Чытаю тапаніміку — свой край чытаю родны
(А. Пісьмянкоў)

На тэрыторыі, якую займаюць беларусы, выяўлены тапанімічныя назвы самых розных гістарычных перыядаў. Народ ніколі не называў сваё паселішча, раку ці іншы тапанімічны аб’ект выпадковым словам. Тапонімы ўзнікаюць у канкрэтных гістарычных умовах і адлюстроўваюць розныя бакі жыцця і дзейнасці чалавека: сувязь з прыродай, побыт, характар сельскай гаспадаркі, промыслаў, вытворчасці і інш.

На тэрыторыі Цяхцінскага сельскага савета размешчана шмат вёсак, якія маюць сваё паходжанне, свае назвы, свае традыцыі і характары.

 
 

Асавец
Асман-Касаева
Асмолаўка
Бахані
Вугольшчына
Гута
Дуброва
Дуцькі
Жорнаўка

Забавы
Каліноўка
Крынкі
Курганне
Ленінскі
Мазкі
Малатоўкі
Малінаўка
Містраўкі

Монеўка
Несцераўка
Паліўнікі
Пільшычы
Прыбар
Раздолле
(Сідаровічышын хутар)

Цяхцін
Чырвоны Бор

 
 
 

АСАВЕЦ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Даследчыкі тапанімікі вельмі аднадушна расшыфроўваюць гэты тапонім. На іх думку, назва ўтворана ад слова “аса  — асіна” праз прыметнік “асовы” — “Асінавы” пры дапамозе суфікса -ец. Паводле сэнсу, слова “асавец” роўназначна словазлучэнню “невялікі асінавы лясок”, “асінавы пералесак”. Вядомы беларускі тапаніст В. Жуковіч тлумачыць назву вёскі Асавец ад слова “Осава” — даўнейшая назва асіны.
У запісах 15 стагоддзя сустракаюцца такія фразы “Асовы гай”, “Асовы лес”. Самі жыхары вёскі вылучаюць яшчэ некалькі версій. Адны гавораць, што найменне вёскі дала рэчка Асаўка, якая там працякае, другія згадваюць соў, якіх вадзілася безліч у недалёкім лесе, трэція гавораць, што “вінаватая” тут трава асака, чацвёртыя у якасці іх праваты расказваюць наступную легенду: “Было гэта вельмі даўно, калі не было яшчэ самой вёскі, а на месцы яе стаяў хутар. Належаў ён маладому і вельмі прыгожаму пану. А на панскай гаспадарцы працавала няпісанай прыгажосці дзяўчына Ася. Малады паніч Вацлаў і Ася пакахалі адзін аднаго. Але бацькі Вацлава не дазволілі ім пажаніцца. І маладыя вырашылі лепей памерці разам, чым жыць не сумесна. Аднойчы на світанні, калі сонейка толькі пачало ўзыходзіць, яны ўзяліся за рукі і пайшлі невядома куды. Болей іх ніхто аніразу не бачыў і нічога пра іх не чуў. Людзі іх вельмі любілі, часта ўзгадвалі іх няшчасную долю. Каб ушанаваць памяць пра закаханых, склалі разам іх імёны і атрымалася назва вёскі — “Асавец”.

 
Уверх
 
 
 
 

АСМАН-КАСАЕВА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце (ранейшая назва Сярмяжынка).

Вядомая з рукапісных крыніц з 1825 года, знаходзілася ў складзе фальварка Ксаверава, налічвала 37 дамоў і 315 жыхароў.
Найменне “Асман-Касаева” — мемарыяльнае, дадзенае ў 1969 годзе ў памяць Героя Савецкага Саюза, камандзіра 121 партызанскага палка А. М. Касаева. Раней назва вёскі была “Сярмяжынка”. Землі вакол яе былі бедныя, неўрадлівыя — адны пяскі. Таму і вяскоўцы жылі надзвычай бедна. Адзенне шылі з сярмяжнага (самай нізкай якасці) палатна. Адсюль і назва вёскі — Сярмяжынка.

