ТРАДЫЦЫІ, ЗВЫЧАІ, АБРАДЫ

 

Абрад «Насіць намётку»

Абрад, які яшчэ у першай палове ХХ стагоддзя праводзіўся ў нашай вёсцы Цяхцін. Гэты абрад у народзе называўся «Насіць намётку». Пра гэты абрад і распавяла нам старэйшына вёскі, удзельніца фальклорнага гурта «Журавінка» Ефрасіння Максімаўна:
— У дзяцінстве мне давялося прымаць удзел у адным з варыянтаў такога абраду. Да ўсходу сонца жанчыны з вёскі збіраліся ў адной хаце і кожная з іх прыносіла льняную кудзелю. Яны дружна і, галоўнае, нашчаком прымаліся за працу: пралі кудзелю на нітку, снавалі аснову ўздоўж сцяны хаты на замацаваных у пэўным парадку драўляных калках, мачылі яе, таўклі у ступе ці перылі (выбівалі) на мастку каля рэчкі, развешвалі сушыцца. Атрыманыя ніткі намотвалі на навоі, ставілі кросны і ткалі палатно. Калі палатно было гатова, дзеці абыходзілі з ім вакол вёскі. Усё гэта рабілася на працягу аднаго дня, з усходу сонца да яго заходу. Прычым ежу жанчынам можна было ўжываць толькі ўвечары, пасля заканчэння абраду. Вось такая крапатлівая праца – выраб абыдзённіка. Ефрасіння Максімаўна казала, што абрад гэты выконвалі вясной, перад пачаткам палявых работ. Людзі верылі, што навізна, а значыць, і асаблівая чысціня, надавалі абыдзённіку магічную сілу супраць засухі, граду, эпідэмій, пажараў і іншых няшчасцяў. Затым праз некаторы час палятняную намётку ахвяравалі царкве.

 
 

Калядны гульнявы карагод «Ляцелі дзве птушачкі»

Як сцвярджаюць сталыя мясцовыя жанчыны карагод «Птушачкі» выконвалі на Каляды неабмежаванай колькасцю чалавек.
Перад тым, як распачаць карагод, выбіраліся дзве «птушкі», якія  станавіліся ў цэнтр, а астатнія ўдзельнікі — па кругу, ўзяўшыся за  рукі. Па камандзе лідэра трайным крокам з «прыбіваннем», адначасова спяваючы, гурт рухаецца па сонцу, а пасля — у другі бок. Змена напрамкаў руху носіць устойлівы, рытмічны характар і адбываецца пасля кожнай страфы. Рухаючыся па сонцу вакол сваёй асі, «птушачкі» рытмічна ўзмахваюць рукамі над галавой, затым ўсяляк выбіваюць рытм нагамі. Потым, узняўшы рукі на ўзровень плячэй, «птушачкі» шырока ўзмахваюць імі, пераступаючы на месцы. І гэтак прадаўжаецца датуль, пакуль на ролю «птушак»  выбіраецца іншы выканаўца. Карагод пачынаецца нанова.

 
 

Калядны гульнявы карагод «Яшчар»

Адзін са старажытнейшых гульнёвых карагодаў, які некалі вадзілі ў нашай мясцовасці.
Удзельнікі карагода, ўтварыўшы круг, злучаюць у нізе рукі. У сярэдзіну кола ўваходзіць папярэдне абраны «яшчар». У цэнтры ён сядае на кукішкі. Злучыўшы далонямі сагнутыя рукі, прыціскае іх да левай шчакі і нахіляе ўбок галаву. Па знаку рытмічна роўнымі крокамі, спружынячы калені, выканаўцы рухаюцца па колу, адначасова спяваючы першы верш першай страфы «яшчар».
На прыпеў, не мяняючы кроку, але згібаючы рукі і ўздымаючы іх да ўзроўню плячэй, рухаюцца да «яшчара».
На другую страфу гурт рухаецца па сонцу, адначасова пашыраючы круг і паступова апускаючы рукі ўніз. У гэты час «яшчар» сядзіць у цэнтры і ілюструе рухамі тэкст песні, а потым выбірае сабе «харошую дзеўку» і выводзіць яе з карагода. Затым вызначыўшы новага «яшчара», карагод пачынаецца з пачатку.

