Яўсей Блізнякоў нарадзіўся ў сям’і першым. Дзесьці праз паўгода, як у яго сям’і з’явілася чацвёртая сястра, нечакана памёр бацька, калгасны брыгадзір. Сем зім хлопчык хадзіў у школу, а летам пасвіў калгасных цялят. Аднойчы ў Камяніцу завітаў матчын брат, дзядзька Максім. Паглядзеў ён на сіроцкую сям’ю сястры, паўздыхаў і прапанаваў забраць Яўсея з сабой у Куйбышаў.
Да вайны Яўсей Блізнякоў закончыў рамеснае вучылішча, дзе набыў прафесію токара. Працаваў рабочым, майстрам цэха. Перад юнаком адкрываліся новыя магчымасці і новыя далягляды. Але ўсе планы перакрэсліў страшны дзень 22 чэрвеня 1941 года. Далей – мабілізацыя, палкавая школа, фронт. Змагацца з ворагам пачынаў сяржантам. Хутка Яўсею было прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Камандаваў кулямётным узводам, а пасля ранення камандзіра прыняў камандаванне і ротай.
Напачатку другога года вайны, падчас аднаго з жорсткіх баёў у раёне Курска, Я.Блізнякоў атрымаў кантузію. Калі апрытомнеў, сэрца апякла трывожная здагадка – трапіў у палон. Праз колькі дзён клопатамі таварышаў стаў на ногі. Знаходзячыся ў канцэнтрацыйным лагеры для ваеннапалонных, які размяшчаўся непадалёку ад Берліна, у памяці перабраў, можа, сотню варыянтаў уцёкаў. Гэтай надзеяй і жыў. У канцы жніўня 1943 года немцам спатрэбіліся металісты. Набралі іх некалькі дзесяткаў з палонных і накіравалі на аўтарамонтны завод у Кракаў. Патрапіў у гэту групу і Блізнякоў. Да нядаўняга часу на заводзе працавалі толькі палякі, але колькасць разбітых машын з кожным днём павялічвалася. Спатрэбілася дармавая рабочая сіла і майстэрства савецкіх ваеннапалонных. І палякі, і ваеннапалонныя жылі ў заводскіх бараках кругласутачна, пад аховай немцаў. Але ў Польшчы планы на ўцёкі мелі большы шанц ажыццявіцца. Хутка з ваеннапалонных утварылася група, якая прагнула свабоды. З’яўляючыся сапраўдным патрыётам сваёй радзімы і люта ненавідзячы крыважэрнага ворага, Яўсей Нікіфаравіч марыў пра помсту. У маі 1944 года, амаль праз год пасля траплення ў палон, сваю запаветную мару дваццацітрохгадовы беларускі юнак здолеў-такі ажыццявіць. У гарах з былых ваеннапалонных Яўсей Блізнякоў стварыў дыверсійна-разведвальную групу, якая ў хуткім часе ўлілася ў партызанскі батальён польскіх народных мсціўцаў, якім камандаваў паручнік Гарды. Праз нейкі час Яўсей даведаўся пра разведгрупу “Голас” капітана Міхайлава і рашыў далучыцца да сваіх, рускіх, каб разам каваць Перамогу.
Дваццаць сёмага кастрычніка Я.Беразняк дасылае ў Цэнтр радыёграму: “Створана баявая разведгрупа. 22 чалавекі. Рускія, большасць ваеннапалонных, два лётчыкі, якія прызямліліся падчас катастрофы ў пачатку кастрычніка. Апроч агентурнай разведкі, пачынаем дабычу “языкоў”.
Так, гаворка ў гэтай радыёграме ішла пра групу Я.Н.Блізнякова.
Да слова сказаць, памяць Яўгена Беразняка захавала момант сустрэчы з групай Я.Блізнякова.
