СЕВЯРНЁЎ ЯГОР МАЦВЕЕВІЧ
"У БАЯХ СЯБЕ НЕ ШКАДАВАЛІ"
(з успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны)



“Калі грымнула вайна, мне было няпоўных сямнаццаць. На фронт, вядома ж, не ўзялі. А як толькі па вёсках пайшлі чуткі, што акружэнцы і мясцовае насельніцтва згуртоўваецца ў атрады для вядзення партызанскай барацьбы, пачаў шукаць шляхі, каб уліцца ў рады народных мсціўцаў. Так, у снежні 1942 года я ўжо быў залічаны байцом 122-га партызанскага атрада. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі нашага Бялыніцкага раёна і прымаў удзел у правядзенні розных баявых аперацый, кожная з якіх была звязана з вялікай рызыкай.
Памятаецца, як група партызан, у якую ўваходзіў і я, атрымала заданне забраць статак кароў у ворага. А справа была так. У вёсцы Восліўка знаходзіўся невялікі фашысцкі гарнізон. Там былі і некалькі французаў, якія ваявалі ў складзе германскай арміі. Пры гарнізоне была створана малочная ферма з нарабаваных у мясцовага насельніцтва кароў. Вось і трэба бало забраць гэты статак. Але ж як? Памеркаваўшы, пайшлі на хітрыкі. У нашым атрадзе быў француз па імені Жан. Вось і вырашылі, каб ён пагавараў са сваімі суайчыннікамі. І ён хутка знайшоў з імі агульную мову: дамовіўся, каб статак выгналі на пашу далей гарнізона. Там мы яго і захапілі. Кароў раздалі мясцоваму насельніцтву.
Часта выходзілі на заданні па мініраванні шашы Мінск-Магілёў. Ад партызанскіх мін узляталі ў паветра варожыя аўтамашыны і бронетэхніка з жывой сілай, з боепрыпасамі.
Але не заўсёды нам спадарожнічала ўдача. Былі цяжкія часіны. Ворагі ўсё больш адчувалі магутнасць удараў народных мсціўцаў. І вось яны вырашылі задушыць нас у блакадным кальцы. Сорак доўгіх дзён давялося змагацца, пакуль вырваліся з варожага вогненнага акружэння. Складанасць заключалась яшчэ і ў тым, што не хапала харчу, цёплай вопраткі, боепрыпасаў, медыкаментаў. Але ж выстаялі, вытрымалі і зноў грамілі ворага.
Калі ў 1944 годзе народныя мсціўцы ўліліся ў рэгулярныя часці Савецкай Арміі, мяне залічылі ў 208-мы запасны полк. Пасля трохмесячнай вучобы, у званні сяржанта трапіў на фронт. Змагаўся ў складзе 283-яй стралковай дывізіі.
Прыгадваецца адна гісторыя. На ўвайшоўшым у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны Нарвскім плацдарме я і яшчэ сямёра байцоў атрымалі заданне ўварвацца ў варожую траншэю на пярэднім краі абароны, захапіць “языка”. Неўпрыкмет падабраліся да траншэі. Рукапашная схватка. Некалькіх прыкончылі без стрэлаў, а траіх узялі ў палон і даставілі нашаму камандаванню. Немцы далі каштоўныя звесткі аб умацаваннях пярэдняга краю абароны. Усё гэта спатрэбілася ў распрацоўцы далейшых баявых дзеянняў. За паспяховае ажыццяўленне гэтай аперацыі я быў узнагароджжаны медалём “За адвагу”.
Плацдарм мы занялі, пашырылі. Але не менш стойкасці і мужнасці спатрэбілася, каб яго ўтрымаць. Многія нашы байцы склалі там свае галовы. Я быў паранены. А, падлячыўшыся, зноў на фронт, у самае пекла вайны.
Усходняя Прусія… Наша падраздзяленне натыкнулася на вялікую перашкоду на сваім шляху, бо мураваныя дамы ворагі ператварылі ў сапраўдныя крэпасці. Адзін з такіх дамоў трэба было захапіць нашаму ўзводу. Гэтую аперацыю таксама мы выканалі паспяхова, за што некалькі байцоў, у тым ліку і я, былі адзначаны медалём “За баявыя заслугі”.
Затым былі цяжкія баі на Одэры і Эльбе. І так аж да светлага Дня Перамогі…
Вярнуўся да дому. Усё разбурана, знішчана. За што ні вазьміся – ўсё трэба было пачынаць аднаўляць з пачатку. Да вайны ў Галоўчыне стаяў млын. Пачалі аднаўляць яго, каб хоць было дзе зерне змалоць на хлеб. Так і працаваў там млынаром некалькі гадоў. Затым вывучыўся на трактарыста і працаваў на трактары, пакуль былі сілы”.

 
 
    Назад на главную