Словы карагода «Яшчар»:

Сядзеў Яшчар у арэхавым кусце,
Ладу, ладу, ладу, ладу
Арэшанькі точа, жаніцца хоча
Ладу, ладу, ладу, ладу
Бяры сабе Яшчар харошую дзеўку
Ладу, ладу, ладу, ладу
Харошую дзеўку, красную Ленку (імя змяняецца)
Даду, ладу, ладу, ладу

 
 

Калядныя песні

А Калядачкі, а хадзіце к нам,
Ай, хадзіце к нам, а мы рады вам,
Бліны-ладачкі, а нясіце нам,
Бліны-ладачкі і каўбасачкі,
Нам Піліпаўка надакучыла
Хлопцам жываты пазамучыла,
Дзеўкам жамеры зубы праелі.

*     *     *
Ай, дай Божа, нам Каляд даждаць
Нам Каляд даждаць і свячу ссукаць
Пастаўлю свячу проці месячка
Ці будзя свяціць так як месічак?
Ці будзя свяціць усю ночачку?
Хоць будзя свяціць — дык ён цёмнінька.
Ці будзе свёкар, так як татачка?
Ці будзя пускаць ён на йгрышчэйка?
Хоць будзя пускаць — дык ён познінька
Дык ён познінька, а ўсё грознінька.
— Ні гуляй, жана, і з рабятамі,
А гуляй, жана, і з жанатымі,
Цябе рабяты і с пуця саб’юць
А жанатыя на пуць навядуць
Дзеўкі сы йгрышча, а я на йгрышча
Дзеўкі ў плёсы, а я й у слёзы,
Дзеўкі за лясок, а я ў галасок.

 
 
Уверх
 
 
 
 

ПРЫКАЗКІ НАШАЙ МЯСЦОВАСЦІ

 

Пра сельскую гаспадарку

На чорным полі бела пшаніца родзіць.
Дзе пасееш густа, там будзе пуста.
Ліха не знаць — на сваім полі араць.
Гультая зямля не любіць.
Дзе гультай ходзіць, там зямля не родзіць.
Трэба рана ўставаці, калі хлеба дажыдаці.
Выходзь на поле з расою, дык будзеш з ядою.
У каго чорна глыба, у таго і хлеба скіба.

 

Пра працу

Шчырая праца — мазалёвая.
Хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца.
Работа і корміць, і поіць.
Вось як на свеце бывае, хто працуе, той і мае.
Без працы не есці пірагоў.
Хочаш есці калачы, дык не сядзі на пячы.
Хто працуе, таму і шанцуе.
Хто працуе, той і святкуе, Добра рабі, добра і будзе.

 

Пра дзяцей

Кожнаму сваё дзіця міла.
Дзіцятка хоць і крыва, ды бацьку з маткаю міла.
У сваёй матулі ўсе дзеткі добрыя.
Усякая матка хваліць сваё дзіцятка.
І ваўчыха сваіх дзяцей любіць.

 

Пра дабрыню, злосць і зайздрасць

Сам добры — людзі добрыя.
Шчыраму сэрцу і чужая болька колка.
Добры чалавек і жывёлу шкадуе.
Злосці поўныя косці.
Верабей і той зло мае.
Сабака ад злосці свой хвост кусае.
На ліхога чалавека і сабака брэша.
Чужыя лемяшы харашы.
Не той друг, хто мёдам мажа, а той друг, хто праўду кажа ў вочы.
Са свайго языка спусціш — на чужым не зловіш.

 

Пра ляноту, гультайства

Працаваць не любіш — чалавекам не будзеш.
Праца чалавека корміць, а лянота порціць.
Да работы не пускаюцца ляноты.
Лень жуе чалавека, як іржа жалеза.
Пачнеш ляніцца — будзеш з торбай валачыцца.
Ад ляноты чакай бядоты.
Гультаю ўсё цяжка.
Лянівай кабыле і хвост мяшае.
На работу — цяляты, на яду — коні.

