У маі 1943 года ў 122-ім атрадзе “За Радзіму” было вырашана пачаць разгром навакольных нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. У выніку гэтай аперацыі немцы страцілі 12 нядрэнна ўмацаваных гарнізонаў, якія потым ужо не змаглі аднавіць. Такім чынам мы наблізіліся ўшчыльную да шашэйнай дарогі Мінск-Магілёў, блакіравалі гарнізоны, што засталіся.
За атрадам былі замацаваны вёскі Аксенькавічы, Ксаверава, Заполле, з прылеглымі населеннымі пунктамі Цяхцін, Сныткі, Малінаўка, Нікалаеўка, Рафалава. У атрадзе было ўжо 1500 байцоў, а таму яго перайменавалі ў партызанскі полк. З’явіліся і падраздяленні: тры батальёны, рота палкавой разведкі, гаспадарчы ўзвод.
Асабліва памятным быў бой у Нежкаўскай МТС. Справа ў тым, што тэрыторыю станцыі немцы ператварылі ў сваю дапаможную гаспадарку, сканцэнтравалі там вялікую колькасць жывёлы, звезлі шмат неабмалочанага збожжа і сельскагаспадарчай тэхнікі.
Аднойчы ў вёсцы Рафалава нехта з мясцовых жыхароў паведаміў, што бургамістр Нежкаўскага гарнізона Якаў Пахомаў шукае сувязі з партызанамі. Каб праверыць праўдзівасць гэтых чутак, у Нежкаў з пісьмом паслалі брата Пахомава – Паўла і партызана Міхаіла Суслава. У адказе бургамістр даў згоду супрацоўнічаць з партызанамі, а таксама паведаміў, што пісарам ў яго працуе камсамолка Дуся Яромчанка.
Так у нас з’явіліся новыя памочнікі. Якаў Якаўлевіч афармляў партызанам дакументы для ўезду ў Магілёў, разам з Дусяй вёў назіранні за рухам нямецкіх войск і тэхнікі па шашы Магілёў – Мінск. Яны ж дастаўлялі нам зброю і боепрыпасы.
У канцы верасня мы падрыхтаваліся да разгрому Нежкаўскага гарнізона. Паліцаі і немцы былі блакіраваны ў двухпавярховай будыніне. Але “выкурыць” іх адтуль не ўдалося: не было гармат. А нямецкую гаспадарку знішчылі. Што маглі, пераправілі ў атрад, астатняе спалілі.