МІТКЕВІЧ ЭМІЛІЯ ІОСІФАЎНА



Падчас акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны пражывала яна ў вёсцы Вішоў і была партызанскай сувязной. Па яе словах, камісарам партызанскага атрада быў Губскі Аляксандр Аляксандравіч. Яго з Ермалавічскага лагера для ваеннапалонных вывела Канюшэнка Эмілія Станіславаўна. Сувязной была і Тамара Міхайлаўна Ліпніцкая. Вёскі Рафалава, Кліны, Блёўка, Вугольшчына, Шараёўка лічыліся партызанскай зонай.
У Вішове немцы пабудавалі хлебапякарню (у раёне цяперашняга мехдвара ПМК). На ёй працавалі толькі немцы, мясцовых жыхароў туды на працу не бралі.
Старастай вёскі быў Міхась Галалобаў, з былых раскулачаных. Толькі перад самай вайной ён вярнуўся з высылкі ў Сібір.
Улетку 1942 году немцы сабралі ўсіх маладых хлопцаў і загадалі ім ісці на службу ў паліцыю. На наступную раніцу 120 хлопцаў сышлі ў партызаны. Сярод іх Арцём Даречкін, Галалобаў і брат Эміліі Іосіфаўны Міткевіч – Міткевіч Уладзімір Іосіфавіч, 1920 года нараджэння. Да вайны ён працаваў трактарыстам у калгасе імя Калініна. Затым яго прызвалі ў армію. Служыў у Бранску. У першыя дні вайны трапіў у акружэнне, выйсці дапамаглі мясцовыя жыхары – пераапранулі ў сялянскае адзенне, далі касу і ён з іншымі таварышамі па службе, як касец на заробкі, пайшоў дадому, у родны Вішоў.  
Пасля вызвалення Вішова ў 1944 годзе яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі.
Загінуў Уладзімір Іосіфавіч 8 мая 1945 года.
Пахаваны ў брацкай магіле ва Ўсходняй Прусіі каля горада Амменероммель.

 
 
    Назад на главную