 
Уверх
 
 
 
 

АСМОЛАЎКА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Вёска Асмолаўка заснавана ў 20-я гады беззямельнымі перасяленцамі з навакольных паселішчаў. Адразу за вёскай пачынаецца лес. Там і зараз вельмі шмат грыбоў і ягад. Раней было шмат садоў з пладавітымі дрэвамі. Асабліва было шмат сліў, са ствалоў якіх сцякала смала. Само паселішча патанае ў зеляніне садоў летам. А найменне паходзіць ад слова  “смала”, бо ў бары, каля вёскі, здавён часу збіралі з сосен смалу — жывіцу. Адсюль і назва вёскі — Асмолаўка.

 
Уверх
 
 
 
 

БАХАНІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Паводле перапісу 1897 года вёска адносілася да Царковішчанскай воласці Магілёўскага павета і налічвала 19 двароў, у якіх жыло 100 чалавек. Дзейнічала школа граматы. Побач існавалі паселішчы Малая Бахань, Новая Бахань, фальварак Бахань.
Адкуль пайшла назва “Бахані”? Малаверагодна,  але  можна дапусціць паходжанне назвы ад мянушкі Бохан — “круглы”. У такім выпадку, паселішча заснавала група людзей з калектыўнай мянушкай Бахані.

 
Уверх
 
 
 
 

ВУГОЛЬШЧЫНА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Па рукапісных крыніцах вядома з XVII стагоддзя. З’яўлялася ўласнасцю Бялыніцкага кармеліцкага кляштара, у складзе казённага маёнтка Цяхцін (1848г.), уласнасць памешчыка (1857г.), дзейнічалі сукнавальня, карчма, млын, гарбарня.
У 1880 годзе вёска налічвала 40 двароў, 257 жыхароў. У 1895 была адкрыта царкоўна-прыхадская школа, у 1907 годзе ператвораная ў земскую.
Вёска знаходзілася ў складзе Царковішчанскай воласці Магілёўскага павета.
Праз вёску працякае рэчка Друць, у яе ўпадае рэчка Малыш, зліянне гэтых рэчак адбываецца на вуглу вёскі, адсюль і назва — Вугольшчына.
Вёска вельмі прыгожая, маляўнічы куточак, нездарма тут нарадзіўся мастак Віктар Альшэўскі. Яшчэ маленькім хлопчыкам ён адчуў усю гэту прыгажосць, яшчэ ў маленстве пачаў маляваць.

 
Уверх
 
 
 
 

ГУТА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ДУБРОВА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ДУЦЬКІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ЖОРНАЎКА — пасёлак ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ЗАБАВЫ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

КАЛІНОЎКА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Раней Каліноўка мела назву Царковішча да 1922 года. Уваходзіла Царковішча ў састаў маентка Цяхцін. Само паселішча было заснавана каля 1600 года. Першымі пасяленцамі былі жыхары Чавусаў, якія накіраваліся сюды для асваення зямлі.
Сваё найменне вёска атрымала, мабыць, ад царквы, што знаходзілась там. Там жа размяшчалась і двухкласная царкоўна-прыхадская школа. Паселішча было амаль самым буйным у Прыдруцкім краі.
Вёска была цэнтрам воласці Магілёўскага павета.
Кожны год тут рабілі таржкі. А паказаць было што. Славіліся мясцовыя майстры — абуўшчыкі, спецыялісты па вырабу калёс, дуг.
Таксама ў вёсцы дзейнічаў свой пастаялы двор.
17 ліпеня 1924 года быў утвораны Царковішчанскі сельсавет. Першым яго старшынёй быў абраны Струновіч Іван.
У 1924 (1925) годзе па ініцыятыве настаўніка І. А. Цітова царкавішчане сабраліся на агульны сход, на якім было разгледжана пытанне аб перайменаванні вёскі. Прапанавалі паселішча назваць “Каліноўка” — у гонар славутага беларускага паўстанца Кастуся Каліноўскага.
25 жніўня 1928 года сельсавет змяніў назву на “Каліноўскі”.
Паводле перапісу у 1924 годзе ў Каліноўцы пражывала больш за паўтысячы чалавек. Цяпер у ёй жыве ўсяго чалавек 30.
Самым вядомым будынкам была рубленая царква, якую спалілі ў 30-я гады.

 
Уверх
 
 
 
 

КРЫНКІ — фальварак.