 

Пра праўду і няпраўду

На праўдзе свет стаіць.
За праўду стой гарой.
Чыя праўда, таго і сіла.
Праўды не скрыеш.
Людзей слухай, а свой розум май.

 

Пра пару года

Жураўлі ляцяць высока, зіма яшчэ далёка.
Жураўлі ляцяць нізка — зіма ўжо блізка.
Зімовы дзянёк, што камаровы насок.
Якая зіма, такое і лета.
Зіма снежная, лета дажджлівае.
Бусел прыляцеў — вясна будзе.
Вясенні дзень год корміць.
Калі май халодны, дык год хлебародны.
Хто халадку шукае, той узімку галадае.
Ластаўкі нізка лятаюць — будзе дождж.
Будзе дождж, будуць і грыбы.
Куры цярэбяцца і купаюцца — дождж будзе.

 
 
Уверх
 
 
 
 

МОЎНЫЯ САМАЦВЕТЫ ЦЯХЦІНСКАЙ ЗЯМЛІ

 

Кожны народ мае сваю мову, у кожнай мясцовасці свае дыялекты. Збіраннем лексікі i іншых выразных сродкаў жывой народнай дыялектнай мовы займаліся заўсёды. Падчас простай гаворкі землякоў адкрываецца невычэрпная скарбніца роднай мовы.
Прапануемы вашай увазе слоўнік лексічных знаходак Цяхцінскага краю ўяўляе сабой збор слоў, розных па сваей моўнай прыналежнасці. Словы, якія ўласцівы для нашай мясцовасці, суседнічаюць з гуллівай простамоўнай лексікай. Са слоўніка, з гэтых, то разважлівых, то з’едлівых, то простых i прамых выказванняў, можна даведацца пра вясковае жыццё i роздумы сельскага жыхара.

 

АБЛАПЭШЫЦЬ — лоўка абкрасці.
АДХЛУПІЦЦА — аддыхацца.
АПУЦІЦЦА — уладкавацца.
АРАВА — мноства.

 

БАЛАБОЛ — балбатун.
БАЎЦІЛА — мужчына, які пры хадзьбе баўтаецца.
БЛАНДЗІН — мужчына з белым колерам валасоў.
БУЛЬБІНКА — маленькая па росту дзяўчынка.
БУТЛЯ — вялікая шкляная пасудзіна.
БУХЦЕЦЬ — гаварыць злосна.

 

ВАТАГА — гурт, калектыў.
ВУНАКА — вунь.
ВЫМАРАЧЫЦЬ — выпрасіць.
ВЭРХАЛ — гвалт, беспарадак.

 

ГАЛАВА — начытаны, разумны чалавек.
ГАЛАПУПІК — голы малыш.
ГАМУЗАМ — разам, дружна.
ГАРОДЧЫК — расаднік,квятнік.
ГЕНЕРАЛ — мужчына, які заўсёды камандуе ўсімі.

 

ДАПЕТРЫЦЬ — дадумацца.
ДЗЕРБАЛЫЗНУЦЬ — выпіць.
ДРАБЫЧ — веннік.
ДУРДОЛА — дурніца.

 

ЕНТА — гэта.
Ё — ёсць.

 

ЖВАКА — жвачка ў каровы.
ЖМОТ — скнара.

 

ЗАВАЛІНА — прызба.
ЗАШЧАПІЦЬ — закрыць на замок.
ЗБЭЙСАЦЬ — згубіць.
ЗБУНТАВАЦЦА — зблытацца.
ЗВЯКАЦЬ — гаварыць, бурчаць.
ЗДОХЛІК — худзенькі чалавек.
ЗЛАТАШЫЦЬ — абтрэсці.
ЗЯЛІЦЬ — тлуміць.

 

КАЛУПША — нетаропкая, марудная жанчына.
КАПЯЛІНАЧКУ — крышачку.
КАСМЫЛІ — валасы.
КАЎБЫ — вантробы.
КАЎЗАЦЦА — катацца на саначках.
КУРАВА — тытунь.
КУЦАБЕШКА — кульця.

