛЫНІЧЧЫНЕ

Кнігадрукаванне ўзнікае ў эпоху Адраджэння і выклікана дасягнутым узроўнем і патрэбамі развіцця грамадства.

На мяжы XV-XVI стагоддзяў друкаваная кніга набывае важнае значэнне ў жыцці асобнага чалавека і грамадства ў цэлым, бо ўжо напачатку свайго існавання яна рассоўвае вузкія рамкі дагматычных сярэднявечных уяўленняў пра свет, знаёміць людзей з дасягненнямі еўрапейскай і сусветнай культур і паступова, але няўхільна, падрывае манаполію царквы ў духоўным жыцці.

Таму відавочнымі становяцца прычыны хуткага пашырэння і развіцця кнігадрукавання на абсягах Еўропы і Вялікага княства Літоўскага. Натуральна, што яно не магло абысці і Бялынічаў, якія дзякуючы кармеліцкім кляштару і касцёлу, цудадзейнаму абразу Боскай Маці з’яўляліся адным з важнейшых рэлігійных цэнтраў на Беларусі.

Друкарня ў Бялынічах заснавана была напачатку XVII стагоддзя на фундуш уладальніка мястэчка Льва Сапегі, на базе якой пазней узнікае і гравёрны цэх. Яна дзейнічала пры кармеліцкім кляштары. Мясцовыя друкары ў асноўным арыентаваліся на выпуск літаратуры рэлігійнага зместу, якая прапагандавала каталіцызм. Існуюць звесткі, што тут выдаваліся і буквары. Мовай выданняў з’яўлялася выключна польская ды лацінская.

На сёння вядомы назвы толькі дзвюх кніжак, якія пабачылі свет у Бялынічах.

У 1652 годзе тут выходзіць «Памінальнае слова пра Т. Сапегу, жонку падканцлера Вялікага княства Літоўсгага, Рускага і Жамойцкага, аршанскага старасты, якое сказаў камісар канвентаў беларускіх кармелітаў у Бялынічах 22 лістапада 1652 года».

Наступным годам пазначаны выхад кнігі Барталамея Гінтара «Месяц, праўдзівы сведка на небе чалавечай на свеце нікчэмнасці, у гадавіну смерці святой памяці яснавяльможнага Яго міласці пана Адама Гераніма з Гранава Сяняўскага графа на Шклове і Мышы, пісара польнага кароннага, Львоўскага старасты і інш., выкліканы і з’яўлены праз Барталамая Гінтара, каноніка Камянецкага, пробашча і дэкана Меджыбоцкага ў касцёле канвентуальным айцоў дамініканаў у Шклове. I праз таго ж сведку на перасцярогу людзям да друку пададзены ў Бялынічах, у друкарні айцоў кармелітаў пры фундацыі яснавяльможнага Яго міласці пана Казіміра Лявона Сапегі падканцлера Вялікага княства  Літоўскага».

Праблематычным пакуль застаецца пытанне спынення дзейнасці друкарні. Хутчэй за ўсё яна закрылася на самым пачатку новага стагоддзя падчас руска-шведскай вайны.

 

 

 

 
 
 
Адраджэнне

Адраджэнне, Рэнесанс, эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (XIV - першая палова XVIIст.). Абумовіла прагрэсіўныя змены ў эканамічным і сацыяльна-палітычным жыцці еўрапейскіх краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў буржуазных адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеадальных рухаў і рэлігійнай барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце “Адраджэнне” ўключаюць таксама грамадска-культавы рух у еўрапейскіх, у тым ліку славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культурным уздымам, вызваленчай барацьбой, абуджэннем нацыянальнай свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці.  
Максім Багдановіч, аўтар паняцця “беларускае адраджэнне”, уключаў у гэты працэс і нацыянальна-культурнае развіццё беларускага народа ў XVI - пачатак ХХ ст.  
Характерная асаблівасць адраджэння – зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрапейскай культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі – прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і палітычныя дзеячы і інш.
У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманістычны светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сацыяльнай рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебуржуазнымі, саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэлігійнымі, хрысціянскія – з язычніцкімі, натуралістычныя і навуковымі – з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» – з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека – з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха адраджэння адметная вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі, буйнымі дасяганеннямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.