На ўсходнім баку к рэчцы Друць у 200 метрах ад вёскі Цяхцін раней размяшчаўся фальварак Крынкі. Там была сядзіба двараніна генерал-майора Бірулі, па нацыянальнасці ён быў літовец. Двор размяшчаўся на высокім беразе ракі Друць. Быў свой бровар (гарэлачны завод), таму луг, дзе раней была сядзіба Бірулі, называўся “Праварышча”. На граніцы паміж вёскай Цяхцін і фальваркам Крынкі праходзіў бальшак — шлях. Паселак, які знаходзіўся на бальшаку, называўся “Карчомка”, таму што там была карчма сям’і Бірулі. У фальварку Крынкі і нарадзіўся наш знакаміты зямляк В. К. Бялыніцкі-Біруля.

 
Уверх
 
 
 
 

КУРГАННЕ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ЛЕНІНСКІ — пасёлак ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

МАЗКІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

МАЛАТОЎКІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

МАЛІНАЎКА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1933 годзе пачалі на гэтым месцы сяліцца людзі. Тут быў спілены лес, выкарчаваны пні. Людзі ставілі хаты. У асноўным гэта былі перасяленцы з вёскі Дубна. На месцах, дзе былі выкарчаваны пні, утварыліся дзялянкі, якія густа параслі маліннікам. Таму вёску і назвалі — Малінаўка.

 
Уверх
 
 
 
 

МІСТРАЎКІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

МОНЕЎКА — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

НЕСЦЕРАЎКА — пасёлак ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Выключан з уліковых даных.

Знаходзіўся паміж вёскай Каліноўка і вёскай Асавец. Да вайны там налічвалася 6 двароў. Людзі сюды прыязджалі з вёскі Асавец. Будавалі сабе хаты і засявалі зямлю. Землі тут былі вельмі ўрадлівымі. Жыла тут сям’я Мардачовых, браты Панамаровы: Несцер і Міхаіл, Пірагова Грыпіна, Цецерукова Анюта, Мардачоў Мікалай.
Пасёлак Несцераўка пэўна і называўся так, што адным з першых тут пасяліўся Несцер Панамароў. З цягам часу людзі выязджалі з пасёлка. Пасёлак выміраў.

 
Уверх
 
 
 
 

ПАЛІЎНІКІ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

 
Уверх
 
 
 
 

ПІЛЬШЫЧЫ — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Упершыню паселішча прыгадваецца з 1758 года, яно уваходзіла ў маёнтак Стары Быхаў, які належыў Сапегам.
Паводле перапісу 1897 года вёска знаходзілася ў складзе Гарадзішчанскай воласці Быхаўскага павета, дзейнічаў вадзяны млын,  карчма.
У вёсцы налічвалася 34 двары, 263 жыхары.
Вёска Пільшычы знаходзіцца на правым беразе ракі Друць, а праз яе працякае рачулка Вёдзерка. Там, дзе зараз знаходзіцца ферма саўгаса “Друць”, некалі размяшчалася піларама. Гаспадара, якому яна належыла, звалі дзед Пільшчык. Пасяленне людзей, якое ўзнікла пасля смерці дзеда Пільшчыка паблізу яго піларамы, атрымала найменне “Пільшычы”.

 
Уверх
 
 
 
 

ПРЫБАР — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Па рукапісных крыніцах вядома з XVII стагоддзя, з 1743 года, як сяло Прыборкі. Знаходзілася ў валоданні Бялыніцкага кармеліцкага кляштара, у складзе казённага маёнтка Цяхцін у 1848 годзе. Назвы многіх вёсак утвораны ад слова “прыбор”, блізка каля бору. Вёску Прыбар з усіх старон абступае лес, прыгожы бор. Таму і назва пайшла адсюль — “Прыбор”

 
Уверх
 
 
 
 

РАЗДОЛЛЕ (СІДАРОВІЧЫШЫН ХУТАР) — хутар.

Знаходзіўся недалёка ад вёскі Цяхцін, на ўзвышшы, недалёка ад ракі Друць. Хутар утварыўся яшчэ да рэвалюцыі. Налічвалася 6 двароў. Да вайны жылі там сем’і: Маслабоева Арцёма, Бабкова Кузьмы, Сідаровіч Фёклы, Голасавай Аўгінні і інш.
Хутар размяшчаўся вельмі блізка каля лесу, прыходзілася высякаць лес, каб потым засяваць зямлю. Пазней, каля хутара размясцілася лясніцтва (зараз яно знаходзіцца ў вёсцы Цяхцін у новым будынку), на работу хадзілі у Цяхцін.
У 50-х гадах людзі сталі выязджаць з хутара. Бабкоў Кузьма пераехаў у Цяхцін, Сідаровіч Фёкла выехала ў Магілёў, апошнім у 1961 годзе выехаў Маслабоеў Арцём са сваёй сям’ёй у Цяхцін. Зараз аб тым, што некалі там жылі людзі напамінае толькі крынічка і кусты бэзу.
Хутар называлі “Раздоллем” таму, што вакол было раздолле, або “Сідаровічышын хутар”, таму што тут жыла сям’я Сідаровічыхі.