 

ЛАТАШЫЦЬ — браць, збіраць.
ЛАХАРДЗІК — ласунак.
ЛАХУДРА — неахайная дзяўчына.
ЛІДАЕК — моташнасць.
ЛІСАПЕТА — веласіпед.
ЛУТ — гультай.

 

МАСКАТЫРКА — галава.
МЕТР — маленькі мужчына.
МУРЗІК — мужчына, які ходзіць мурзаты.
МУРЛАТЫ — таўсташчокі чалавек.
МУРЛО — здаровы твар.
МУХЛЯВАЦЬ — падманваць.

 

НАБРЫДЗЬ — зброд.
НАДЭЧЫЦЬ — падбухторыць.
НАЙДА — разгульная жанчына.
НАКЛЮКАЦЦА — напіцца гарэлкі.
НАРУЖНІК — неслух.
НАШЧЫЦЦА — пахмяляцца.

 

ОПСА — гоп, перапрыгнуць.

 

ПАБАЛАБОНІЦЬ — пагаварыць.
ПАНАЎКА — палонка.
ПАСЮСЮКАЦЬ — пагаварыць.
ПІСКЛЯТНІЦА — курыца з куранятамі.
ПЭЦКАЛЬ — той, у каго справа не ладзіцца.

 

РАСКЕПА — разява.
РОЙЛА — беспарадак.
РУДЫ — мужчына, з рудаватым колерам валасоў.
РЫЗЗЕ — старая, дрэнная вопратка.

 

САЧКАНУЦЬ — прагуляць.
СЕЯНКА — бульба для пасадкі.
СКУКАРЭЧЫЦЦА — згорбіцца.
СЛЯПЕНЬ — няўклюдны чалавек.
СПОДКА — рукавіца.
СПЕТРЫЦЬ — прыдумаць.

 

ТАРАБАНІЦЬ — несці на плячах, гаварыць без разбору.
ТОРБА — поўненькае дзіця.
ТРЭНЕР — мужчына, які любіць камандаваць.
ТУТА — тут.

 
 
Уверх
 
 
 
 

АНСАМБЛЬ «ЖУРАВІНКА»

 

Гісторыя стварэння ансамбля «Журавінка»

Пачыналася ўсё з таго, што мясцовыя жанчыны, пасля працы, пачалі збірацца ў «нараднай» (памяшканне, дзе аддаваліся нарады на працу ў саўгасе). Збіраліся, каб паспяваць для душы. Гэта былі Хрушчова Валянціна Іларыёнаўна, Кавалёва Вольга Свірыдаўна, Грышкова Зінаіда Дзмітрыеўна, Нікіцёнак Еўдакія Якімаўна, Дубасава Таццяна Іванаўна, Буймістрава Ефрасіння Максімаўна, Цумарова Зінаіда Тарасаўна, Хрушчова Тамара Мікалаеўна.
Ініцыятарам стварэння «Журавінка» была Казусёва Таццяна Міхайлаўна, у той час малады спецыяліст, прыехаўшая на працу ў Цяхцінскі СДК. Адпрацаваўшы год, па сямейных абставінах змяніла месца жыхарства. А ансамблем стала кіраваць Цумарава Галіна Ягораўна, дырэктар СДК.
Ансамбль стаў пастаянным ўдзельнікам раённых мерапрыемстваў, паказваў сваю творчасць на абласных фестывалях, а таксама меў гонар прадстаўляць Бялыніччыну на рэспубліканскіх «Дажынках» у 2006 і 2012 гадах. Жанчын ведаюць і ў далёкіх краінах свету, бо яны кожны раз выступаюць перад замежнымі гасцямі нашага раёна. Сёння склад калектыву папоўніўся больш маладымі ўдзельніцамі: Латышава Марына Аляксееўна, Плехава Жанна Іванаўна, Буймістраў Мікалай Сцяпанавіч, Цапік Раіса Іванаўна, Хрушчова Надзея Васільеўна. Усе гэтыя жанчыны - знаўцы мясцовага фальклору: песен, абрадаў, прыказак і прымавак. Гэта каштоўная спадчына і складае рэпертуар ансамбля. Песні ў калектыве розныя, адлюстроўваюць усе этнаграфічныя асаблівасці сваёй мясцовасці. Гэта такія песні, як: «Прыйшла вясна красна, прыйшла вясна красна…», «Крапіўка мая стрыклівая», «Купала на Йвана», «А ў гародзе пад лебядою…», «А ў нас сёння зажыначкі…», «Нявехначка жыта жала», «Хлопец ехаў на гару далінай»  і інш. У творчай праграме калектыву – цікавыя даўнія песні, дзіўныя па прыгажосці і манеры выканання танцы. Усяго ў рэпертуары калектыву каля 30 каляндарна-абрадывых песень і 10 народна-бытавых танцаў, якія ўключаны ў энцыклапедыю Традыцыйная мастацкая культура Беларусі. Т. 1», «Магілёўскае Падняпроўе» і ў кнігу « Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць», «Магілёўшчына».

