Сярод тых, хто ўдзельнічаў у славутым Парадзе Перамогі, хто сваімі вачыма бачыў знакамітых палкаводцаў Вялікай Айчыннай вайны – Жукава, Конева, Маліноўскага, Ракасоўскага і іншых, былі і ўраджэнцы Вішоўскага сельскага Савета Міхаіл Данілавіч Гольманаў з вескі Сіпайлы і Георгій Мікалаевіч Стрыгоцкі з вескі Прыбар.
Кожны жыхар вёскі Сіпайлы добрым словам успамінае ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Гольманава Міхаіла Данілавіча. З ім цікава было пагутарыць і даросламу і малому.
Міхаіл Данілавіч – сціплая і неардынарная асоба. Аб сабе, аб ваенных гадах заўсёды расказваў мала. Урад Савецкага Саюза высока ацаніў яго заслугі перад Радзімай. За мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў барацьбе з фашыстамі, ён быў узнагароджаны ордэнам Славы і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За адвагу” і яшчэ 11урадавымі ўзнагародамі.
Страшэнную вестку аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз Міхаіл Гольманаў пачуў, будучы ва Ўкраіне. Там пасля паспяховага заканчэння вучобы ў Магілёўскім ФЗВ працаваў на абарончым заводзе, які спецыялізаваўся на вырабе выбуховых рэчываў.
-
Праз тыдзень, - упамінае Міхаіл Данілавіч, - фашысцкія сцярвятнікі абрушылі бомбавыя ўдары на два суседнія з нашым абарончыя заводы. Наша прадпрыемства эвакуіравалася ў Чэбаксары. Да месца прызначэння дабіраліся цэлы месяц.
За кароткі тэрмін завод аднавіў сваю дзейнасць. Працаваць рабочым даводзілася па 12 гадзін у суткі, бо фронту вельмі патрабавалася іх прадукцыя. Яны разумелі гэта і на цяжкасці не скардзіліся. І ўсе прасіліся на фронт – туды, дзе цяжэй, дзе ў баях куецца Перамога.
Міхаіл Данілавіч таксама рваўся на фронт, у дзеючую армію. Аднак у ваенным камісарыяце настойліва даводзілі юнаку:
-
Пакуль што ты патрэбны тут!
Нарэшце ў 1942 годзе мара Міхаіла Гольмана ажыццявілся: ён трапляе на Ленінградскі фронт.
…Аднойчы нечакана на пазіцыю пехацінцаў фашысты абрушылі шквал артылерыйскага агню. Ад выбухаў дыбілася і гарэла зямля, наваколле патанула ў чорных хмарах дыму і пылу. Міхаілу Гольману, па сутнасці, яшчэ не абстралянаму байцу, падалося, што ён знаходзіцца ў самым пекле.
Як толькі скончылася артпадрыхтоўка, на пазіцыі чырвонаармейцаў рушыў вораг. І так працягвалася некалькі дзён запар. Хоць і радзелі прыкметна шэрагі абаронцаў Радзімы, але яны з апошніх сіл стрымлівалі наступленне раз’юшаных гітлераўцаў.
Тут Міхаіл Данілавіч атрымаў першае раненне. Больш за месяц знаходзіўся ў шпіталі. “Падрамантавалі” медыкі байца, і Міхаіл Гольманаў апынуўся ў складзе асобнага 64-га гвардзейскага мінамётнага палка Карэльскага фронту. Стаў аўтамабілістам. Неўзабаве на яго машыне была ўстаноўлена славутая “кацюша”, якая на фашыстаў наводзіла сапраўдны жах.
За праяўленыя смеласць, кемлівасць хутка М.Д Гольманаў быў удастоены медаля “За адвагу”. Далей разам з палком ён удзельнічаў у вызваленні Запаляр’я.
… Зімой 1945 года полк, у якім адважна ваяваў наш зямляк, у поўным складзе быў накіраваны ў Маскву для замены тэхнікі.
-
Усе мы добра ведалі, - успамінае Міхаіл Данілавіч, - што вось-вось павінна была скончыцца гэта праклятая вайна. І, бадай, кожнаму з нас у гэтыя дні хацелася быць на фронце. Але замена нашай тэхнікі праводзілася няспешна, быццам знарок зацягвалася. І толькі пазней мы зразумелі – наш полк прымае ўдзел у Парадзе Перамогі.
Вось так пра доўгачаканую Перамогу і капітуляцыю гітлераўскай Германіі дачуўся ў Маскве.
Канешне, уражанні аб Парадзе жывуць у маім сэрцы ўвесь час. Яны – незабыўныя, шчаслівыя.
Пасля знакамітага парада на Чырвонай плошчы вайна для Міхаіла Гольмана прадоўжылася. Ён разам з палком удзельнічаў у разгроме Квантунскай арміі. У баях за горад Харбін Міхаіл Данілавіч быў цяжка паранены ў чарговы раз.
-
Напамінак пра японскую вайну,- гаворыць ветэран з вёскі Сіпайлы Міхаіл Данілавіч Гольманаў, - цяжкае раненне. Але галоўнае – я застаўся жыць. І гэта ёсць маё шчасце.
Вярнуўшыся з вайны, Міхаіл Данілавіч працаваў у калгасе “Заветы Леніна” механізатарам, брыгадзірам.
У 1995 годзе ветэран наведаў Маскву, дзе яму давялося удзельнічаць у яшчэ адным Парадзе Перамогі, прысвечаным 50-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.