 
 
Бялынічы

Бялынічы (цяпер гарад раённага падпарадкавання, цэнтр Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства, на рацэ Друць.
Вядомы з сярэдзіны XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводсцтва Вялікага княства Літоўскага.
У 1577 годзе ў складзе маёнтка Цяцерын належалі князю С.А.Збаражскаму, які заснаваў тут замак (Белагарадок) і мястэчка. Пасля яго смерці (1585г.) перайшлі да яго дачкі Барбары, жонкі паляка Г.Танчынскага.
У пачатку XVII ст. яна прадала частку Бялыніч з воласцю свайму айчыму, канцлеру Вялікага княства Літоўскага Л.І.Сапегу (быў жанаты з удавой князя Збаражскага).
У 1620 годзе былі 331 вулічны і 16 гандлёвых пляцаў. Уладальнік мястэчка спаганяў з жыхароў грашовы чынш (паводле інвентару 1624 года – 4 тыс. злотых).
У 1624 годзе Сапега заснаваў Бялыніцкі кляштар кармелітаў, якому падараваў зямлю з некалькімі вёскамі і фальваркам: пры кляштары быў пабудаваны драўляны касцёл.
У 1624 годзе коштам малодшага сына Сапегі Казіміра Льва алтар касцёла аздоблены серабром, а Бялыніцкі абраз Маці Божай – каштоўнымі камянямі. Ён жа заснаваў пры кляштары друкарню (дзейнічала ў сярэдзіне XVII ст.). Бялыніцкі кляштар стаў адным з найбагацейшых на Беларусі.
У 1630 годзе ў Бялынічах 513 дымоў (двароў).
Пасля смерці бацькі (1633г.) уладальнікам мястэчка стаў пісар ВКЛ К.Л.Сапега. Пры ім 4 кастрычніка 1634 года фундацыйны прывілей Бялынічам на самакіраванне па узору магдэбурскага права падпісаў кароль польскі і Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Уладзіслаў Ваза. Вядома таксама, што ў 1703 годзе мястэчка атрымала іканфірмацыйны прывілей. З атрыманнем прывілею мястэчка станавілася аўтаномнай юрыдычнай адзінкай, а насельнікі яго кіраваліся асобнымі законамі. Гараджане вольных (магдэбурскіх) гарадоў і мястэчак вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, ім гарантаваліся свабодныя заняткі рамяством, гандлем, дазвалялася выбіраць свой орган улады (магістрат, ратушу), суд, ствараць аб’яднанні рамеснікаў – цэхі. Кожнае магдэбурскае месца атрымлівала ўласныя герб і пячатку, прывілей. Апошні фіксаваўся на аркушы, выдаваўся ўладзе мястэчка і захоўваўся ў дзеля гэтага службовых асобаў.
У 1635 годзе Сапега выкупіў у Г.Керлы (нашчадка Збаражскіх) другую частку мястэчка.
У ходзе вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654-1667гг. Бялынічы на некалькі гадоў апынуліся пад загадам расійскай ваеннай адміністрацыі. Паводле Андрусаўскага перамір’я 1667 года вернуты ў склад Рэчы Паспалітай.
К.Л.Сапега, які не меў нашчадкаў, у 1656 завяшчаў Бялынічы свайму далёкаму родзічу Крыштофу Сапегу і Ганне Сапяжанцы – жонцы С.Нарушэвіча.
У 1662 годзе Нарушэвічы сваю частку таксама прадалі Сапегу.
У 1665 годзе маёнтак трапіў да сына Крыштофа – Андрэя Францішка. Пасля смерці апошняга (1681г.) яго брат Уладзіслаў у 1685 годзе прадаў мястэчка Катарыне – удаве віленскага ваяводы Міхала Казіміра Радзівіла.
Бялынічы паслядоўна належалі яе сынам Ежы Юзафу і Карлу Станіславу, а потым здадзены ў арэнду Я.К.Лендарфу.
У 1733 годзе яго ўдава Абрамовіч выйшла замуж за князя Марцыяна Міхала Агінскага, у выніку маёнтак перайшоў у фактычнае валоданне Агінскіх. Пасля яго смерці (1750г.) Бялынічы належалі яго старэйшаму сыну Ігнацію і жонцы апошняга Алене.
У Бялынічах да цудатворнага абраза Маці Божай пачалося масавае паломніцтва вернікаў, мястэчка сталі называць «Рускай Чанстаховай».
У другой палове XVIII ст. тут дзейнічаў таксама невялікі жаночы кляштар марыявітак, дзе быў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхецкіх дачок.
Праз Бялынічы праходзіў гандлёвы шлях, звязваў цэнтр Беларусі з Расіяй.
У XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772г.) былі далучаны да расійскай імперыі, знаходзіліся у складзе Магілёўскага павета. Кацярына II даволі лаяльна паставілася да жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак, якія валодалі магдэбурскім правам і не пасягала на іхнія вольнасці ды прывілеі. Але нехарактэрны для расійскага трону лібералізм мусіў патрываць нядоўга. Неўзабаве на інкарпараваных землях пачалася рэформа сістэмы органаў дзяржаўнага кіравання, падчас правядзення якой усе беларускія магдэбурскія гарады і былі пазбаўлены ранейшых вольнасцяў, ільгот, прывілей ды манаполій. Зразумела, месцічы паспрабавалі бараніць свае інтарэсы і правы.
Пазбавіўшыся статуса жыхароў вольнага мястэчка, пачалі хадайнічаць перад новымі ўладамі і бялынічане. Яны нават распачалі судовы працэс. Справа гэта аказалася надзвычай няпростай – высвятленне ўсіх акалічнасцяў доўжылася напрацягу 29 гадоў (1803-1832). Для пацвяржэння сваіх правоў бялынічане прадставілі ў Магілёўскі павятовы суд, а затым і ў Сенат арыгіналы двух прывілеяў гарадоў на магдэбурскае права – фундацыйны 1634 года і канфірмацыйны 1703.
Але Сенат гэтыя дакументы назваў “несапраўднымі”, што надзвычай абурыла хадайнікаў. Каб адбіць ахвоту і надалей дамагацца сваіх законных правоў у адносінах да найбольш актыўных бялынічан былі прыняты рашучыя меры: яны абвінавачаны, як “возмечтавшие о мнимой вольности”, былі залічаны ў прыгонныя, а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сібір.
1861 год – цэнтр воласці.
1924 год – цэнтр раёна, а з 27 верасня атрымліваюць статус гарадскога пасёлка.