 
 

Тэксты некалькіх песень з рэпертуара ансамбля «Журавінка»

Гуканне вясны

Благаславі, Божачка, вясну адчыняці
Зіму замыкаці!
Прыйдзі, прыйдзі вясняначка,
Мы цябе доўга чакалі.
Няхай бягуць, няхай бягуць
Ды з гор ручайкі.
Прынясі, прынясі вясняначка
Розныя кветачкі.
Няхай саўюць, няхай саўюць
Сабе дзевачкі вяночкі.
Няхай пяюць. Няхай пяюць
Вясёлыя пташачкі.
Няхай пышна, няхай пышна
Цвітуць нашы ніўкі.


*     *     *

Ой, кудзеля мая


У панядзелак я работу пачала,
Я кудзелю сваю прасці пачала.

Прыпеў:
Ой, кудзеля, кудзеля мая!
Засталася ты непрадзеная! (2 разы)

У аўторак самавар я запалю,
А ў сярэду з яго чаю я пап’ю.
У чацвер ка мне ўсе людзі прыйшлі,
А ў пятніцу жаніха прывялі.

Прыпеў

У суботу я гуляць не пайшла,
У нядзелю каля дому я работу знайшла.
У нядзелю на базар я пайшла,
Вось і ўся мая нядзеля прайшла.

Прыпеў

У панядзелак як Каляды пачалісь,
Так і ўсе мае работы засталісь.

Прыпеў


*     *     *

Мама

Я люблю цябе мама,
За тваю дабрыню.
За пяшчоту і ласку,
І ўсмешку тваю.
Ты заўсёды са мною наяву і ў сне,
У хусцінцы ў гарошак русы косы твае.
Не забуду ніколі я матулю сваю,
Яе ласкавы позірк і яе дабрыню.
Калі еду ў дарогу — выпраўляе мяне,
І вузельчык з грашыма яна мне падае.
Забяры доня грошы, гэта толькі табе,
Можа купіш сукенку, а ці боты сабе.
Калі я прыязжаю на пабыўку дамой,
Мяне мама страчае, мне так хораша з ёй!
Ой, матуля, матуля! Неспакойны твой лёс,
Шмат маршчынак на твары,
Снег на скроні ўжо лёг.
Дык няхай нашы мамы доўга, доўга жывуць!
Нас заўсёды страчаюць і ў дарогу вядуць.
А як стануць старэнькія,
Паклапоцімся й мы,
Каб ніколі не ведалі нашы мамы бяды.

 

*     *     *

(Вясельная песня)

Хадзіла Машачка па полю,
Збірала красачкі ў прыполе.
А віла вяночкі пры стале,
Звіўшы вяночак пакаціла.
Каціся, вяночак, мой, каціся
То ў мёд, то ў віно мачыся,
Мамачцы на ручкі ўскладзіся.
— Пераймай, мамачка, вяночак мой!
— Не перайму, дзіцятка, не перайму!
У жаласці ручачак не ўзніму,
Я й слёзкамі не бачу,
Я па табе, дзіцятка, ўсё плачу.

 
 

 

Уверх
Copyright © 2023 ГУК «Белыничская централизованная библиотечная сеть», Техтинская сельская библиотека-филиал №34 агрогородка Техтин
Design and development Nataliya Chernyshenko