ЖУК ФЁДАР ФЁДАРАВІЧ


(1910-1941)

 
Жук
 

АБ ГІБЕЛІ БАЦЬКІ І АДНАВЯСКОЎЦАЎ

З успамінаў дачкі Жук Таісіі Фёдараўны

“Што я памятаю аб вайне? Мне было 4 гады, калі пачалася вайна. Але я памятаю, як забілі майго бацьку. Ён быў камуністам, працаваў дырэктарам Навасёлкаўскай сямігадовай школы, быў засядацелем у народным судзе. Калі пачалася вайна, не ўсе паспелі мабілізавацца ў рады Чырвонай Арміі. А некаторых аставілі для стварэння падпольных атрадаў. У ліку гэтых людзей быў і мой бацька. У лесе Бярозаўка, які знаходзіцца за вёскай Мерч, пачаў стварацца партызанскі атрад. Бацька пайшоў туды, але ж заўсёды душа балела па родных: дома засталася жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Хвалюючыся за сям’ю, аднойчы бацька вырашыў праведаць нас. А ў вёсцы ўжо ўладарылі паліцаі. Сярод іх былі Грышанаў Савелій, Грышанаў Васіль, Грышанаў Герасім, Малашкоў Якаў, Грышанаў Яўхім і Малашкоў Андрэй. Даведаўшыся, што бацька прыйшоў да нас, Малашкоў А. паведаміў карнаму атраду, які ў гэты час знаходзіўся ў вёсцы. Бацьку схапілі і на вачах у жонкі і дзяцей упіхнулі ў грузавік, у якім ужо былі чатыры чалавекі: Панцялееў Цімафей Архіпавіч – арганізатар і брыгадзір калгаса, Папоў Яўхім – камуніст, фінансавы работнік сельсавета, Рудзянкоў Фёдар Сцяпанавіч – калгаснік, Грышанаў Мікалай Адамавіч – актывіст і арганізатар калгаса. Гэта адбылося 14 жніўня 1941 года.
Ніхто не ведаў, куды павезлі арыштаваных людзей. Праз нядоўгі час жыхар вёскі Булыжыцы з дапамогай сабакі натыкнуўся ў лесе каля так званага “гарэлага балота” на забітых людзей, аб чым і паведаміў знаёмым з суседніх вёсак. Мая маці разам з роднымі іншых зніклых людзей, пайшла на апазнанне. Прыйшоўшых на месца расправы чакала жахлівае відовішча: целы растраляных людзей ад высокай тэмпературы разлажыліся так, што не магчыма было іх распазнаць. Толькі па прадметам адзення і па іншым, толькі ім вядомым прыкметам на целе, людзі знаходзілі сваіх родных. Так было і з бацькам: маці пазнала яго па зубному пратэзу і па вельветавай кашулі, у якой яго забралі фашысты. Родныя сабралі ў посцілкі астанкі і пахавалі іх на могілках за вёскай.
А паліцаі тым часам забралі з дому ўсё, што можна было забраць цэннага: часы, грамафон, адзенне, карову”.

       
Назад на главную