 
 
Бялыніцкі кляштар кармелітаў

Бялыніцкі кляштар кармелітаў існаваў у 1624-1832 гадах у мястэчку Бялынічы, заснаваны Л.Сапегам. Атрымаў фундушавыя вёскі Вугольшчына, Царковішча, Цяхціц (у 1667 годзе меў 30 дымоў). Першыя драўляныя будынкі кляштара ў 1742 годзе згарэлі, мураваныя пабудовы ўзведзены ў 1742-1761гг.
У 1763, калі ўласнікамі Бялыніч былі Агінскія, асвячоны касцёл Унебаўзяцця Маці Божай. Прыёр кляштара П.Пятроўскі. Пасля пажару ў 1859 годзе касцёл быў рэстаўрыраваны. Уяўляў сабою З-нефавую базіліку, сцены размаляваны альсэка сюжэтнымі кампазіцыямі, 9 алтароў аздоблены разьбой і лепкай (майстры: маляры Шульц і Слудзінскі, тынкоўшчык Себасцьян, арганны майстар А.Мацэвіч, злотнік Сліжык, ліцейшчык Пігарэвіч). Будынак кляштара Т-падобны ў плане, 2-3-павярховы,унутры сцены таксама размаляваны.
У сярэдзіне XVII ст. пры кляштары працавала друкарня. У касцёле знаходзіўся Бялыніцкі абраз Маці Божай. Тут пастаянна жыў папскі нунцый, адбываліся ўрачыстыя фэсты з працэсіямі; існаваў аркестр. У касцёл хадзілі вернікі праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў.
Пасля закрыцця кляштара і спробы ў 1867 зачыніць касцёл быў асвячоны 11 красавіка 1876 года ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы.
У 1877 годзе ў Бялыніцкі кляштар кармелітаў пераведзены Тупічаўскі мужчынскі манастыр.
Пасля 1930 года будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, потым склад, у 1960-я гады знесены. Корпус кляштара быў узарваны ў 1970-я гады.