На світанні, - піша Яўген Беразняк, - мяне разбудзіў вартавы. Паведаміў, што набліжаецца група ўзброеных людзей. Мы падрыхтаваліся да нечаканай сустрэчы. Шчыльны туман доўгі час не дазваляў разгледзець невядомых. Спачатку мы пачулі хрыплае дыханне, кашаль і толькі на адлегласці шасці-сямі метраў пабачылі на старых пілотках зорачкі, чырвоныя ленты. Да нас прыбылі, узброеныя польскімі вінтоўкамі, трафейнымі аўтаматамі, “вальтэрамі” чырвонаармейцы, уцёкшыя з нямецкіх лагераў смерці.
Цяжка было глядзець на іх пачарнелыя твары. Многія параненыя, абяссіленыя, многіх біла дрыготка. Ноччу групе двойчы давялося пераадолець горныя руччы.
Я загадаў накарміць людзей, размясціць па зямлянках на адпачынак. Запрасіў да сябе старшага групы – Яўсея Блізнякова”.
Так для беларускага хлопца з далёкай Камяніцы пачалася новая старонка біяграфіі і новае жыццё – поўнае рызыкі жыццё дыверсанта і разведчыка. Сапраўднае прозвішча яго ведалі нямногія. Для адных ён быў Аляксей, для іншых проста Коля Грышанчыкаў. Канспірацыі, забыцця сапраўднага імя і біяграфіі патрабавалі жорсткія абставіны, умовы змагання на акупіраванай тэрыторыі.
Літаральна праз тыдзень пасля далучэння да “Голаса” Яўсей Нікіфаравіч з трыма сябрамі атрымалі першае заданне: раздабыць харчы і патрывожыць адначасова фашыстаў у вёсцы Пцім. І гэта заданне разведчыкі выканалі паспяхова.
Як згадваў пазней Я.С.Беразняк, Яўсей Нікіфаравіч быў выдатным дыверсантам, надзвычай кемлівым разведчыкам.
Смеласць і знаходлівасць дапамаглі Я.Блізнякову выканаць заданне камандзіра “Голаса” па разгрому гарнізона на станцыі Строне, ажыццяўленні дзёрзкага налёту на чыгуначную станцыю Воля-Радзішэўская, затрымаць на восем гадзін рух цягнікоў на ўчастку чыгункі Кракаў – Закапанэ. Паколькі ў групе адсутнічаў тол і дынаміт Я.Блізнякову давялося прымяніць нечаканую зброю – хітрасць.
Але асаблівая заслуга разведчыкаў групы “Голас” – папярэджванне страшнейшага злачынства гітлераўцаў, якія пры адступленні намерыліся зруйнаваць старажытны горад Кракаў.
Напрыканцы снежня 1944 года ў месца размяшчэння разведгрупы нечакана з’явілася ўстрывожаная сувязная Валя – Валерыя Гембска-Зайонц. Яна і паведаміла, што над Кракавам навісла страшэнная небяспека. Спецыяльныя нямецкія каманды днём і ноччу закладваюць тонны ўзрыўчаткі пад старажытныя пабудовы. Горад аказаўся літаральна начынены дынамітам. А самае галоўнае – дакладны план мініравання захоўваўся фашыстамі ў глыбокай тайне. Бяду, здавалася, папярэдзіць не было як. І савецкія разведчыкі паставілі перад сабой звышзадачу – горад павінен быць выратаваны. Але дзеля гэтага патрэбна дакладна ведаць не толькі цэльную карціну, але і слабыя месцы абароны Кракава, дэталёвы план яго замініравання. Зразумела, адных назіранняў тут было занадта мала. Патрэбен “язык”. І не абы-які! Прыспешваў і час. Прадумваліся разнастайныя варыянты, выкрышталізоўваўся план аперацыі па захопу патрэбнага “языка”. А выканаць заданне ўзяліся Яўсей Блізнякоў, сябры-танкісты Міцька-Цыган і Сямён Растопшын. Хутка камандзір разведгрупы паведаміў у Цэнтр: “Намі ўзяты ў палон нямецкі інжынер Курт Пеккель. Ён кіруе ўчасткам будаўніцтва ўмацаванняў у 6 км ад Кракава ў накірунку Варшавы. Яго паказанні будуць перададзены”.
