Міткевіч Таццяна Фёдараўна (да замужжа Чмарова) нарадзілася 26 чэрвеня 1926 г. у вёсцы Сіпайлы Бялыніцкага раёна. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыла пяць класаў Нежкаўскай васьмігадовай школы. Ёй было 15 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Таццяне і яе сям'і прыйшлося жыць у фашысцкай акупацыі ў пастаянным жаху, што новы дзень можа аднойчы не наступіць.
У сямнаццацігадовым узросце Таню, як і некалькіх яе сябровак, сагналі на прымусовыя работы ў Германію. Былая малалетняя вязніца ўспамінае, як на ўсё жыццё запомніла яна 4 сакавіка 1944 гада. “Халодны вясновы дзень. У роднай вёсцы Сіпайлы стаяла нямецкая часць. Аднойчы ўсім жыхарам было загадана з’явіцца ў дом бургамістра для зняцця адбіткаў пальцаў і атрымання дакумента – “аўсвайса”. Затым усіх маладых хлопцаў і дзяўчат сагналі ў хлеў у канцы вёскі.Да мясцовай моладзі далучылі і дзяўчат-бежанцаў са Смаленска, якіх перад гэтым прыгналі ў вёску. Раніцай наступнага дня ўсіх пагрузілі ў кузаў грузавіка і павезлі на станцыю ў Талочын. Дарогі былі размытыя, вакол вада, холад. Нам было вельмі страшна. Сваіх, мясцовых, нас было 12 чалавек і бежанак 8, разам 20 чалавек. Мы, прыціснуўшыся адзін да аднаго, мы маўчалі і слухалі, як пастуквалі нашы сэрцы. Кожны думаў пра сваё: хтосьці плакаў, хтосьці маўчаў. У Талачыне нас закрылі ў вялікім доўгім хлеве, у якім ужо знаходзіліся дзяўчаты з Круглага, Бялынічаў, Цяцерына, Сянно, Коханава. Цэлы дзень мы прасядзелі пад замком і аховай. Ноччу немец адкрыў замок і пракрычаў “Бабы па патрэбе!”. А потым зноў замок.
Сядзелі без ежы і вады. У каго былі вузельчыкі з ежай – дзяліліся з усімі. Раніцой падагналі таварны цягнік і нас пагрузілі ў брудныя вагоны, у якіх перавозілі жывёл, падганяючы аўтаматамі і аўчаркамі. Людзей было шмат, таму і вагонаў было шмат. Дзверы зачынілі вельмі моцна і павезлі нас у бок Мінска. Па шляху руху мы бачылі праз шчыліны вагонаў пушчаныя пад адхон варожыя эшалоны, якія ляжаць уздоўж чыгуначнага палатна. У Мінску да нашага саставу прычапілі яшчэ некалькі вагонаў і мы працягнулі свой шлях у бок Беластока.
Прыбыўшы ў Беласток, нас пасялілі ў барак, у якім мы пражылі некалькі дзён. Кармілі баландай адзін раз у дзень і ставілі вядро вады на ўвесь барак. Праз колькі дзён зноў пагрузілі ў вагоны і адправілі ўжо ў Германію. Я, Лянеўская Каця і Пятроўская Ліда сталі трымацца разам, не хацелі, каб нас разлучылі.
Прывезлі нас у лагер Рашыгортфельд і сталі запісваць звесткі пра тое, хто чаму навучаны і што ўмее рабіць. Бежанка са Смаленска падказала нам, каб мы пісаліся на швачак. Яна складала спісы і запісала нас і сябе на швачак.
Далей нас адправілі ў лагер Шварцзэе (чорнае возера), вакол якога было вельмі прыгожа: возера, лес, гарыстая мясцовасць. Мы хадзілі на працу разгружаць вагоны, плялі сеткі, кошыкі. Гэта быў перасыльны працоўны лагер. А потым нас завезлі ў лагер Фалькенбург, дзе нас нядоўга патрымалі і адправілі ў горад Штардград. Тут нас адразу ж адвялі ў лазню пад канвоем нямецкіх салдат з аўтаматамі і сабакамі, якія рваліся з ланцуга, каб нас укусіць. Сустрэчныя немкі затыкалі насы і адварочваліся ад нас. У лазні нам загадалі зняць адзенне, якое адправілі ў печ на пражарку, затым аблілі яго чымсьці смярдзючым і прасушылі.
А нас партыямі па некалькі чалавек адпраўлялі ў душ і прымушалі мыць галаву нейкім непрыемным на пах парашком. Затым з душа выгналі, вярнулі вопратку, пасялілі ў бараку, дзе спаць прыйшлося на 2-х ярусных нарах. Нары перыядычна немцы аблівалі дэзінфіцыруючым растворам. Праз некаторы час нас адправілі ў лагер Харлотанбрук. Тут мы працавалі ў майстэрні, якая знаходзілася на 5-м паверсе: чынілі вопратку палонным, мылі яе, сушылі і адпраўлялі ў лагеры. Калі ў нас не было працы, звязанай з шыццём, нас адпраўлялі на іншыя працы: разгружалі на станцыі вагоны і г.д. Аднойчы прыйшлося разгружаць абгарэлыя рулоны сукна, палатна, скрыні абутковага крэму, валёнкі і разносілі ўсё гэта па паверхах у каморкі.
