ЦЕЦЕРУКОЎ ІВАН ЦІМАФЕЕВІЧ



ТетерюковУ невялікай вёсцы Север Галоўчынскага сельсавета доўгі час жыў ветэран вайны і працы Іван Цімафеевіч Цецерукоў. За яго плячыма былі цяжкія гады барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і больш сарака гадоў работы педагогам у Навасёлкаўскай СШ.
Калі пачалася вайна, Іван Цімафеевіч служыў у 224-ым артылерыйскім палку, які дыслацыраваўся у раёне Таліна. Менавіта тут ужо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня 1941 года нашы чырвонаармейцы вялі жорсткія баі з гітлераўскімі захопнікамі. У адным з баёў ён быў цяжка паранены і адпраўлены ў шпіталь Ленінграда. Пасля выздараўлення зноў уліўся ў рады Чырвонай Арміі, патрапіў у 384-ы артылерыйскі супрацьтанкавы полк, які вёў баі на Пулкаўскіх вышынях. Камандзір гарматы І.Цецерукоў разам з іншымі артылерыстамі з закрытых агнявых пазіцый знішчаў жывую сілу і тэхніку ворага, ушчэнт разносілі доты, кулямётныя гнёзды. Тады за выдатнае выкананне баявых заданняў старшаму лейтэнанту Івану Цецерукову ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі.
У студзені 1944 года 42-я армія Ленінградскага фронту перайшла ў раёне Пулкава ў рашучае наступленне. У артылерыйскай падрыхтоўцы да прарыву блакады горада прымала ўдзел і батарэя Цецерукова. Воіны трапнымі стрэламі знішчалі варожыя ўмацаванні, пракладваючы шлях нашым танкам і пяхоце.
Летам 1944 года чырвонаармейцы 3-га Прыбалтыйскага фронту, вызваліўшы Пскоў, наступалі на Рыгу. У гэтай аперацыі ўдзельнічаў і 384-ы полк. Байцы батарэі старшага лейтэнанта Цецерукова ўклініліся ў абарону ворага і трое сутак бесперапынна змагаліся з гітлераўцамі. Яны знішчылі цяжкі нямецкі танк, чатыры агнявыя кулямётныя кропкі, больш 20 фашысцкіх салдат і афіцэраў. За мужнасць і адвагу І.Ц.Цецерукоў быў удастоены ордэна Айчыннай вайны II ступені.
Пасля Іван Цімафеевіч у вельмі цяжкіх умовах па балоту вывеў сваю батарэю ў фланг немцаў і агнём прамой наводкі выбіў гітлераўскіх аўтаматчыкаў з вышыні, якая знаходзілася ля вёскі Лыэпна. Затым, рухаючыся следам за пяхотаю, агнём батарэі ля вёскі Ляснічая знішчыў 75-міліметровую гармату праціўніка, два кулямёты і вялікую групу аўтаматчыкаў. Усё гэта дазволіла нашым вайсковым часцям хутка авалодаць вёскай Лыэпна і паспяхова рухацца наперад.
За правядзенне гэтай баявой аперацыі наш земляк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У характарыстыцы на капітана І.Ц.Цецерукова ёсць такія радкі: “Выбіты праціўнік з прамежкавага рубяжа пачаў адыходзіць на захад, аказваючы шалёнае супраціўленне савецкім наступаючым часцям. Падышоўшы да вёскі Раўч, немцы замацаваліся ў цагляных дамах і не давалі магчымасці ўзняцца нашай пяхоце. Цецерукоў з групай разведчыкаў прабраўся ў размяшчэнне праціўніка і, разведаўшы сістэму яго агню, перадаў каардынаты на сваю батарэю. Агнём гарматы прамой наводкай праціўнік быў выбіты з займаемага рубяжа. Пры гэтым было знішчана 5 кулямётных кропак, адна мінамётная батарэя і да 30 гітлераўцаў”.
Такіх баявых эпізодаў з франтавога жыцця Івана Цімафеевіча было нямала пры вызваленні Чэхаславакіі. Сюды да яго прыйшла добрая вестка, што ён удастоены ордэна Айчыннай вайны I ступені. Тут І.Цецерукоў і сустрэў доўгачаканы Дзень Перамогі.
Пасля дэмабілізацыі з радоў Узброеных Сіл ён вярнуўся ў родныя мясціны і больш сарака гадоў свайго жыцця аддаў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Быў настаўнікам, дырэктарам Навасёлкаўскай НСШ, намеснікам дырэктара па выхаваўчай.

