У час фашысцкай акупацыі на Бялыніччыне дзейнічаў падпольны райкам камсамола. У склад яго ўваходзілі Карней Калакустаў, Пётр Мякаценка, Фёдар Ахламёнак, Іван Марозаў, Сцяпан Янчанка, Уладзімір Лапухін і іншыя. Важак падпольнага РК ЛКСМБ Карней Лявонавіч Калакустаў загінуў ад варожай кулі. Пра гэтага бясстрашнага чалавека, адданага партыі камуніста, патрыёта Радзімы расказаў у сваіх успамінах былы камандзір Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы, член падпольнага райкама партыі Захар Платонавіч Гапонаў. Яго ўспаміны, азаглаўленыя “Узмацнялі ўдары па ворагу” змешчаны ў кнізе “Вяла нас партыя”, якую выпусціла выдавецтва “Беларусь” у 1984 годзе. Вось гэты расказ.
Важак партызанскай камсамоліі малады камуніст К.Л.Калакустаў адпавядаў свайму арлінаму племені. Ініцыятывы яму, здавалася, не пазычаць, ды і вопыту выхаваўчай работы таксама. Вайна застала яго на пасадзе дырэктара адной з сямігадовых школ Піншчыны. Як сапраўдны патрыёт Радзімы, ён добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі і, змагаючыся за кожную пядзь савецкай зямлі, выпрабаваў на сабе ўвесь цяжар адступлення. У пачатку кастрычніка ў баях пад Вязьмай трапіў у палон. Затым уцёк з фашысцкай няволі і доўга блукаў па варожых тылах, пакуль не трапіў у родную вёску Гняздзін Бялыніцкага раёна. Тут ён арганізаваў маладзёжную партызанскую групу, якая з першых дзён свайго існавання павяла актыўную барацьбу з акупантамі.
У жніўні 1942 года Карней, пачуўшы ад людзей пра бой гітлераўцаў з нейкім партызанскім атрадам у вёсцы Смятанічы Шклоўскага раёна, адправіўся туды шукаць народных мсціўцаў. У невялікім лесе ля пасёлка Мярча Калакустаў сустрэў атрад “За Радзіму” лейтэнанта Фёдара Міхайлавіча Тарасава, падрыхтаванага на Асобым беларускім зборы і адпраўленага ў тыл ворага. Так, Карней Калакустаў стаў партызанам. Служыў разведчыкам, затым камандзірам дыверсійнай групы, вёў нястомную работу па знішчэнню варожых гарнізонаў у Бялынічах, Галоўчыне, Княжыцах і іншых населеных пунктах, кантралюемых акупантамі. А калі настаў час стварэння падпольнага райкама камсамола, першай кандыдатурай на пасаду сакратара назвалі яго, Карнея Калакустава.
Загінуў Карней Лявонавіч на баявым пасту ў поўным сэнсе гэтага слова. Варожая куля пранзіла яго ў лістападзе 1943 года. У той дзень Калакустаў разам са сваімі баявымі таварышамі камсамольцамі Іванам Варапаевым і Васілём Гольманам вырашылі прывесці ў наш інтэрнацыянальны ўзвод новае папаўненне.
-
Вы асцярожней там, сыночкі,- з бацькоўскай цеплынёй наказваў Калакуставу і яго напарнікам сакратар райкама партыі В.І.Падаляк. - Не рызыкуйце дарэмна. Кожнаму з нас усяго па адным жыцці адмерана.
-
Нічога, Васіль Іванавіч, не турбуйцеся,- усміхнуўся яму ў адказ Карней. – Той, хто жыццё любіць, смерці не ведае. Як гэта там у песні сказана: “Смелага куля баіцца, смелага штык не бярэ…”. Наперад, рабяты!
Яны пайшлі да вёскі Супшынка, дзе падраздзяленне палякаў высякала лес паабапал дарогі Княжыцы-Галоўчын. Па сведчанню сувязнога Андрэя Бабкова з вёскі Сіпайлы, палякі жадалі перайсці на бок партызан, але пабойваліся рэпрэсій, якім маглі падвергнуць фашысты іх сем’і на радзіме.
-
Абяззброіць іх на віду ў сведкаў,- ужо па шляху выказаў свой план Калакустаў,- І справе канец. А фашыстам людзі данясуць, што палякаў партызаны ў палон забралі.
Дабраліся яны да Супшынкі на досвітку. Схавалі сваіх коней у лесе, пакінуўшы з імі Васіля Гольмана. А Калакустаў з Варапаевым, выбраўшы зручнае месца паблізу дарогі, замаскіраваліся і пачалі чакаць. Дзень быў пахмурным, імжыў дожджык і, відаць, з гэтай прычыны калона лесарубаў з боку сурдаўскага гарнізона паказалася толькі ў адзінаццатай гадзіне. Дзве параконныя падводы везлі інструменты, за імі ішла група людзей у ватоўках, світках, пінжаках – гэта былі жыхары бліжэйшых вёсак, якіх акупанты ў прымусовым парадку зганялі на расчыстку прыдарожнай паласы. Наперадзе, ззаду і па баках калоны ішлі салдаты. Іх налічвалася чалавек сорак, не менш. Ішлі моўчкі, і цяжка было вызначыць: палякі гэта, ці немцы. У кожнага на грудзях аўтамат, ля пояса – па звязцы гранат.
-
Прапусцім,- шэптам сказаў Карней Калакустаў таварышу. – Паглядзім, што далей будзе.
Мінуўшы месца засады, калона раздзялілася: адна палавіна пайшла далей к Ізобішчу, другая палавіна засталася ля Супшынкі і тут жа прыступіла да работы. Адтуль да слыху рабят даносілася толькі беларуская і польская мовы.
