Партызанскі полк 122-і “За Радзіму” ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў. Народныя мсціўцы праводзілі аперацыі на чыгунках і шасейных дарогах, наносілі ўдары па варожых гарнізонах і апорных пунктах.
З першых дзён акупацыі Прыдруцкага краю гітлераўцамі вёска Ізобішча знаходзілася ў партызанскай зоне. Днём сюды часта наязджалі немцы, а ноччу гаспадарылі народныя мсціўцы. Аднойчы непадалеку ад вёскі падарвалася на міне фашысцкая аўтамашына. Зарад быў такі моцны, што грузавік разнесла на кавалкі. Забіты былі нямецкія афіцэры і салдаты.
На месца дыверсіі тэрмінова выехаў атрад эсэсаўцаў. Азвярэлыя фашысты прыехалі ў веску і пачалі здеквацца над яе жыхарамі: яны забягалі ў дамы і растрэльвалі ўсіх, хто трапляў на вочы. А здаровых мужчын сагналі на плошчу ля царквы і потым павялі ў Магілёў. Па дарозе іх жорстка збівалі. Хто страчваў сілы і не мог далей рухацца, прыстрэльвалі і скідвалі на абочыну дарогі.
Праз некалькі дзён ў Ізобішча прыехала і раскватэравалася вялікая группа акупантаў для аховы навакольных дарог. Сувязныя паведамілі ў 122-і партызанскі полк аб зверскай расправе з жыхарамі вескі. Аб гэтым былі таксама праінфармаваны Бялыніцкі падпольны райкам партыі і ваенна-аператыўная група. Камандзір ВАГ З.П Гапонаў загадаў распрацаваць план па разгрому гарнізона ў вёсцы Ізобішча. Падрыхтоўка да аперацыі ішла хутка. Начальнік штаба палка М.А.Салтыказін з групай разведчыкаў удакладнілі наяўнасць узбраення і жывой сілы ворага ў гарнізоне. А тут яшчэ даставілі адтуль “языка” – нямецкага афіцэра, які даў паказанні.
У марозную студзеньскую ноч 1943 года каля сотні народных мсціўцаў у поўным узбраенні на санях рушылі на выкананне баявога задання. Калі лес скончыўся, за снежным полем паказаліся ізобішчанскія хаты. Узводы раздзяліліся па намечаных маршрутах і перабежкамі накіраваліся да вёскі. Праз некаторы час фашысты заўважылі партызан і адкрылі па іх куляметны, аўтаматны і вінтовачны агонь. Народныя мсціўцы з крыкам “ура” кінуліся на штурм варожай паласы ўмацаванняў. Завязаўся кровапралітны бой. Першыя баявыя групы партызан прарваліся праз іх і хутка аказаліся на вясковых вуліцах. Бой працягваўся больш дзвюх гадзін. Вораг упарта супраціўляўся.
У ходзе нападу партызан на варожую групу ў Ізобішчы было забіта больш 60 гітлераўцаў, знішчана сем грузавых аўтамашын, вартавое памяшканне, склад гаруча–змазачных матэрыялаў.
Сур’ёзныя страты ў гэтым баі панеслі і народныя мсціўцы. У прыватнасці, было паранена звыш 15 чалавек, пяцера загінула, у ліку іх і 20-гадовая камсамолка з Магілёва Вольга Жыдкова, якая раней удзельнічала ў разгроме фашысцкіх гарнізонаў у вёсках Нежкаў і Ермалавічы.
Аляксандр Даўгіх, Пётр Харкевіч, Аляксей Лазараў, Іван Кармін, таксама былі смелымі і мужнымі воінамі, не раз удзльнічалі ў баявых аперацыях па разгрому фашыстскіх гарнізонаў, праяўляючы пры гэтым смеласць і адвагу. Калі, напрыклад, наступаючых партызан прыціснулі да зямлі кулямётныя чэргі з Ізобішчанскай царквы, якая, дарэчы, знаходзілася ў цэнтры вёскі, то Аляксандр і Пётр кінуліся да гэтай агнявой кропкі і закідалі яе гранатамі. Але, на жаль, і самім ім не ўдалося выйсці адтуль жывымі.