       

СЛОВА ПРА СЯБРА

З успамiнаў М.Агейкiна аб І.Ц.Цецеруковым

“Васемнаццацiгадовым юнаком я быў прызваны ў армiю. Прыбыў на фронт у вераснi 1941 года ва ўзвод супрацьтанкавых гармат, якiм камандаваў I. Ц. Цецерукоў, ураджэнец Бялынiцкага раёна. Наша падраздзяленне займала тады абарону на Пулкаўскiх вышынях, пад Ленiнградам. Гiтлераўцы рвалiся да горада, у паветры вiселi дзесяткi пiкiруючых бамбардзiроўшчыкаў, зямля дрыжэла ад выбухаў бомб i снарадаў. Але мы стаялi насмерць. Адбiвалi ў дзень па некалькi танкавых атак. Я быў наводчыкам i здолеў ў гэтых баях падбiць варожую машыну. Гэты факт камандзiр узвода выкарыстаў у гутарцы з намi. Iван Цiмафеевiч быў не толькi добрым камандзiрам, але i чулым таварышам. Ён заўседы вучыў нас баявому майстэрству, патрабаваў, каб мы выдатна ведалi матэрыяльную частку гарматы, узаемадзеянне яе механiзмаў.
Памятую такi выпадак. Аднойчы гiтлераўцы кiнулiся ў атаку на наша падраздзяленне. Мы адкрылi агонь. Але ў самы разгар бою заклiнiла замок гарматы. Яна змоўкла. Фашысты iшлi ў атаку. Тады адзiн салдат з гарматнага разлiку, зараджальшчык Галубкоў, якi добра ведаў матэрыяльную частку, хутка разабраў замок i лiквiдаваў няспраўнасць. Праз лiчаныя хвiлiны мы зноў адкрылi агонь па ворагу. Атака фашыстаў была адбiта.
Успамiнаецца і бой 14 жнiуня 1944 года. Мы прыследавалi адступаючых фашыстаў па дарогах Латвii. Наша батарэя далёка ўклiнiлася ў размяшчэнне працiўнiка. Выкарыстаўшы гэтую акалiчнасць, гiтлераўцы акружылi нас. Пачаўся бой. З’явiлiся забiтыя i параненыя. Нашаму падраздзяленню ўдалося заняць кругавую абарону i адкрыць агонь па фашыстах. Але сiлы былi няроўныя. Гiтлераўцы ўсе больш i больш насядалi, боепрыпасы заканчваліся.
I раптам зусiм побач пачуўся гул артылерыйскай стральбы. Гэта адкрыла агонь па фашыстах батарэя капiтана Iвана Цецерукова. Да гэтага часу ён ужо быў павышаны ў званнi i камандаваў артылерыйскай батарэяй.
Праз некалькi хвiлiн гiтлераўцы былi разгромлены. За гэты баявы подзвiг капiтан Iван Цецерукоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi. За ўзорнае выкананне заданняў камандаванне ўзнагародзiла яго ордэнам Чырвонай Зоркi, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступенii ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступенi, медалямi “За перамогу над Германiяй” i “За аборону Ленiнграда”. Я шмат чым абавязаны Івану Цецерукову. За час вайны я знiшчыў 9 фашысцкiх танкаў, шмат  iншай тэхнiкii жывой сiлы ворага. Мне пашчасціла быць удзельнiкам Парада Перамогi 24 чэрвеня 1945 года, я крочыў у асобай калоне кавалераў ордэна Славы ўсiх ступеняў.

       
Назад на главную