З адзення нам выдалі камбінезоны, якія былі вялікія для нас і давялося іх ушываць, падганяць пад свой памер. На ногі мы апраналі абутак накшталт сандаль з драўлянымі калодкамі і называлі іх “гольдшугі”. Кармілі вельмі дрэнна: давалі па маленькаму кавалачку хлеба, суп з цыбулявых стрэлак, часам вадкую манную кашу.
Ішоў 1945 год. Фронт набліжаўся. Ужо амерыканскія самалёты перыядычна бамбілі нямецкія гарады. Падчас авіяналётаў нас заганялі ў бункеры, каб перачакаць бамбёжкі.
Аднойчы быў такі выпадак. Нам далі нашыя пайкі ежы. Лянеўская Каця ўбачыла, што ежы ёй паклалі нашмат менш і дэманстратыўна выліла ежу прэч. Кухар далажыў аб тым, што здарылася начальніку лагера Гер Білер і Кацю выклікалі да яго. Гер Білер жорстка збіў яе сваім кіем. Дзяўчыну напаўжывой прывалаклі ў барак і мы ледзь яе выхадзілі. Але яна ўсё роўна не супакойвалася: не магла больш трываць рабскіх да сябе адносін і таму ўсяляк бунтавала. Гналі нас неяк па Берліне, а Каця ўбачыла немца, які ішоў да нас насустрач, выцягнулася ў струнку, прыстукнуў сваімі драўлянымі чаравікамі і пракрычала “Хальт Гітлер!”. Так яна дражніла немцаў.
Затым нас адправілі ў горад Альтёцінг. Там мы жылі ў бараках, шылі і рамантавалі шкарпэткі, латалі штаны і халаты палонных.
З набліжэннем фронту немцы сталі больш неспакойныя. Неўзабаве яны сабралі свае пажыткі і хацелі з’ехаць куды-небудзь. А наш барак вырашылі падарваць. А вось шэф кухні быў добры і сказаў: “Няхай жывуць!”.
Вызвалілі нас амерыканцы. Пасля прыйшлі і рускія. Я вельмі добра памятаю, колькі было радасці, калі ўбачылі савецкіх салдат і пачулі родную гаворку. Усе плакалі наўзрыд, цалаваліся і абдымаліся адзін з адным: нам не верылася ў тое, што мы вольныя, што не трэба больш бегчы пад вокрыкі фашыстаў на працу і прыніжацца перад імі.
Пасля вызвалення мы хадзілі ў канцлагер, які знаходзіўся непадалёку ад таго месца, дзе ўтрымліваліся мы, каб паглядзець у якіх умовах утрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Да самага вызвалення ў лагеры працаваў крэматорый і чорны з’едлівы дым часта засцілаў горад. Мы даведаліся, што людзей адпраўлялі ў печ на спецыяльным транспарцёры. А часам рабілі так: наганялі поўны пакой людзей, падлогу якога была змазана чымсьці слізкім, закрывалі яе і расхіналі падлогу. Яшчэ нам распавядалі, што з людзей здымалі скуру, а з яе потым рабілі сумкі і рамяні.
Пасля Перамогі мы яшчэ некаторы час заставаліся ў горадзе Альтёцінге. Цяпер ужо мы раздавалі нямецкім старым і жанчынам тыя адрэзы палатна, сукна, якія калісьці пад дуламі аўтаматаў разгружалі з нямецкіх вагонаў. Немцы разбіралі гэтыя адрэзы моўчкі, не падымаючы на нас вачэй. Дадому ў Беларусь мы вярнуліся толькі восенню 1945 года. На радзіме нас сустрэлі неласкава: людзі абзывалі нас, крычалі нам “нямецкія подсцілкі”. А мы ж былі зусім юныя дзяўчыны. Немцы ставіліся да нас як да людзей другога гатунку, ні пра якое каханне не было і гаворкі. У далейшым мы стараліся нікому не прызнавацца ў тым, што былі ў Германіі.
Калі я прыйшла ў школу, каб працягнуць адукацыю, мяне не ўзялі (завучам тады была Марозава М.Е. - былая сувязная 600-га партызанскага атрада). Усім, хто быў сагнаны ў Нямеччыну, сказалі ісці працаваць на цагляны завод, які знаходзіўся ў вёсцы Свяцілавічы. Працаваць там было вельмі цяжка: раскалённыя печы, невыносная спякота. І я перайшла ў калгас і працавала на вырошчванні коксагыза – расліны, якая давала сыравіну для каўчукавага завода, які знаходзіўся ў горадзе Магілёве. Пасля вайны ўсе вельмі шмат працавалі. Нам давалі і норму нарыхтоўкі дроў: 30 кубаметраў драўніны. Працавалі ад цямна да цямна, валілі дрэвы прама са ствала, з кораня. У нас часта кралі, прыпісвалі сваім. Таксама прымушалі рэзаць на балотах торф, брыкеты якога мы потым сушылі і здавалі дзяржаве. У 1955 годзе я выйшла замуж. У далейшым працавала ў калгасе імя Калініна (цяпер СВК “Калгас” Радзіма”). Нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. А мой сын Аляксандр таксама працуе ў СВК “Калгас” Радзіма”. Ён – у ліку лепшых механізатараў гаспадаркі і з’яўляецца неаднаразовым пераможцам раённых спаборніцтваў па ўборцы хлеба”.