 
Бялыніцкі абраз Маці Божай

Бялыніцкі абраз Маці Божай, адна з хрысціянскіх святынь Беларусі. Вядомы з 1623, знаходзіўся ў Бялыніцкім кляштары кармелітаў. Паводле іканагарафіі – Адзігітрыя з дзіцем на левай руцэ і са скіпетрам у правай. Згодна з паданнем, твары Марыі і Ісуса былі намаляваны анёлам. Існавала версія пра паходжанне абраза з Куцеінскага манастыра. У 1635 шату на абраз падараваў К.Завіша. Абраз набыў славу ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67, калі знаходзіўся ў Ляхавіцкім замку і, як лічылі сучаснікі, дапамог вытрымаць аблогу расійскіх войск І.А.Хаванскага. Дакладна невядома, калі абраз вярнуўся ў Бялынічы, але з канца XVII ст. тут фіксаваліся цудоўныя вылячэнні і выратаванні з яго дапамогай.
У 1761 адбылося ўрачыстае ўвянчанне абраза каронамі, асвячонымі ў Рыме (на сродкі Агінскіх і Сапегаў).
У другой палове XVIII-XIX ст. абраз карыстаўся вялікай пашанай у хрысціян розных канфесій, асабліва ва ўсходняй Беларусі; копіі з яго вядомы іў іншых рэгіёнах. Ініцыятарамі яго культу былі кармеліты. Да абраза адбываліся шматлікія працэсіі і паломніцтвы, а Бялынічы называлі Беларускай Чанстаховай. Свята абраза адзначалася 12 красавіка. Абраз застаўся на сваім месцы і пасля перадачы ў 1876 годзе Бялыніцкага касцёла праваслаўнаму духавенству.
У 1930-я гады пасля закрыцця царквы абраз захоўваўся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, адкуль знік у час Другой сусветнай вайны.
Быў выдатным помнікам беларускага іканапісу, найбольш дакладная копія сярэдзіны XVII ст. знаходзіцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэмии навук Беларусі.

 
Вялікае княства Літоўскае

Вялікае княства Літоўскае, ВКЛ, Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), афіцыйная назва – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, якая займала тэрыторыю Беларусі і Літвы (у ХІІІ-XVIII ст.), Жэмайціі (з 1450-х гадоў), часткі «ўкраінных» (ускраінных) зямель (Кіеўская, Чарнігаўская землі і Валынь з 1360-х гадоў), часткі вяліка-сійскіх зямель (у XІV – пачатку XVI ст.).
Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі беларускія землі верхняга і сярэдняга Панямоння, так званая Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі са сталіцай у г. Новагародку.
Вытокі беларускай дзяржаўнасці адносяцца да ўзнікнення Полацкага і Тураўскага, а пазней Гарадзенскага, Новагародскага, Смаленскага і іншых княстваў, а створаная ў гэты час матэрыяльная і духоўная культура стала падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў на беларускіх землях у ХІІІ-XIVст.
Вялікае княства Літоўскае узнікла ва ўмовах пастаяннай жорсткай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця.
Утварэнне дзяржавы дало магчымасць народам гэтага рэгіёна адстаяць сваю незалежнасць і стварыла ўмовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага іх развіцця.
Уключэнне беларускіх зямель у склад навастворанай у сярэдзіне ХІІІ ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася шляхам пагадненняў вялікіх князёў літоўскіх з феадаламі беларускіх, а потым і ўкраінскіх зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання (паводле прынцыпу «старыны» — «мы старыны не рушым»).