Каб здабыць “языка” Яўсей Нікіфаравіч і яго сябры трое сутак вялі назіранні за нямецкім інжынерам. Высветлілася прыхільнасць Пеккеля да “шнапсу ва ўсіх яго відах, польскай кухні і слабага полу – штодня з гадзіны да дзвюх ён адпачываў і весяліўся ў доме адной ўдавы”. Разведчыкам таксама ўдалося ўстанавіць, што маёр – чалавек надзвычай асцярожны. А ўзялі яго савецкія разведчыкі пасярод белага дня. Пад выглядам п’яных ці то бандэраўцаў, ці то паліцаяў акружылі маёра-інжынера, нібыта прапаноўваючы яму выпіць і пад пагрозай пісталета сілком вылілі яму ў рот бутэльку першагатункавага шнапсу. Ап’янелага немца давялі да ўмоўнага месца і хутка ён ужо знаходзіўся ў зямлянцы Я.Беразняка. Пеккель аказаўся для нашых разведчыкаў чалавекам, які валодаў багатай інфармацыяй. Ён перадаў план абарончых збудаванняў, дакладны план замініравання асобных аб’ектаў Кракава. Звесткі, атрыманыя ад палоннага інжынера, аказаліся вельмі каштоўнымі.
Групе савецкіх разведчыкаў “Голас” удалося цалкам і ў дэталях разведаць дыслакацыю, склад, узбраенне 17 палявой арміі гітлераўцаў, кракаўскі ўмацаваны раён, усе абарончыя збудаванні вермахта на Вісле паўднёвей Кракава, план мініравання горада.
Гітлераўцы заклалі міны пад многія архітэктурныя помнікі, адміністрацыйныя і прамысловыя будынкі гэтага горада, але ўзарваць іх не змаглі, - галоўны кабель быў своечасова абясшкоджаны. Карыстаючыся інфармацыяй “Голаса”, іншых разведгруп, дапамогаю польскіх патрыётаў, сапёры за кароткі тэрмін размініравалі горад і выратавалі не толькі гістарычныя каштоўнасці яго, але і жыхароў.
Пасля перамогі Яўсей Нікіфаравіч сваё далейшае жыццё прысвяціў таксама разведцы. Але на гэты раз – разведцы мірнай. Ён абраў для сябе прафесію геолага. З 1945 года працаваў у аб’яднанні “Укрнафта” і ў трэсце “Львоўгаз”. У 1956 годзе закончыў Драгобычскі нафтавы тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-механіка па абсталяванню нафтавых і газавых промыслаў. Быў інжынерам буравога абсталявання і камплектацыі Мазырскай канторы глыбокага разведачнага бурэння трэста “Белнафтагазаразведка”, працаваў намеснікам начальніка сейсмічнай партыі Палесскай геадэзічнай экспедыцыі ўпраўлення геалогіі БССР.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак пражываў у горадзе Мукачова, што ў Закарпацці.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы, былы савецкі разведчык Я.Н.Блізнякоў наведваў свае родныя мясціны. У адзін з візітаў Яўсей Нікіфаравіч завітаў і ў раённы мастацкі музея імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі. На добрую памяць землякам ён пакінуў кнігі, у якіх распавядаецца пра дзейнасць разведчыкаў групы “Голас”. Дзве з іх належаць пяру камандзіра групы Я.С.Беразняку – “Аперацыя “Голас” і “Пароль “Dum spiro”, “Кракаўскі вал” В.Жыгуля, памятны альбом, які падарылі яму члены савета ветэранаў вайны Палесскай геадэзічнай экспедыцыі. Пакінуў ён і сваю таямніцу. Захоўваецца яна ў пакеце, у які Я.Н.Блізнякоў дазволіў зазірнуць толькі 1 жніўня 2020 года, - напярэдадні свайго стогадовага юбілею.