ТЭРЫТОРЫЯ ВІШОЎСКАГА СЕЛЬСКАГА САВЕТА
БЯЛЫНІЦКАГА РАЁНА МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ
У ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ 1941-1945гг.



Вайна… Гэта жахлівае слова ўвайшло ў кожны дом 22 чэрвеня 1941 года.

У Бялыніцкім раёне адразу ж пачалася ваенна-мабілізацыйная работа. Для правядзення мабілізацыі ў максімальна кароткія срокі ў Бялынічах быў разгорнуты мабілізацыйны пункт. Па меры набліжэння фронту ён быў перанесены ў вёску Нежкаў.  З дабравольцаў, не падлягаючых прызыву ў Чырвоную Армію, быў створан атрад народнага апалчэння для барацьбы з дыверсантамі. Праводзілася экстраная эвакуацыя жывёлы, сельскагаспадарчай тэхнікі і прамысловага абсталявання мясцовых прадпрыемстваў.

Чырвоная Армія, якая вяла жорсткія абарончыя баі на прыступках да Магілёва, не змагла стрымаць націск ворага і к 9 ліпеня ўвесь Бялыніцкі раён быў акупіраваны.
Адразу ж немцы паўсюль устанавілі свае парадкі. Каб трымаць насельніцтва ў пастаянным страху, гітлераўцы выдалі шэраг загадаў, асноўны сэнс якіх – недапушчальнасць супраціўлення. Узаконенным пакараннем за любую праяву супраціўлення захопнікам з’яўлялася пакаранне смерцю. 

З першых дзён акупацыі і прыкладна да снежня 1941 года ў вёсцы Ермалавічы дзейнічаў перасыльны лагер для ваенна-палонных чырвонаармейцаў. Паўсюль ствараліся паліцэйскія гарнізоны. Рэгулярна праводзіліся карныя рэйды.
Многія вішоўцы былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію і змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах, многія пайшлі ў партызанскія атрады і мужна грамілі ворага ў тыле. На алтар Перамогі паклалі свае галовы больш за 70 жыхароў вёскі Вішоў і кожны 4 жыхар Вішоўскага сельскага Савета.
Вішоў быў вызвалены ў ходзе аперацыі “Баграціён” 29 чэрвеня 1944 года. Акупацыя Вішова працягвалась з 8 ліпеня 1941 года па 29 чэрвеня 1944 года.
З першых дзён акупацыі на тэрыторыі Беларусі паўсюль разгарнуўся партызанскі рух. Мужчыны і жанчыны, старыя і малыя – усе, хто мог трымаць у руках зброю, уліліся ў рады народных мсціўцаў. У партызаны ішлі цэлымі сем’ямі. Міхаіл і Іван Куляшовы, Іван і Васіль Галалобавы, а таксама ўсю акупацыю правяла ў партызанах сям’я старшыні Вішоўскага сельсавета, былога старшыні калгаса імя Калініна Пятра Аляксандравіча Боўдзілава.
На тэрыторыі Вішова дзейнічалі некалькі партызанскіх аб’яднанняў: палкі 600-ы, 122-гі “За Радзіму”, 121-ы імя Асмана Касаева, партызанскія брыгады “Чэкіст”, 760-я ім. Беразоўскага і іншыя.
Фарміраванне 600-га партызанскага атрада (са снежня 1943 – полк) пачалося з некалькіх байцоў, якія выбіраліся з акружэння. Да моманту аб’яднання с часцямі Чырвонай Арміі (гэта адбылося 30 чэрвеня 1944 года), 600 полк складаўся з 3-х батальёнаў агульнай колькасцю 1152 партызаны. 
122-гі партызанскі полк “За Радзіму” таксама складаўся з 3-х батальёнаў агульнай колькасцю 1133 партызаны. Пад яго кантролем знаходзілася каля 250 кв. кіламетраў тэрыторыі.
У першыя дні вайны, вырваўшыся з акружэння, група байцоў вырашыла весці барацьбу з фашысцкімі захопнікамі партызанскімі метадамі. Так, на тэрыторыі Бялыніцкага раёна быў створаны 121-ы партызанскі атрад пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Міхаіла Абрамава і камісара Асмана Касаева (у лістападзе 1943 года атрад ператвораны ў полк). Дапамогу партызанам аказвалі цэлыя вёскі – Барок, Вугольшчына, Сермяжанка – усе яны сталі партызанскімі.
Разгарнуўшы фронт у тыле ворага, займаючыся падрыўной і дыверсійнай дзейнасцю, партызанскія фарміраванні разам с часцямі Чырвонай Арміі крок за крокам набліжаліся да Вялікай Перамогі.

 
 
    Назад на главную