 
 

На мяжы XII-XIV ст. Бялыніцкая зямля поруч з іншымі беларускімі тэрыторыямі ўвайшла ў склад магутнейшай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

У XV стагоддзі цэнтральная і ўсходняя часткі сучаснай тэрыторыі раёна адносіліся да воласці, цэнтрам якой быў замак Цяцерын. Тэрыторыя воласці прасціралася на поўдзень паабапал Друці праз увесь цяперашні Бялыніцкі раён.
Цяцерынская воласць належыла князю Сямёну Лугвену Альгердавічу, – галоўнай вотчынай якога было Мсціслаўскае княства.
Паблізу Мсціслаўя князь заснаваў праваслаўны Анупрыеўскі манастыр, – якому і ахвяраваў «даніну мядовую цяцерынскую». Гэтае прынашэнне ўзгадваецца і больш познім дакуменце, які датуецца 1468 годам, калі ўнук Сямёна князь Іван Юр’віч Мсціслаўскі пацвердзіў манастыру папярэднія прывілеі бацькі і дзеда. У гэтым дакуменце прыгадваецца шэраг сялянскіх павіннасцяў ў сяле Галоўчын на карысць Анупрыеўскага манастыра.
Пасля смерці Сямёна ў 1431 годзе яго валоданні перайшлі да сына Юрыя. Аднак ён страчвае іх праз год, калі выступіў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.
Праз пяць гадоў Юрый замірыўся з новым вялікім кня­зем Казімірам і атрымаў свае вотчыны назад. У далейшым Галоўчын разам з Цяцерынскай воласцю з’ўляўся ўласнасцю князя Івана Мсціслаўскага.
У 1501 годзе Аляксандр Казіміравіч падараваў Галоўчын сваёй жонцы Алене, якая была дачкой маскоўскага князя Івана ІІІ. Праз восем гадоў Алена Галоўчын разам з усходняй часткай бялыніцкай зямлі дорыць маскоўскаму паводле паходжання князю Мацвею Мікіцінічу.
Пасля раптоўнай смерці Алены у 1513 годзе воласць адышла да вялікага князя Жыгімонта І.
Да сярэдзіны ХVI ст. Галоўчын і раздробленая на часткі Цяцерынская воласць уваходзіла ў склад Віленскага ваяводства.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565 года бялыніцкія землі ўваходзяць у склад трох валасцей Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Асноўная частка падпарадкоўвалася Цяцерынскаму валасному ўпраўленню, паўночна-заходняя ад Эсьмонаў да Клёўкі, паабапал ракі Клява – Барысаўскаму, ад Карытніцы да Замачулля – Любашанскаму. І зусім невялічкая частка земляў ад Пільшычаў і далей на поўдзень увайшла ў склад Быхаўскага графства.
Бялынічы і Галоўчын з’яўляліся мястэчкамі. У іх меліся замкі, яны з’ўляліся цэнтрамі маёнткаў.
У 1577 годзе ў сувязі з размежаваннем паміж Цяцерынскім маёнткам князя Збаражскага і маёнткам Галоўчын, што належыў князю Шчаснаму Яраслававічу Галоўчынскаму, вылучаецца Галоўчынская воласць, складнікамі якой сталі землі абапал ракі Вабіч з вёскамі Кудзін, Свяцілавічы.
У ХVI ст., акрамя Галоўчына і Бялынічаў на мапе нашых земляў з’яўляюцца такія паселішчы, як Алешкавічы, Ількавічы, Ігліца, Дабрылавічы і інш.
Мястэчкі Галоўчын і Бялынічы, як і гарады, станавіліся цэнтрамі рамяства і гандлю. Звычайна , 20-30 адсоткаў жыхароў іх былі рамеснікамі, налічвалася па 15-20 прафесій.
Аднак асноўным заняткам заставалася сельская гаспадарка.
3 канца ХIV стагоддзя буйных земляўласнікаў сталі называць панамі, а самых буйных – маг­натамі. Феадалы мелі права на суд над залежным ад іх насельніцтвам. За карыстанне зямлёй сяляне павінны былі выконваць павіннасці. Паводле сваіх абавязкаў яны падзяляліся на цяглых і дваровых.
Цяглыя спачатку выплочвалі аброк, а ў пачатку ХV ст. былі пераведзены на чынш.
Дваровыя сяляне адбывалі паншчыну.
У 1557 годзе з’ўляецца дакумент за подпісам Жыгімонта Аўгуста «Устава на валокі».
У адпаведнасці з патрабаваннямі яго, была праведзена разбіўка зямлі на валокі – 21,36 гектара. Звычайна, валока адводзілася ў 30 моргаў па 10 у кожным полі. Пры гэтым уладальнікі зямлі адбіралі лепшыя ўчасткі ў сялян пад свае гаспадаркі – фальваркі.

