ІВАНОВА ЛІДЗІЯ АФАНАСЬЕЎНА



Лідзія Афанасьеўна Іванова нарадзілася 2 лютага 1919 года ў вёсцы Сурды Галоўчынскага сельскага Савета ў сям’і сялян. Яе бацька, Іваноў Афанасій Мікалаевіч, працаваў у полі, а маці – Варвара Акімаўна – вяла хатнюю гаспадарку, займалася выхаваннем 13 дзяцей. Сям’я перажывала вялікія цяжкасці ў 1930-ыя гады: голад, хваробы. Перад вайной і пад час вайны ў сям’і Івановых памерла дзевяць дзяцей. Засталося чацвёра. З дзяўчынак Лідзія была старэйшай. Таму з дзяцінства была яна прывучана да любой працы: і прала, і ткала, і касіла, і даіла кароў, і вучылася хадзіць за плугам. Перад вайной Ліда закончыла Галоўчынскую сямігодку, а ў 1940 годзе  – акушэрскую школу ў горадзе Магілёве на выдатна. Дарэчы, аб медыцыне дзяўчына марыла заўсёды.
Калі пачалася вайна, Лідзія Афанасьеўна працавала ў Магілёве. І, вырашыўшы, што яе дапамога будзе вельмі патрэбна на фронце,  маладая дзяўчына рушыла на прызыўны пункт. Усе свае асабістыя рэчы яна пакінула ў Магілёве, а з сабой узяла толькі аблігацыі, чэк на зарплату і 3 рублі грошай. Аблігацыі і чэк Ліда здала ў фонд Абароны, а 3 рублі пайшлі на асабістыя патрэбы. Так пачаліся ваенныя будні Івановай Лідзіі Афанасьеўны.
На службу маладая медсястра трапіла ў 1129 полк 337-ай стралковай Лубненскай Чырвоназнамённай, ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага дывізіі. У час службы даводзілася дзяўчыне брацца і за зброю, і станавіцца на месцы смяротна параненых або забітых салдат.
У 1941 годзе фашысты акупіравалі ўсю тэрыторыю Беларусі і Ўкраіны і рваліся далей да  важных кропак Савецкага Саюза: да Масквы, Каўказа, Сталінграда і іншым. Грозненская нафта – вось што вабіла ворага на Каўказе. І 337-ая стралковая дывізія насмерць стаяла на прыступках да Керчы.
Вось як успамінала Лідзія Афанасьеўна аб баях за Каўказ: “За Грозненскую нафту ў раёне Малгабека нам супроцьстаяла эсэсаўская дывізія. Баі былі цяжкія. Наша дывізія аказвала стойкае супраціўленне, але усё ж такі папала ў акружэнне. Было вельмі цяжка: спёка, нехапала вады. Калі-нікалі ішоў дождж, пасля якога мы збіралі дажджавую ваду, адстойвалі яе і выкарыстоўвалі для піцця. Асабліва было цяжка з параненымі: нехапала перавязачнага матэрыялу, лекаў. Бывала, не спалі па некалькі сутак – даглядалі цяжка параненых салдат. Многія з іх паміралі  і было вельмі шкада, што такія маладыя хлопцы, яшчэ не пазнаўшыя як след  жыцця, паміралі. У кожнага салдата быў медальён, які выгладаў як патрон, і ў якім ляжала папера з асабістымі дадзенымі (прозвішча, імя, імя па бацьку, хатні адрас), каб пасля гібелі паведаміць родным. І я заўсёды вельмі плакала, калі даводзілася паведамляць аб гібелі сына, мужа. У перапынках паміж баямі мы, як маглі, падтрымлівалі параненых: чыталі ім вершы, спявалі песні.”
Пазней 337-ая дывізія ўвайшла ў склад 18-ай Арміі і ваявала пад Наварасійскам, каля Чорнага мора. Начальнікам палітаддзела18-ай Арміі быў Л.І.Брэжнеў. “Гэта пра нашу дывізію ён напісаў у кнізе “Малая Зямля”,- казала Лідзія Афанасьеўна. “Асабліва запомніўся бой каля 1-га цэментнага завода пад Цукровай галавой, дзе знаходзіліся немцы. Неаднойчы даводзілася  адбіваць  ворага з  гэтай высаты. Шмат савецкіх салдат палягло тады. Там за адзін дзень я вынесла 25 параненых,- успамінае Лідзія Іванова.
