Родны кут, зямля бацькоў, зямля, на якой чалавек нарадзіўся, зрабіў першыя крокі… Яна
заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. Гэта зямля нашай малой радзімы з яе чароўнымі куткамі прыроды, ціхімі рачулкамі, зялёнымі барамі.
У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася вялізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, азёраў, палёў, сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. Бадай, не знойдзеш аніводнай народнай назвы, якая б узнікла выпадкова. У кожнага наймення свая гісторыя ўзнікнення, даведаўшыся пра якую, пачынаеш лепш разумець мінулае, асаблівасці жыцця продкаў, іх звычкі і норавы. Большасць назваў адыходзяць у нябыт. І калі не паспяшацца іх сабраць у адзінае цэлае, то знікне той каштоўны гістарычны пласт, без якога цяжка будзе ўявіць тагачаснасць.
Сапраўды, з маленства мы запамінаем, як называецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць бацькі, сцежка, што вядзе нас ў лес, які таксама мае назву. І кожны з нас, відаць, калі-нікалі задумваўся, чаму яны названы так, а не інакш.
Назва кожнай такой мясціны адметная, запамінальная. Калі называць яе па-навуковаму, то гэта гучыць так: мікратапонім (ад грэчаскага “мікрос” — малы, “топос” — мясціна, “оніма” імя).
Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца.
Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца — мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы.
АНІСЬКАЎ МОСТ — мост, названы ў гонар загінуўшага ў гады Вялікай Айчынай вайны камандзіра Анісіма.
АСЕЛІЦА — мясцовасць каля старога рэчышча рэк Цях і Ціны, зямля тут пры хадзьбе асядае.
БАБРУЙСКІ — пасёлак з двухпавярховых катэджаў, будавалі будаўнікі з горада Бабруйску.
БРАВАРЫШЧА — месца, дзе знаходзіўся спірта-гарэлачны завод двараніна Бірулі.
БЫДЛІШЧА — вуліца ў вёсцы Цяхцін.
ВАСІЛЁЎ ХУТАР — мясцовасць, дзе раней жыў хутаранін Васіль.
ВЕРАБ’ЁЎШЧЫНА — вуліца вёскі Цяхцін, там жылі жыхары з прозвішчам Вераб’ёвы.
ВЫСОКАЯ ГРЫВА — узгорак сярод лугу, бліз вёскі Цяхцін.
ГАННІН РОЎ — роў, каля якога некалі жыла Ганна.
ГАРА— частка вуліцы Падгорнай.
ГЛІНІШЧА — месца, дзе блізка да паверхні зямлі залягае гліна.
ГОЛАЕ БАЛОТА — багністае месца, не падалёку ад вёскі, дзе загінула многа людзей.
ГУЛЬБІШЧА — паляна, на якой калісьці збіралася моладзь на гулянні.
ГУШЧАНКА — частка вуліцы Падгорнай. Назва звязана з вялікай колькасцю дзяцей у сем’ях.
ДРАЖНЁВА ДЗЯЛЯНКА — мясціна ў лесе, дзе некалі стаяла хата лесніка, якога дражнілі за яго непрыглядны выгляд.
ЗАЛУЖЖА — лес, які знаходзіцца за лугам.
ЗЁЛКІНА СЦЕЖКА — лясная сцежка, якая вяла да бабкі-знахаркі.
ІГРУШКА — мясціна, пры ўездзе ў вёску Цяхцін.
ІЛЛЁЎШЧЫНА — народная назва вуліцы Савецкай, дзе некалі жыў дзед Ілля.
ІСАКОЎШЧЫНА — месца ў лесе, дзе жыў ляснік Ісаак.
ІЦКАЎШЧЫНА — лясны масіў, дзе некалі знаходзіўся смалакурны завод, які заснавалі яўрэі Гдаль і Іцка.
КАСЦЕЛІШЧА — месца, дзе некалі размяшчаўся млын “Касцёл”.
КАШЫНА — забалочанае месца, дзе жыў селянін Кашын.
КЛЮШКІН МОСТ — месца на рацэ Друць, бліз вёскі Цяхцін, дзе некалі вадзіліся ракі.
КРЫНКІ — старое паселішча ў басейні рэчкі Друць, дзе нарадзіўся мастак В.К. Бялыніцкі-Біруля.
МІХАЛАЎ КАЛОДЗЕЖ — калодзеж, які выкапаў Міхал і месца каля яго.
ПАДБОР’Е — урочышча, якім заканчваецца вуліца Перамогі ў вёсцы Цяхцін, за якім шуміць сасновы бор.
ПАНСКАЕ — урочышча, дзе раней жыў пан Іван Гурскі.
ПЯНЬКОВІШЧА — старыца ракі Друць, дзе вымочвалі і “пянькавалі” – мялі каноплі.
РЫШТ — старое рэчышча рэчак Цях і Ціна, якое падзяляе вёску Цяхцін на дзве часткі.
СІДАРАЎ ДВОР — бераг ракі, дзе некалі жыў дзед Сідар.
СТАДЫЁН — невялікі парк, раней на гэтым месцы быў школьны стадыён.
СТАРОЕ ЛЯСНІЦТВА — месца ў лесе, дзе было старое лясніцтва.