 
Гінтар Барталамей

Гінтар Барталамей, канонік Камянецкі, пробашч і дэкан Меджыбоцкі.
Аўтар другой па ліку вядомай на сёння кнігі "Месяц, праўдзівы сведка на небе чалавечай на свеце нікчэмнасці. На гадавіну смерці графа Адама Гераніма Сіняўскага", якая была выдадзена 18 студзеня 1653 года ў друкарні Бялыніцкага кармеліцкага касцёла.

 
Сапега Леў Іванавіч

Сапега Леў Іванавіч нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў в. Астроўна Віцебскага павета, цяпер у Бешанковіцкім раёне, памёр 7 ліпеня 1633 года.
Беларускі дзяржаўны дзеяч Вялікага княсітва Літоўскага.
Са старэйшай, чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў, сын Івана Іванавіча Сапегі, старосты драгічынскага і падстаросты аршанскага, і Багданы Друцкай-Саколінскай. Пісар вялікі ВКЛ у 1581-1585гг., падканцлер у 1585-1589гг., канцлер у 1589-1623, ваявода віленскі з 1623 года і адначасова гетман вялікі з 1625 года.
Праваслаўны, вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570-1573гг. у Лейпцыгскім універсітэце, дзе перайшоў у кальвінізм. Добра ведаў замежныя мовы.
У 1579-1551 гады на чале гусарскай харутвы прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558-1583гадоў. Разам з канцлерам А.В.Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
У 1584 годзе падпісаў у Маскве пагадненне аб новым перамір’і.
У 1586 годзе перайшоў у каталіцтва.
У час бескаралеўя ў 1587 годзе прапаноўваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы.
Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў.
3 1589 года як канцлер стаў кіраўніком знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ.
На царкоўным саборы ў Брэсце ў 1596 годзе як каралеўскі камісар выступіў у абарону царкоўнай уніі.
Па яго загадзе ў 1594-1607 гадах былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі  ў  непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу).
У 1600-1601 гадах узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў, але дзяржаўнай уніі з Масквой не дамогся. Сапега не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай.
У 1609 годзе, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гадоў і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II.
Удзельнічаў у аблозе Смаленска і падтрымаў кандыдатуру каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча на маскоўскі трон.
У 1617-1618 гадах садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву, выставіў гусарскую і пяхотную роты і суправаджаў Уладзіслава да Вязьмы.
У кастрычніку 1618 года вярнуўся да каралевіча пад Маскву, у Тушына.
Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618 года.
Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 годзе Сапега ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства.
У 1625 годзе удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-1629 гадоў на чале дывізіі ў Інфлянтах.
У сваей палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588 года, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў ВКЛ.
Сапега быў адным з багацейшх магнатаў, меў маёнткі з цэнтрамі ў Ружанах, Друі, Іказні, Чарэі, Талачыне, Копысі, Круглым, Коханаве, Бялынічах, Лепелі, Асвеі, Бешанковічах, Горах, Горках і інш. Валодаў Слонімскім, Магілёўскім, Брэсцкім і іншымі староствамі.
Меў свае вайсковыя атрады.
Садзейнічаў развіццю беларускага кнігадрукавання.
У Ружанах сабраў вялікую бібліятэку.
Увайшоў у гісторыю Беларусі як відны дзяржаўны дзеяч і дыпламат.

