Было гэта даўно. Праз нашу вёску цяклі дзве рэчкі Цях і Ціна.
І вось у месцы, дзе рэчкі зліваліся ў адно рэчышча, пачалі сяліцца людзі. Вёску, якая ўтварылася, пачалі называць Цяхцін, а людзей — цяхцінцамі.
Але існуе і яшчэ адна легенда.
Праз нашу вёску цякла рэчка Цях. Яна выцякала з крыніцы, што знаходзілася ў лесе, у бары, па дарозе на вёску Заполле. Але міналіся гады, рэчка мялела, ды і крыніца тая згубілася. І ў хуткім часе рэчка Цях зарасла цінай.
У рэчышчы пасяліліся людзі, вось і пачалі яны называць сваё паселішча — Цяхцін.
Вядомы беларускі тапаніміст В. Жучкевіч тлумачыць назву вёскі Асавец ад слова «осова» — даўнейшай назвы асіны. У запісах ХV стагоддзя сустракаюцца такія фразы як «Асовы гай», «Асовы лес».
Самі жыхары вылучаюць некалькі версій.
Адны гавораць, што найменне вёскі дала рэчка Асаўка. Другія кажуць, што “вінаватая” тут асака, трэція згадваюць соў, якіх вадзілася безліч у недалёкім лесе. Чацвёртыя, ў якасці іх праваты, расказваюць легенду.
Гэта здарылася вельмі даўно, калі не было яшчэ самой вёскі, а на месцы яе стаяў хутар. Належаў ён маладому і вельмі прыгожаму пану. А на панскай гаспадарцы працавала няпісанай прыгажосці дзяўчына Ася.
Малады паніч, якога звалі Вацлаў, і Ася пакахалі адзін аднаго. Ды бацькі Вацлава не дазволілі ім пабрацца шлюбам. І маладыя вырашылі: лепей памерці разам, чым жыць не сумесна.
Аднойчы на світанні, калі сонейка толькі-толькі пачало ўзыходзіць, яны, узяўшыся за рукі, пайшлі няведама куды. Болей іх ніхто не бачыў і нічога пра іх не чуў.
Мясцовыя людзі вельмі любілі іх, часта ўспаміналі пра іх нешчаслівую долю. Каб ушанаваць памяць пра закаханых, склалі разам іх імёны — Асавец — і далі найменне сваёй вёсцы.
Даўным-даўно праз месца, дзе сёння стаіць Цяхцін, працякала рачулка Цех. Абапал яе берагоў раслі вербалозы, галіны якіх, нізка схіляючыся, купаліся ў вадзе. Па рэчцы плавалі белыя гарлачыкі, у ёй любілі купацца дзеці і дарослыя. І трэба ж было аднойчы такому здарыцца: купаючыся ў рэчцы Цех, утапіўся сын вядзьмаркі.
З гора яна пракляла раку і ў знак свайго пракляцця кінула ў Цех камень. З таго часу знікла рэчка, але ходзіць пагалоска сярод старых людзей: калі знайсці і выкапаць той камень з зямлі, Цех зноў стане ракой.
Некалі, у даўнія часы праз нашу вёску Цяхцін цягнуўся паштовы тракт. Па ім і карэты з багатымі вяльможамі ездзілі.
І вось аднойчы ехаў па гэтым тракце малады пан з маладой сялянскай дзяўчынаю ў залатой карэце. Яны збеглі ад бацькоў, бо дзяўчына была сялянкаю, і бацькі паніча не пагадзіліся на іхні шлюб. Таму і праклялі сына і гэтую дзяўчыну.
І вось, калі маладыя ехалі па нашай мясцовасці (людзі месца гэта называюць “Пяньковішча”), глеба расступілася, і карэта правалілася пад зямлю. І на гэтым месцы тут жа забілася, забруілася крыніца. Вада там заўсёды чыстая і халодная.
Чыстая, таму што каханне маладога пана і сялянскай дзяўчыны было чыстае, а халодная — ад багацця залатой карэты.
Старыя людзі кажуць: хто адкапае залатую карэту, будзе век шчаслівы. Цяхцінцы крыніцу абгарадзілі, акультурылі.
І ўлетку, у час сенакосу, крыніца ратуе іх ад спякоты і смагі.
Жыў калісьці ў гэтай мясцовасці (паміж Цяхціном і Прыбарам) пан. І была ў таго пана дачка. Прыгожая і адзіная ў панскай сям’і. Ведама, бацька яе вельмі шкадаваў і шанаваў.
Усяму прыходзіць свой час. Пакахала панская дачка маладога хлопца. Бацьку дзяўчыны ён вельмі не спадабаўся. Забараніў пан строга ім сустракацца. Але што для закаханых забарона? Калі кахаеш, усе перашкоды адолееш. Вось і вырашылі яны ўцячы, каб жыць-пажываць разам. Калі пан даведаўся пра іх змову, дачка ўжо ехала ў карэце са сваім каханым.
Бацька пракляў сваю дачку. І ў гэты самы момант, калі ён прамаўляў апошнія словы праклёну, зямля расступілася, і карэта пайшла пад зямлю.
На тым месцы ўтварылася крыніца: паміж вёскамі Цяхцін і Прыбар, каля лесу на лузе. І колькі было непагадзі, засухі, але тая крыніца, як жывая, заўсёды б’е ключом.