У 1943 годзе 337-ая дывізія прымала ўдзел у прарыве Курскай дугі. Лідзія Афанасьеўна ўспамінала: “Пасля Курскай бітвы наша дывізія прымала ўдзел у разгроме фашыстаў, абкружаных у раёне Карсунь-Шаўчэнкі. Таксама вызвалялі гарады Гадзяч, Лубны, пасля чаго нашай 337-ай стралковай дывізіі за асобыя заслугі прысвоілі назву Лубненская тройчы ардэнаносная. Далей двойчы прыйшлося фарсіраваць Днепр на поўдзень ад Кіева. Ішлі ўсе, і салдаты, і медыцынскія работнікі, са зброяй у руках, з лапатамі, таму што ноччу даводзілася капаць траншэі для байцоў пярэдняга краю.”
Пасля вызвалення Ўкраіны, байцы 337-ай дывізіі ўдзельнічалі ў вызваленні краін Западнай Еўропы. У Румыніі пад Яссамі ішлі вельмі жорсткія баі. Пасля фарсіравання ракі Серэй вызвалялі гарады Шопрак, Дзебрацэн.
Вызваляючы Дзебрацэн,- успамінае Лідзія Афанасьеўна, – наша дывізія несла вялікія страты. Здавалася, гераізму нашых байцоў не было канца. Былі такія салдаты, якіх мы, медсёстры, адпраўлялі з поля, але яны да апошняга дыхання заставаліся на полі бою і паміралі як сапраўдныя героі. Пасля вызвалення Дзебрацэна наш 1129 полк быў названы Дзебрацэнскім. За адзін дзень я вынесла 15 параненых.”
13 лютага 1945 года 337-ая дывізія, ў якой несла службу Лідзія Афанасьеўна, прымала ўдзел у разгроме фашыстаў у Будапештскай групіроўцы, якая была разбіта. Па ўспамінам былой франтавічкі, вельмі цяжка ішлі баі ў гарах Аўстрыі. “Ішлі мы па так званым Сувораўскім сцяжынкам. Вялі баі за Чортаў мост. Тут наш полк падтрымлівала авіяцыя, жаночы авіяполк, якім камандавала Марыя Міхайлаўна Раскова. Там жа ў Аўстрыі ў красавіку 1945 года адзін з удзельнікаў падзей, а пазней – член пісьменнікаў Украіны Барыс Серман – напісаў песню “337-ай дывізіі”, якая і стала нашым гімнам.”
Усё бліжэй і бліжэй можна было пачуць залпы “кацюш” і стрэлы саюзнікаў. І ўсе, па словах Лідзіі Афанасьеўны, прадчувалі набліжэнне канца вайны, радаваліся, аплаківалі тых, хто не змог дажыць да Перамогі.
Перамогу 337-ая стралковая дывізія, а таксама 1129 Дзебрэцэнскі полк, у якім несла службу Іванова Лідзія Афанасьеўна, сустрэлі каля горада Грац, што ў 40 км ад Вены. Па яе словах, “Перамогу сустрэлі з гордасцю за Радзіму, за Сталіна. У Перамогу мы верылі, хоць і далася яна нам нялёгка. Чатыры гады бяссменна пад агнём, бамбёжкамі, пад смерцю. Усё было супраць нас. Але нас гэта не зламала, мы перамаглі. Наша зямля свяшчэнная, аблітая крывёю, чалавечымі ахвярамі мільёнаў людзей. Мы павінны памятаць, якой цаной нам дасталась Перамога.
Пасля вайны Лідзія Афанасьеўна Іванова вярнулась на радзіму. Выйшла замуж, нарадзіла сына Валянціна, працавала акушэрам Нежкаўскай бальніцы.

Узнагароды Івановай Лідзіі Афанасьеўны:

- Ордэн Чырвонай Зоркі (вынесла 25 параненых з поля бою за адзін дзень).
- Медаль “За адвагу” (вынесла 15 параненых).
- Медалі: “За абарону Каўказа”, “За ўзяцце Будапешта”, “За Перамогу над Германіяй”.
- Юбілейныя медалі: “20 год Перамогі”, “30 год Перамогі”, “50 год Узброенным сілам СССР”.
- Працоўныя медалі: “За доблестную працу”, “Ветэран працы”.
Таксама Лідзія Афанасьеўна ўзнагароджана граматай “За ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі” за подпісам А.П.Марэсьева і П.І.Батава, граматай ад абласнога камітэта кампартыі БССР і іншымі.

 
 
    Назад на главную