Аляксей Якімавіч Блізнякоў з вёскі Камяніца васемнаццацігадовым юнаком стаў байцом 600-га партызанскага атрада, які дзейнічаў на Магілёўшчыне, у тым ліку і на тэрыторыі Бялініцкага раёна. Нямала прайшоў ён і франтавых дарог. Пасля вайны Аляксей Якімавіч шмат гадоў аддаў развіццю калгаснай вытворчасці. Яго працоўныя і ратныя справы адзначаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, а таксама шматлікімі медалямі, чатырма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
З успамінаў Аляксей Якімавіча Блізнякова:
ПЕРШАЕ ЗАДАННЕ
“Знішчэнне маста праз рэчку Ослік на шашы Магілёў-Мінск было першым баявым заданнем, у якім мне давялося прымаць удзел.
Аперацыя была не з лёгкіх, бо ля моста знаходзіўся ахоўны варожы гарнізон з 30 чалавек. Побач размяшчаўся бункер, абнесены земляным валам, на якім былі ўстаноўлены кулямёты. Па абодвы бакі моста – акопы і траншэі. Таксама каля яго вялось кругласутачнае дзяжурства.
Мост трэба было знішчыць не толькі дзеля таго, каб парушыць рэгулярны рух варожага аўтатранспарту, а і з той мэтай, каб “адрэзаць” гітлераўскія гарнізоны ў Машчаніцы, Цяхціне, Асаўцы і іншых вёсках пры разгроме буйнога варожага гарнізона ў Бялынічах. Гэтая аперацыя была запланавана Магілёскім падпольным абкомам партыі на ноч з 8 на 9 верасня 1943 года.
Да аперацыі рыхтаваліся ўсебакова. Двое сутак разведчыкі В.Паўтарацкі, І.Рыбакоў, Б.Папоў і М.Церахаў вывучалі подступы да моста, назіралі за ахоўным гарнізонам. Падрыўнікі І.Грыбайла, П.Кушняроў, В.Іваноў рыхтавалі выбуховыя рэчывы, рабілі плыт: выбуховы зарад вырашана было даставіць пад мост на невялікім плыце, спусціўшы яго па рачной плыні з прыбярэжнага хмызняку.
Тол здабывалі адным з партызанскіх спосабаў. Раскладвалі вогнішча і падвешвалі над ім кацёл з вадою. У кацёл апускалі артылерыйскі снарад ці авіяцыйную бомбу. Вада кіпела, тол расплаўляўся і па жалезным жолабу сцякаў у спецыяльна зробленыя формы. Занятак небяспечны. Малейшая памылка, і здабытчыкі толу разам з катлом маглі ўзляцець у паветра. Але рызыкавалі. Выплаўка вялася з ранку да вечара. Я адносіў гатовыя зліткі ў спецыяльна адведзенае месца. Прыгатавалі толу кілаграмаў гэтак шэсць-дзесяць.
Увечары 6 верасня дзве роты, разведгрупа і падрыўнікі атрада пакінулі партызанскі лагер. Да світанку прыбылі ў вызначанае месца, а яшчэ праз нейкіх паўгадзіны занялі зыходныя пазіцыі. Разведчыкі, штурмавая група і падрыўнікі наблізіліся да моста.
А пятай гадзіне раніцы быў дадзены сігнал дзейнічаць. Партызаны рынуліся на ворагаў. Страляніна, сярод фашыстаў – паніка. А ў гэты час унізе па плечы ў вадзе, рабілі сваю справу падрыўнікі.
Калі ўсё было гатова, іх кіраўнік Іван Грыбайла даў сігнал адыходзіць. Крыху адбегліся. Уздрыгнула зямля. А калі дым рассеяўся, мсціўцы ўбачылі, што сярэднія апоры нібыта ссечаны пад корань, два пралёты моста ўпалі ў ваду.
Так, дзякуючы ініцыятыве і знаходлівасці народных мсціўцаў, на гэтай важнай аўтамагістралі на тры тыдні быў спынены рух”.
І ПАЙШЛІ Ў КОНТРАТАКУ
“600-ты партызанскі атрад прасоўваўся ў напрамку Бярэзінскага раёна. Бялыніцкая партызанская зона была акружана гітлераўцамі. Іх камандаванне паспешліва здымала рэгулярныя часці ў іншых месцах і кідала супраць прарваўшыхся атрадаў народных мсціўцаў.
Кожны дзень даводзілася весці баі са свежымі падраздзяленнямі, якія намнога пераўзыходзілі нашы як па колькаснаму саставу, так і па зброі. Перавага ж патрызан заключалася ў тым, што мы добра ведалі мясцовасць і маглі манеўраваць свабодна, наносячы нечаканыя ўдары па ворагу.
За пяць дзён баёў наш атрад паспеў прасунуцца далёка. Ззаду засталіся рэчкі Друць, Ослік, Малыш. Выйшлі да Беразіны, па правым беразе якой разведчыкі заўважылі вялікае скопішча ворагаў. Атрымалі загад – да наступлення цемнаты акапацца і заняць кругавую абарону.
Раптам над намі праляцеў самалёт і сыпануў мноства лістовак, у якіх нам прапаноўвалі здацца ў палон, бо супраціўляцца няма сэнсу.
Так, мы былі акружаны. Камандзір атрада Г.Ф.Меднікаў прыняў рашэнне стварыць ударную групу на чале з камісарам Някрасавым, каб прарваць кальцо.
І рынуліся ў атаку. Адны падалі, падкошаныя варожымі кулямі, другія працягвалі наступленне”.