"НАШЧАДКІ ІХ ПОМНЯЦЬ"
ПОМНІК ЗАГІНУЎШЫМ ЗЕМЛЯКАМ


Памятник погибшим землякамУ цэнтры вёскі Навасёлкі Вішоўскага сельскага Савета ўзвышаецца велічны помнік землякам, узведзены рукамі ўдзячных нашчадкаў. На пяці мармуровых плітах увекавечаны прозвішчы 178 аратых, касцоў, цесляроў, жывёлаводаў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Першым сярод іх значыцца прозвішча Мацвея Цімафеевіча Бабкова, сям’я якога дапамагала ствараць у вёсцы калектыўную гаспадарку. Калі ў 1931 годзе сяляне Навасёлак сабраліся на сход і павялі гаворку наконт стварэння калгаса: маўляў, талакою будзе ўсё лягчэй рабіць – і зямлю апрацоўваць, і хаты будаваць, то адны адкрыта выказаліся за камуну, другія ўчэпіста трымаліся за свой невялічкі надзел. Але, нягледзячы на гэта, актывістам удалося стварыць сельгасарцель “Ударнік”. Першапачаткова ў яе ўвайшло 18 бяднейшых гаспадарак, у ліку іх была і сям’я Мацвея Цімафеевіча. Тады ён і стаў першым старшынёй праўлення. У гады Вялікай Айчыннай вайны Мацвей Бабкоў уліўся ў рады народных мсціўцаў, мужна змагаўся з ненавісным ворагам. Аднойчы яго высачылі гітлераўцы, доўга катавалі, а потым расстралялі на вачах у вяскоўцаў.
Аналагічны лёс напаткаў і Фёдара Цімафеевіча Скрыцкага. Задоўга да пачатку вайны ён працаваў сакратаром выканкама мясцовага сельскага Савета. Пры яго непасрэдным удзеле ламалася ўсё старое, усталёўвалася новае, калектыўнае. У Фёдара Цімафеевіча было шмат цікавых задум наконт перабудовы вёскі. Аднак ажыццявіць іх перашкодзіла вайна. З першых дзён наш герой уліўся ў рады народных мсціўцаў і загінуў як патрыёт ад рук фашысцкіх акупантаў. Пачатую бацькам справу ўвасобіў у жыццё яго сын Уладзімір, які больш за сорак гадоў узначальваў калгас імя Леніна (цяпер калгас у складзе СВК “Калгас “Радзіма”). Гаспадарка была вядома далёка за межамі раёна. За высокія вытворчыя паказчыкі яна ў свой час узнагароджвалася Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, двойчы была ўдастоена пераходнага Чырвонага Сцяга ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. А старшыня праўлення Уладзімір Скрыцкі быў адзначаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны” і шматлікімі медалямі. Яму прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.
На мармуровых плітах помніка таксама шмат Рагаўцовых, Зайцавых, Панцялеевых… Так, Апанас Зайцаў загінуў на фронце, абараняючы Радзіму ад фашысцкай навалы. Яго справу ў калгасе працягнуў сын Уладзімір.
Памятаюць навасельцы і Ягора Рагаўцова, Мікалая Зайцава, якія аддалі жыццё ў барацьбе з ворагам. Іх сыны Аляксей і Васіль шчыравалі механізатарамі ў гаспадарцы, карысталіся павагай і аўтарытэтам.
А вось чытаем запар некалькі прозвішчаў Грышанавых. Гэта блізкія і далёкія родзічы Івана Антонавіча. Яму самому давялося прайсці праз віхуры вайны, на сваіх плячах зведаць увесь яе цяжар. Пасля Перамогі і да апошніх дзён жыцця Іван Антонавіч узначальваў комплексную брыгаду. За высокія працоўныя здабыткі ён атрымаў шэраг узнагарод.
Нашчадкі помняць сваіх землякоў, якія загінулі ў барацьбе з захопнікамі. Ля помніка і ў будні, і ў святочныя дні можна сустрэць і старых, і маладых. Кожны з іх “дакранаецца” да подзвігаў тых, хто абараняў падчас вайны нашу Айчыну.

Віктар Сухараў

       
Назад на главную