Ішоў заключны этап баёў за горад Магілёў. З кожным днём схваткі станавіліся ўсё больш жорсткімі. Не заціхала артылерыйская кананада. Савецкія воіны знішчалі групоўку гітлераўцаў, якія страцілі сувязь з камандаваннем. Адбіўшы моцную контратаку і разграміўшы вялікую калону ворага, 95-ая стралковая дывізія вяла баі на подступах да вёскі Ермалавічы.
Зрабіўшы 30-ці кіламетровы марш, наша батарэя падыйшла да гэтай вёскі. Мы былі здзіўлены, калі ўбачылі, што вёска пакінута ворагам. Батарэі і ўзвод аўтаматчыкаў размясціліся ў Ермалавічах, а штаб палка, стралковы батальён, рота аўтаматчыкаў і іншыя спецпадраздзяленні – непадалёку ад вёскі.
На досвітку блізкія разрывы перапынілі адпачынак салдат. Інтэнсіўнасць агню была вельмі вялікая. Адусюль стракаталі кулямёты і аўтаматы, рваліся гранаты. Становішча было няясным. Адразу былі прыняты меры да актыўнай кругавой абароны. Да бою падрыхтавалі два мінамёты. Камандзір батарэі старшы лейтэнант Райкоў, афіцэры батарэі Яцэнка, Папоў са сваімі салдатамі з боем пашырылі сектар абароны.
Поўны світанак яшчэ не настаў, туманная дымка перашкаджала што-небудзь бачыць і арыентавацца ў баі. Задачу ўсе разумелі – не даць ворагу звузіць кальцо, у якім мы апынуліся. У разліках ужо былі загінуўшыя таварышы. Увесь агонь вораг накіраваў на вёску Ермалавічы. Дакладна сказаць, адкуль паграджала найбольшая небяспека, было цяжка. Камандзір правільна ацаніў абстаноўку… Ён разумеў, што ў склаўшымся становішчы можа быць трагічная развязка. Кожны з нас хацеў зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб стрымаць націск ворага.
Разрывы куль над галавой стваралі адчуванне, нібыта хтосьці страляе ва ўпор. Ударамі з розных напрамкаў немцы імкнуліся заціснуць нас у кальцо і знішчыць. Праціўніка было ў некалькі разоў больш. Маёр Гаўрылюк, старшы лейтэнант Райкоў, сабраўшы ўсе сілы, вырашылі атакаваць гітлераўцаў. Наша атака для іх была настолькі нечаканай, што праціўнік не змог аказаць асаблівага супраціўлення і ўцёк. Ермалавічы былі вызвалены.