 
Уверх
 
 
 
 

ЦЯХЦІН — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Цяхцін... Так завецца надзвычай маляўнічая і даволі вялікая вёска на Магілёўшчыне, у Бялыніцкім раёне, якая складаецца з некалькіх пасёлкаў. Само паселішча заснавана напрыканцы 17 – пачатку 18 стагоддзяў. Вяскоўцы так тлумачаць назву свайго паселішча:
“Сваю назву яно атрымала ад наймення дзвюх рэчак: Цях, якая выцякала з ляснога возера па дарозе на Заполле, і Ціны, што ўпадала ў першую прыкладна пасяродку сённяшняга Цяхціна. Паселішча, якое ўзнікла ў раёне зліцця гэтых рэк атрымала назву “Цяхцін”. Цяпер гэтых рэчак не існуе. Частка даліны Цях атрымала назву “Аселіца”.
Жыхары Цяхціна прыдумалі нават адмысловую легенду.
“У даўнія часы цякла праз нашу вёску рэчка Цях. Па берагах яе раслі плакучыя івы, а па вадзе плавалі гарлачыкі. І вось аднойчы ў рацэ ўтапіўся сын вядзьмаркі: з гора вялікага яна пракляла Цях і кінула ў яе ваду камень. Рэчка знікла. Але людзі кажуць, што калі знайсці той камень і выкапаць яго з зямлі, Цях зноў ажыве”.

 
Уверх
 
 
 
 

ЧЫРВОНЫ БОР — вёска ў Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1924 годзе на гэтым месцы пачалі выкарчоўваць лес і сяліцца людзі. Пераязджалі сем’і з вёскі Асавец. Так і пачала паціху засяляцца вёска, якой далі назву — Чырвоны Бор. А назва вёскі пайшла напэўна ад таго, што тут у лесе было шмат сосен, якія былі чырвонага колеру. Калі заходзіш у сасновы бор, на сонцы  кара сосен так пералівалася і зіхацела, што людзі і далі такую назву сваёй вёсцы — Чырвоны Бор.
У 30-ыя гады тут было 32 двары. У школу дзеці хадзілі ў вёску Каліноўка. Да вайны на працу хадзілі ў вёску Каліноўка. Не абышла гэтую вёску вайна. Вёска Чырвоны Бор лічылася партызанскім краем. Там заўсёды стаялі партызаны. З вайны ў вёску не вярнуліся Шабус Сцяпан, Шабус Анісім, Шабус Косцік. Пасля вайны маладзейшыя сталі выязджаць ў большыя вёскі, а старэйшыя заставаліся жыць тут. Збудавалі ферму, дзе спачатку гадавалі цялят, але кармоў было мала, прывесы былі нізкія. Таму жыхары сталі займацца авечкагадоўляй. Былі і свае коні. Брыгадзірам пасля вайны быў Мураўёў Аляксандр. Праўленне калгаса было ў хаце Цапіка Мікалая,  там праводзілі розныя сходы. Рахункаводам была Мардачова Наталля. Калгас меў назву “Чырвоны бор”. З цягам часу гаспадарка прыходзіла ў заняпад і ўсю жывёлу і коней забралі  ў Каліноўку.
У 90-х гадах у вёсцы жыло каля 4-х сямей. Зараз вёска пустуе, там ужо ніхто не жыве. Землі адышлі пад лясніцтва, там пасадзілі лес. Вось такі кругаварот у прыродзе. Быў лес, яго высякалі, засявалі зямлю, а зараз зноў будзе расці лес.

 
 

 

Уверх
Copyright © 2023 ГУК «Белыничская централизованная библиотечная сеть», Техтинская сельская библиотека-филиал №34 агрогородка Техтин
Design and development Nataliya Chernyshenko