 
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС

Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т. 1 : А – Аршын / рэдкал. : Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. – 552 с. : іл.

Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т. 1 / рэдкал. : Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. – 704 с. : іл.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі [Текст] : У 6 т. Т. 6 Кн. 1 : Пузыны – Усая / Беларус. Энцыкл.; рэдкал. : Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш., Маст. Э. Э. Жакевіч – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2001. – 591 с. : іл. (Беларуская энцыклапедыя).

 

Кніга — вялікая рэч, пакуль чалавек умее ёю карыстацца.

Аляксандр Блок

ПЕРШЫЯ ГРАМАДСКІЯ БІБЛІЯТЭКІ НА БЯЛЫНІЧЧЫНЕ

Першыя грамадскія бібліятэкі для агульнага карыстання — спачатку для патрэб вучняў і настаўнікаў — на тэрыторыі бялыніцкага краю пачалі фармавацца напачатку XIX стагоддзя і дзейнічалі пры школах. Колькасць літаратуры ў іх з кожным годам павялічвалася.
Самай вялікай школьнай бібліятэкай лічылася бібліятэка пры Эсьмонскім народным вучылішчы.
У 1910 годзе, напрыклад, у яе фондах мелася 397 кніг фундаментальнай літаратуры, 1032 — вучнёўскія кнігі, 108 — вучэбных дапаможнікаў. А пачыналася гэта бібліятэка са 119 кніг.
Існавалі бібліятэкі са значна меншым фондам і пры астатніх народных вучылішчах, царкоўна-прыходскіх школах.
Багаты кнігазбор меўся пры Бялыніцкім кармеліцкім кляштары, а пазней пры Раства-Багародзіцкім манастыры. Але лёс гэтай бібліятэкі невядомы.
Да 1945 года ў раёне існавала прыватная бібліятака.
У кастрычніку 1945 года ў мястэчку арганізоўваецца раённая бібліятэка. Фонды яе былі сфарміраваны з кніг Чалябінскай абласной бібліятэкі, якія былі перададзены ў дар бялынічанам.
Па стану на 1 студзеня 1947 года кніжны фонд раённай бібліяітэкі складаў 950 экземпляраў.
Размяшчалася яна ў адным з манастырскіх памяшканняў. Працавала ў ёй тры чалавекі. Загадвала кніжным багаццем раёна В. Ц. Арлова.