-
Ёсць тут немцы, чорт бы іх пабраў?– нецярпліва вылаяўся Карней і паглядзеў на Варапаева.
-
Спытаць трэба,- спакойна адказаў той.
Калакустаў не зразумеў, усур’ёз гэта ці жарт.
-
У каго спытаеш?
-
У Івана Грышанава з Навасёлак. Я бачыў, ён у калоне ішоў і тут, з гэтай групай, застаўся. Іван – верны чалавек, не выдасць.
-
Ну, калі так – давай.
Пакінуўшы Карнея аднаго, Варапаеў, хаваючыся за кустамі, адпоўз углыб лесу і пачаў асцярожна прабірацца туды, дзе працаваў яго знаёмы. Грышанаў аказаўся з краю, амаль ля самай павароткі на Ізобішча, і, пакуль Варапаеў адшукаў яго, мінула мінут сорак, калі не болей. Іван пілаваў тоўстую ёлку разам з нейкім другім, незнаёмым Варапаеву мужчынам. Паблізу працавалі салдаты. Прыслухаўшыся да іх размовы, Варапаеў зразумеў, што гэта былі палякі. Але падыходзіць адкрыта не рашаўся, чакаў моманту, калі Грышанаў застанецца адзін. Мінула яшчэ мінут дваццаць, перш чым прадставіўся такі момант.
-
Дзядзька Іван! А, дзядзька Іван!- упаўголаса паклікаў Варапаеў, калі елка нарэшце ўпала і напарнік Грышанава, узяўшы сякеру, заняўся церабленнем галінак. – Дзядзька Іван!
Пачуўшы сваё імя, Грышанаў нарэшце, азірнуўся і, пазнаўшы у клікаўшым яго чалавеку хлопца з суседняй вёскі, трывожна зашаптаў:
-
Ты што? Тут жа нем…
Ён не паспеў дагаварыць, як справа, адтуль, дзе застаўся Калакустаў, прагучалі амаль адначасова два стрэлы і абрывак аўтаматнай чаргі.
-
Партызаны!
Той-сёй з салдат, схапіўшы аўтамат, кінуўся у бок стрэлаў.Не ведаючы сам, што адбылося ля Супшынкі, Варапаеў амаль крыкнуў Грышанаву:
-
Там наш быў!... Адзін! Усяго адзін!...
-
Бяжы, заб’юць!- замахаў у адказ яму Грышанаў.
Непасрэднымі сведкамі гібелі Калакустава былі толькі палякі. Некаторыя з іх потым перайшлі на бок партызан і паведамілі падрабязнасці гэтай трагедыі.
З іх расказаў мы заключылі наступнае. Адправіўшы Варапаева ў разведку, Калакустаў нейкі час цярпліва чакаў яго вяртання і назіраў за тым, што адбывалася ля дарогі. Паўтара дзесятка салдат, якія працавалі непадалёк ад яго, амаль усе былі палякамі. Выключэнне складаў толькі ўнтэр-афіцэр Курт Брэдэль – немец па нацыянальнасці, добра ведаўшы польскую мову. Ён якраз і кіраваў работамі па ачыстцы прыдарожнай паласы. Відаць, прыняўшы яго таксама за паляка, Калакустаў вырашыў пайсці на разведку і раззброіць гэтую групу сам. Ён нечакана выйшаў з-за кустоў, трымаючы на пагатове свой аўтамат і скамандаваў:
-
Ні з месца, панове! Вы акружаны партызанамі. Супраціўленне бескарыснае. Зброю ўсю скласці вось сюды!- і ён паказаў на невялічкі ўзвышак ля дарогі.
Здарылася так, што ў той час, калі палякі пачалі паслухмяна зносіць сваю зброю на месца, указанае Калакуставым, Курт Брэдэль апынуўся ззаду адважнага партызана.
-
Пан! Асцерагайся!... Пісталет!- выкрыкнуў нехта з палякаў. Але ўжо было позна. Немец паспеў двойчы выстраліць Калакуставу ў патыліцу.
Падаючы на спіну, партызан машынальна націснуў на спускавы курок аўтамата.
Кароткя чарга ссекла некалькі галінак сасны… Жыццё адважнага партызана, маладога камуніста, сакратара падпольнага райкама камсамола Карнея Калакустава было падобнае на след бліскавіцы – імгненны, яркі, незабыўны.
З успамінаў маці Карнея Калакустава – Праскоўі Аўсееўны
Сям’я Калакуставых першымі ўступіла ў калгас, які арганізаваўся ў Гнездзіне. Працавалі там, дзе неабходны былі рабочыя рукі. Праскоўя Аўсееўна жала жыта, зграбала і складала ў копы сена. У іх з мужам нарадзілася пяцёра дзяцей. Васіль стаў лётчыкам, Карней стаў настаўнікам. Калі б не вайна, добрай апорай былі б маці ў старасці. Васіль загінуў у паветраным баі, а Карней на зямлі, у тутэйшым лесе Клінках, дзе потым працаваў лесніком іх пяты сын Мікалай.
Бывала, маці часта пытала ў Карнея: “Хто прагоніць фашыстаў з нашай зямлі?”. І сын заўсёды з упэўненасцю адказваў: “Мы прагонім… Будзе Савецкая ўлада. Падавяцца чужынцы нашым багаццем. Не схілім галовы, не станем рабамі”. За сынам і маці пайшла ў партызаны. Два гады была ў атрадзе. Не магла сядзець склаўшы рукі, калі вораг лютаваў на роднай зямлі. Шмат чаго давялося пабачыць і перажыць Праскоўі Аўсееўне ў тыя гады: гатавала ежу, мыла бялізну, даглядала раненых, хадзіла на заданні.
Ужо ў мірны час вуліца ў вёсцы Гняздзін была названа імем Карнея Калакустава.