СІНЯЎСКІ ЦІМАФЕЙ ЯГОРАВІЧ
"СЦЕЖКІ ПАРТЫЗАНСКІЯ, ДАРОГІ ФРАНТАВЫЯ"
(з успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны)



“Вестка аб пачатку вайны адазвалася ў маім сэрцы цяжкім болем. З першых дзён на фронт не ўзялі, бо не падыходзіў па ўзросту. А неўзабаве фашысцкія танкі ўжо грукацелі па шашы Мінск-Магілёў. Так я апынуўся на захопленай ворагам тэрыторыі ў сваёй роднай вёсцы Аніськаўшчына.
У кастрычніку 1943 года стаў партызанам. У хуткім часе наш партызанскі атрад перарос у партызанскі полк № 122, які аб’ядноўваў не менш тысячы чалавек. Дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Першы батальён размяшчаўся паблізу вёсак Рафалава, Малінаўка, Пушча, пасёлку Сярэднім. Другі – у вёсках Гута, Гарцава і Чырвоная слабада. Трэці – у вёсцы Цяхцін.
Разам са мною ў атрадзе былі Апанас Сцяпанавіч Аніськоў з вёскі Вішоў, Іван Іванавіч Варапаеў з вёскі Гняздзін і іншыя хлопцы з навакольных паселішчаў і з іншых паселішчаў Бялыніцкага раёна.
Мне даводзілася прымаць удзел у розных баявых аперацыях: рабілі налёты на паліцэйскія гарнізоны, узрывалі масты, пашкоджвалі сувязь. Гэтага не маглі дараваць ворагі. Яны кінулі супраць народных мсціўцаў вялікую колькасць узброенных да зубоў салдат і паліцаяў і ўзялі наш атрад у кальцо. Першыя спробы вырвацца з блакады не мелі поспеху. Давялося чакаць. А фашысты ўсё насядалі. Так на працягу 45 дзён і начэй мы знаходзіліся ў варожым кальцы. Нялёгка было? Вядома ж. Холад даймаў да касцей, бо нельга было распаліць вогнішча, каб не выдаць сябе. Даймаў голад. Але людзі трымаліся стойка, цвёрда веручы ў тое, што вырвемся з гэтых абцугоў і зноў будзем біць ворага.
Савецкая Армія атрымлівала на франтах Вялікай Айчыннай вайны адну перамогу за другой. І вось вызваленчыя баі ўжо ішлі на Магілёўшчыне. І народныя мсціўцы дапамагалі рэгулярным часцям узмацняць націск на ворага ўсім, чым толькі маглі.
Не абыходзілася і без страт. Хавалі баявых сяброў, ратавалі параненых. У чарговай сутычцы з фашыстамі 8 чэрвеня 1944 года я таксама быў паранены. А неўзабаве мы далучыліся да рэгулярных часцей  Савецкай Арміі. Спачатку мяне адправілі на лячэнне ў шпіталь. Як толькі падлячыўся – трапіў у вучэбны полк, дзе знаходзіўся тры месяцы. Мне прысвоілі званне малодшага сяржанта. “Дагнаў” фронт ужо далёка – на тэрыторыі Польшчы. Змагацца давялося ў саставе 59-ай танкавай брыгады ІІ-га Беларускага фронта.
Ішлі цяжкія баі. Яшчэ і сёння памятаецца ўсё да дробязей.
Аднойчы ў наш полк прыбыў генерал – камандзір дывізіі. Ім была пастаўлена перад байцамі задача – авалодаць населеным пунктам, які ўтрымлівалі фашысты. Першая спроба не дала выніку. Затым зноў паспрабавалі выбіць ворага, але ўжо ў начы. Нічога не атрымалася. Назаўтра на дапамогу прыйшлі танкі. Яны рынуліся на варожыя ўмацаванні. Тры машыны падарваліся на мінах. Астатнія імкліва рушылі наперад. Услед беглі аўтаматчыкі, якія выбівалі фашыстаў з траншэй і акопаў. Здавалася, што ўжо ачысцілі гэты кавалачак зямлі ад ворагаў, а тут бачу: адразу чацвёра з траншэі нібыта з-пад зямлі вылезлі. Я не разгубіўся і рэзануў з аўтамата. Двое ўпалі мёртвымі. А жывыя паласнулі па мне адразу ўдваіх. Калі бой крыху сціх, у сваім абмундзіраванні налічыў аж дзевяць дзірак, а цела ніводная куля не закранула.
Бой тады зацягнуўся надоўга. А калі скончыўся, высветлілася, што немцы так упарта змагаліся таму, што побач быў аэрадром, які яны ахоўвалі. За актыўныя баявыя дзеянні, за смеласць і адвагу, мяне ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.
Шостага лютага 1945 года мяне параніла ў нагу. Хірург, агледзеўшы яе, заключыў, што ў касцях засталіся тры асколкі. Выдаляць іх у палявым шпіталі адмовіліся. Але я настаяў на тым, каб іх выдалілі. Прабыў у шпіталі дванаццаць дзён. Раны крыху зацягнуліся і зноў у бой. І так да светлага дня Перамогі.
Даўно зараслі травою партызанскія сцежкі. На палях, дзе грымелі баі, закаласілася жыта. Але ўсё роўна ніколі не сатруцца з памяці тыя цяжкія і доўгія гады вайны, калі мы насмерць стаялі, абараняючы любімую Айчыну.
Як выдаецца вольная хвіліна, я дастаю пакет з дакументамі, якія звязаны з вайной. Асцярожна, каб не пашкодзіць, перакладваю падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага за праяўленую мужнасць і адвагу пры вызваленні польскіх гарадоў Цэханув, Нове Място, Дзялдова, за авалоданне гарадамі Ўсходняй Прусіі Дойч-Айлаў, Заолвфельд. Перачытваю Падзячнае пісьмо Галоўнакамандуючага Паўночнай групы войск Маршала Савецкага Саюза К.Ракасоўскага і члена Ваеннага Савета Паўночнай групы войск генерал-лейтэнанта С.Шацілава, якое ўручылі мне перад строем 1 кастрычніка 1945 года. Перад дэмабілізацыяй, прайшоўшы скрозь гарніла вайны, камандзіры і палітработнікі жадалі нам поспехаў на мірным фронце. І мы, былыя франтавікі, засталіся вернымі іх наказу.”

 
 
    Назад на главную