1955 – кніжны фонд састаўляў 13561 экз., якім карысталіся 1903 чытачы.
1961 – бібліятэка пераехала ў будынак раённага Дома культуры, дзе размяшчалася на 2-ім і 3-ім паверхах. Загадвала бібліятэкай Марыя Максімаўна Заскевіч.
1965 – кніжны фонд складаў 39781 экз., карысталіся  2296 чытачоў.
1977 – бібліятэка атрымала статус цэнтральнай. Усе бібліятэкі раёна аб’ядналіся і ўтварылі цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Кніжны фонд яе цяпер перавышае больш за паўмільёна эцземпляраў літаратуры па самых разнастайных галінах ведаў. Дырэктарам Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы была прызначана Марыя Максімаўна Заскевіч. Кніжны фонд бібліятэкі – 46277 экз., 2631 чытач.
1992 – цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму ўзначаліла І.А. Коннава.
1995 – 50 гадоў цэнтральнай бібліятэцы. Урачыстасці прайшлі на раённым узроўні. Чытачоў – 3081, кнігавыдача – 61171.
1999 – камп’ютарызацыя першых рабочых месцаў бібліятэкараў (аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры). 
2002 – бібліятэка пачала выконваць платныя паслугі насельніцтву: выдача літаратуры з камерцыйнага фонду, выдача выданняў з чытальнай залы, заказ літаратуры  па МБА, ксеракапіраванне, набор і раздрукоўка тэкста на камп’ютары і інш. (колькасць традыцыйных бібліятэчных паслуг не паменшылася).
2003 – адкрыўся ПЦПІ (Публічны цэнтр прававой інфармацыі).
2005 – пачаў дзейнічаць інфармацыйна-выставачны комплекс «Дзяржава. Ідэалогія. Права.».
2007 – прысвоена спецыяльная  Прэмія райвыканкама імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі «За ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва, актыўную асветніцкую дзейнасць».
2008 – удзел у абласным конкурсе «Край мой – Магілёўшчына» у 4 туры «Бялыніцкі край у творах мастацтва і мастацкай літаратуры» і была ўзнагароджана Дыпломам   за дасягненні ў намінацыі  «За захаванне духоўных каштоўнасцяў».
2009 – кніжны фонд складаў 47172 экз., карыстальнікаў  3167.
2009 – па выніках XVIII рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» пераможцам у намінацыі «За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем» была прызнана Бялыніцкая дзіцячая бібліятэка-філіял (загадчыца Лычкоўская Л.В.) і ўдастоена Другой прэміі.
2010 – атрымала бібліобус для абслугоўвання маланаселеных і аддаленых вёсак раёна.
2011 – бібліятэка пачала працаваць па мэтавай бібліятэчнай праграме «Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр для моладзі».
2012 – па выніках ХХІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2012 год у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» прысуджана першая прэмія Галоўчынскай сельскай бібліятэцы-філіялу №12 аграгарадка Галоўчын (загадчыца Г.В.Драчыкава, бібліятэкар І.В.Трэццякова) за стварэнне электроннай «Кароткай краязнаўчай энцыклапедыі Галоўчынскай зямлі».
2013, 19 студзеня – створана юрыдычная асоба Дзяржаўная ўстанова культуры «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка».
2013 – ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» прыняла ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы бібліятэк у галіне літаратурнага краязнаўства «Таленты ад роднай зямлі» і была ўзнагароджана заахвочвальным дыпломам за дасягненні ў намінацыі  «Інавацыйная дзейнасць».
2015 – цэнтральная раённая бібліятэка прыняла ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па ваенна-патрыятычнаму выхаванню «Жывая памяць пакаленняў» і была ўзнагароджана дыпломам І ступені.
2015 – па выніках ХХIV рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2015 год у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» прысуджана трэцяя прэмія Бялыніцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
2015 – Цяхцінская сельская бібліятэка-філіял прызнана пераможцам штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па захаванню і развіццю культуры Магілёўскай вобласці за 2015 год, а яе калектыў узнагароджаны Дыпломам І ступені Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
2016 – Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял прызнана пераможцам штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па захаванню і развіццю культуры Магілёўскай вобласці за 2016 год, а яе калектыў узнагароджаны Дыпломам І ступені Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
2017 – Вішоўская сельская бібліятэка-філіял ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» прыняла ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку краязнаўчай работы сельскіх бібліятэк «Мой родны кут – вытока ўсіх вытокаў» і заняла 2-е месца.
2018 – па выніках ХХVI рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2017 год у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» прысуджана другая прэмія Вішоўскай сельскай бібліятэцы-філіялу №6 аграгарадка Вішоў (загадчыца Н.У.Пікас, бібліятэкар Т.І.Гаранінава).
2019, 1 лістапада – Бялыніцкая цэнтральная раённая бібліятэка пераехала ў будынак кінатэатра "Зорка", дзе размяшчаецца на 1-ым і 2-ім паверхах.

Кантакты